Лукашэнка заявіў, што ўласьнік групы «Вагнэр» Прыгожын ужо ў Беларусі

Уласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. у Растове. Скрыншот з відэазапісу, распаўсюджанага прэсавай службай 24 чэрвеня 2023
Уласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. у Растове. Скрыншот з відэазапісу, распаўсюджанага прэсавай службай 24 чэрвеня 2023

Уласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын ужо ў Беларусі. 

Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў знаходжаньне ўласьніка прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў Беларусі.

«Гарантыі бясьпекі, як ён (Пуцін) учора паабяцаў, былі забясьпечаныя. Я бачу, Прыгожын лятае ўжо на гэтым самалёце. Так, сапраўды, ён сёньня ў Беларусі. Як я і абяцаў, калі вы хочаце нейкі час у нас перакантавацца і іншае, мы вам дапаможам. Натуральна, за іхны кошт», — працытавала інфармацыйнае агенцтва БелТА словы Лукашэнкі.

Пры гэтым Лукашэнка расказаў, што найміты «Вагнэра» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі. Заява прагучала падчас сустрэчы Лукашэнкі зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным.

«Калі іх камандзіры прыедуць да нас і дапамогуць нам... Досьвед. Слухай, яны на перадавой — штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што зараз важна. Вось мне Пуцін апошнім разам сказаў: контрабатарэйная барацьба, бяз гэтага немагчыма. Бесьпілётнікі. Яны праз гэта прайшлі. Яны раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраеньне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта неацэнна. Вось гэта нам ад вагнэраўцаў трэба ўзяць», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным. Яго цытуе БелТА.

27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў суботу прывёў беларускія войскі ў поўную боегатоўнасьць.

«Цэлая брыгада гатовая была да перакіданьня ў Расейскую Фэдэрацыю пры неабходнасьці», — сказаў Лукашэнка.

Ва ўчорашнім звароце Ўладзімір Пуцін дапусьціў магчымасьць усім вагнэраўцам, якія таго пажадаюць, адправіцца ў Беларусь.

26 чэрвеня, пасьля амаль двух дзён маўчаньня, прэс-служба Прыгожына апублікавала яго новы зварот. У ім Прыгожын заявіў, што «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». Ён нічога не сказаў пра сваю будучыню і будучыню ПВК «Вагнэр», а таксама не прывёў дэталяў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Напярэдадні ўвечары прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой прапанаваў наймітам ПВК «Вагнэр» паступіць на службу ў Міністэрства абароны Расеі або «пайсьці ў Беларусь».

​
XS
SM
MD
LG