Паведамляецца, што прысутныя ў цэнтры горада жыхары вітаюць наймітаў захопленымі крыкамі. Зьехаў і танк Т-90, які раніцай у суботу затрымаўся ў варотах мясцовага цырка.
Найміты пачалі пакідаць Растоў пасьля таго, як іх кіраўнік Яўгеній Прыгожын аб’явіў аб завяршэньні так званага «маршу справядлівасьці» і сыходзе ў палявыя лягеры. Ён не паведаміў падрабязнасьці дамоўленасьці, якая, мяркуючы па ўсім, была заключана з уладамі. Афіцыйна расейскія ўлады пра яе таксама не паведамлялі, пра яе наяўнасьць заявіла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Тэлеграм-каналы са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, пішуць пра тое, што крымінальная справа па абвінавачаньні ў мяцяжы, якая была ўзбуджаная супраць Прыгожына, можа быць закрытая.
Крымінальная справа ў дачыненні да Прыгожына будзе спынена, ён «сыдзе ў Беларусь», заявіў прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў, паведамляе Медуза.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі дадаў, што яму невядома, чым Прыгожын будзе займацца пасьля гэтага.
Улады Расеі не будуць перасьледваць тых байцоў ПВК, якія прынялі ўдзел у мяцяжы, улічваючы іх франтавыя заслугі, дадаў Пяскоў.