Пуцін: «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі»

Уладзімір Пуцін падчас тэлезвароту. 24  чэрвеня 2023 г.
Уладзімір Пуцін падчас тэлезвароту. 24 чэрвеня 2023 г.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню адрэагаваў на падзеі ў Растове а 10-й раніцы 24 чэрвеня. Ён заявіў, што ў Расеі спрабуюць арганізаваць узброены мяцеж.

Уладзімір Пуцін зьвярнуўся да грамадзян РФ, расейскіх вайскоўцаў, праваахоўнікаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў, а таксама тых, «каго падманам ці пагрозамі ўцягнулі ў злачынную авантуру, штурхнулі на шлях цяжкога злачынства — узброенага мяцяжу».

Дзеяньні ПВК «Вагнэр» ён назваў «ударам у сьпіну» і параўнаў сытуацыю з кастрычнікам 1917 году, назваў яе «здрадай», а таксама заявіў, што мяцежнікі «панясуць немінучае пакараньне». Паводле Пуціна, узброеныя сілы РФ і іншыя дзяржаўныя органы атрымалі неабходныя загады.

«Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі. Дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі», — заявіў Пуцін.

Варта адзначыць, што ў звароце ён ні разу не назваў Прыгожына, арганізатараў мяцяжу ён згадаў двойчы, і абодва разы безасабова.

У звароце Пуцін прызнаў, што ў Растове-на-Доне практычна заблякаваная праца органаў цывільнага і вайсковага кіраваньня. «Будуць зробленыя рашучыя дзеяньні для стабілізацыі сытуацыі ў Растове-на-Доне. Яна застаецца складанай», — сказаў Пуцін.

Яўгеній Прыгожын адрэагаваў на зварот Уладзіміра Пуціна, у якім той назваў ПВК «Вагнэр» «здраднікамі радзімы», заявіўшы: «Мы — патрыёты, а тыя, хто нам сёньня супрацьстаіць, сабраліся вакол падонкаў». Таксама ён падкрэсьліў, што «ніхто не зьбіраецца на патрабаваньне прэзыдэнта, ФСБ ці яшчэ каго-небудзь прыйсьці з пакаяньнем».

​
XS
SM
MD
LG