Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгожын абвінаваціў міністэрства абароны РФ ва ўдарах па ПВК «Вагнэр» і заявіў, што ідзе помсьціць. ФСБ завяла крымінальную справу

абноўлена
Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын у пятніцу абвінаваціў міністэрства абароны Расеі ў нанясеньні ракетных удараў па тылавых лягерах яго вайсковай кампаніі.

Паводле бізнэсмэна, у шэрагах яго ПВК шмат ахвяраў. Прыгожын не ўдакладніў, куды менавіта былі ўдары.

Увечары ў пятніцу на каналах Прыгожына зьявіўся аўдыёзварот «ад рады камандзіраў ПВК „Вагнэр“». У ім нехта голасам, падобным да голасу Прыгожына, заяўляе, што ПВК мае намер спыніць «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны». Прыгожын просіць «нікога не аказваць супраціву» і абяцае «зьнішчаць любыя блёк-пасты, якія паўсталі на нашым шляху, і любую авіяцыю». Вярнуць ПВК «Вагнэр» на ўкраінскі фронт ён абяцае пасьля «аднаўленьня справядлівасьці».

Прыгожын удакладніў, што ў яго распараджэньні 25 тысяч байцоў, і заклікаў далучацца да іх усіх ахвочых расейцаў, у тым ліку вайскоўцаў рэгулярнай арміі. Таксама Прыгожын заявіў, што атрымлівае шмат зваротаў ад расейскіх вайскоўцаў з падтрымкай ягоных дзеяньняў.

Акрамя таго, Прыгожын паведаміў, што ў пятніцу міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу нібыта быў у Растове-на Доне і ўцёк адтуль, каб не даваць яму тлумачэньняў.

Паводле расейскага выданьня «Медуза» і рэгіянальных расейскіх СМІ, на вуліцах Растова-на-Доне зьявілася бронетэхніка:

Раней ТАСС з спасылкай на прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова піша, што «Пуцін паінфармаваны аб сытуацыі вакол Прыгожына, прымаюцца ўсе патрэбныя меры».

ФСБ завяла крымінальную справу супраць Яўгенія Прыгожына паводле артыкулу 279 Крымінальнага кодэксу РФ аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу, паведамляе расейская генэральная пракуратура. «Яго дзеяньням будзе дадзена належная праўнаая ацэнка», заявілі ў ведамстве. «За гэтае злачынства прадугледжана пакараньне пазбаўленьнем волі ад 12 да 20 гадоў». У паведамленьні пракуратуры гаворыцца, што ФСБ распачало справу «законна і абгрунтавана» (такіх фармуляваньняў звычайна няма ў афіцыйных паведамленьнях).

Праўладным расейскім СМІ забаранілі публікаваць заявы Прыгожына. Таксама паведамляюць аб закрыцьці «мяжы» паміж РФ і так званай «ДНР».

«У Маскве ўзмоцненыя меры бясьпекі, пад узмоцненую ахову ўзятыя ўсе найважнейшыя аб’екты, органы дзяржаўнай улады і абʼекты транспартнай інфраструктуры», — паведамляе ТАСС.

Паводле суразмоўцы агенцтва ў праваахоўных органах, па трывозе паднятыя падразьдзелы АМАП і САХР «Расгвардыі».

Мінісэрства абароны Расеі заявіла, што ўсе паведамленьні і відэакадры аб нанясеньні ўдару расейскімі вайскоўцамі па тылавых лягерах ПВК «Вагнэр», якія пашыраюцца ў сацыяльных сетках ад імя Прыгожына, не адпавядаюць рэчаіснасці і зьяўляюцца інфармацыйнай правакацыяй.

  • Адкрыты канфлікт Яўгенія Прыгожына зь міністэрствам абароны Расеі доўжыцца некалькі месяцаў. На фоне баёў за Бахмут Прыгожын ня раз публікаваў відэаролікі з рэзкай крытыкай міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і кіраўніка генэральнага штабу Валерыя Герасімава.
  • Прыгожын абвінавачваў іх у недахопе боепрыпасаў, здачы «расейскай зямлі» і абяцаў, што будзе разьбірацца зь імі, пакуль «гэтых пэрсанажаў не дагоніць адплата». Міністэрства такіх заяваў звычайна не камэнтуе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG