«Спрыяльныя ўмовы для зьнішчэньня дыктатуры імкліва набліжаюцца, — заявіў у відэазвароце камандзір палка Дзяніс „Кіт“ Прохараў. — Гэта пачатак канца вялікай тыраніі. Я зьвяртаюся да ўсіх беларускіх вайскоўцаў: не ўдзельнічайце ва ўнутраным канфлікце Расеі. Гэта грамадзянская вайна нас не тычыцца».
Зьвяртаючыся да вайскоўцаў, ён адзначыў, што набліжаецца час, калі перад імі «паўстане выбар: выканаць злачынны загад ці прысягу, якую вы далі на вернасьць беларускаму народу».
«Мы маем на тэрыторыі Беларусі вялізны рэзэрв, які ўключае дзейных вайскоўцаў, вайскоўцаў запасу і проста грамадзян, якія гатовыя дзейнічаць і вызваляць Беларусь ад дыктатуры і акупацыі, — сказаў Прохараў. — Нам будуць патрэбныя людзі для рашучых дзеяньняў. Рыхтуйцеся да ўступу ў атрады самаабароны. Кожны горад, квартал, вуліца. Будзьце гатовыя да кантролю сваёй тэрыторыі і падтрымкі парадку. Вайскоўцы, рэзэрвісты, беларусы, чакайце нашага сыгналу. Час свабоды набліжаецца».
- Да беларусаў 24 чэрвеня з заявамі зьвярнуліся таксама Сьвятлана Ціханоўская, якая заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі , Валер Сахашчык, які заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец». Аб'яднаны пераходны кабінэт, які заявіў, што «дэнансуе палітычныя і вайсковыя дамовы з Расеяй» і абвяшчае аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
Апазыцыйны палітык Зянон Пазьняк таксама зьвярнуўся да беларусаў з нагоды падзеяў у Расеі. Ён адзначыў, што беларусы мусяць быць гатовыя ўзяць уладу ў свае рукі ў выпадку, калі «зваліцца Пуцін і Лукашэнка». Таксама палітык кажа пра магчымасьць у такім выпадку стварыць самакіраваньне і даць праход у Беларусь палку Каліноўскага і «астатніх вайсковых сілаў».