Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы не зьяўляюцца пагрозай для Беларусі, а іхны кіраўнік Прыгожын знаходзіцца ў Расеі

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Датычна Яўгенія Прыгожына, ён знаходзіцца ў Піцеры. Дзе ён сёньня раніцай? Можа, з раніцы ў Маскву паехаў», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра адсутнасьць у Беларусі ўласьніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына.

«Датычна Яўгенія Прыгожына, ён знаходзіцца ў Піцеры. Дзе ён сёньня раніцай? Можа, з раніцы ў Маскву паехаў», — працытавала дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку, які 6 ліпеня сустракаецца з замежнымі і беларускімі журналістамі.

Паводле яго, вагнэраўцы знаходзяцца ў сваіх лягерах.

«Наколькі я на сёньняшнюю раніцу інфармаваны, байцы ПВК „Вагнэр“ знаходзяцца ў сваіх лягерах. У сталых лягерах, дзе яны знаходзіліся пасьля вываду з фронту на аднаўленьне», — патлумачыў ён.

Як паведаміла агенцтва, Аляксандар Лукашэнка «ня бачыць рызыкаў для Беларусі, калі байцы ПВК „Вагнэр“ будуць разьмяшчацца ў краіне».

«Мяне абсалютна не хвалюе і не турбуе, што ў нас будзе разьмешчана пэўная колькасьць гэтых байцоў. Больш за тое, яны будуць разьмешчаныя пад пэўныя ўмовы. Галоўная ўмова: калі нам трэба будзе задзейнічаць гэтае падразьдзяленьне для абароны дзяржавы, яно будзе задзейнічанае імгненна. І іх досьвед будзе запатрабаваны», — заявіў Лукашэнка.

На пытаньне, ці дазволіць ён вагнэраўцам напасьці на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, Лукашэнка адказаў:

«Мы ніколі ні на кога не нападалі. І з нашай тэрыторыі ніхто нападаць не зьбіраецца».

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.

​
XS
SM
MD
LG