Спэцыяльныя службы Расеі вярнулі ўласьніку прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенію Прыгожыну ўсю зброю, сканфіскаваную ў часе ператрусу ў ягоным будынку.
Як паведаміла выданьне fontanka.ru, Яўгенію Прыгожыну вярнулі пісталет Glock. Яго той атрымаў у якасьці ўзнагароды ад міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу.
Паводле зьвестак выданьня, Яўгеній Прыгожын прыехаў да будынку Ўпраўленьня ФСБ па Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці на Ліцейным праспэкце на аўтамабілі BMW у складзе картэжу на пачатку пятай гадзіны вечара 4 ліпеня.
«За некалькі гадзін да гэтага Прыгожына афіцыйна запрасілі для вяртаньня яму зброі, знойдзенай у часе вядомых ператрусаў 24 чэрвеня і сканфіскаванай у ягонай загараднай рэзыдэнцыі ў элітным катэджным пасёлку „Паўночны Вэрсаль“», — паведаміла расейскае выданьне.
Раней паведамлялася, што 27 чэрвеня на вайсковы аэрадром Мачулішчы прылятаў самалёт Яўгенія Прыгожына. Праз 18 хвілін там жа прызямліўся яшчэ адзін бізнэс-джэт, які зьвязваюць з уласьнікам ПВК «Вагнэр».
26 чэрвеня, пасьля амаль двух дзён маўчаньня, прэс-служба Прыгожына апублікавала новы ягоны зварот. У ім Прыгожын заявіў, што «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». Ён нічога не сказаў пра сваю будучыню і будучыню ПВК «Вагнэр», а таксама не прывёў дэталяў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.
Перад гэтым прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой прапанаваў наймітам ПВК «Вагнэр» паступіць на службу ў Міністэрства абароны Расеі або «пайсьці ў Беларусь».
Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году на загад Лукашэнкі ў адным зь беларускіх санаторыяў арыштавалі 33 наймітаў «Вагнэра». Па словах прапагандыстаў і самога Лукашэнкі, яны нібыта плянавалі беспарадкі і ўмяшаньне ў выбары. Затым, аднак, усіх вагнэраўцаў адпусьцілі без выстаўленьня абвінавачаньняў.