ПВК «Вагнэр» заявіла, што часова прыпыняе набор у сувязі зь пераездам у Беларусь

Сьцягі Расеі і ПВК «Вагнэр»

Адзін з тэлеграм-каналаў, зьвязаных з кіраўніком ПВК «Вагнэр», паведаміў, што праца рэгіянальных цэнтраў кампаніі ў Расеі прыпыняецца ў сувязі зь пераездам у Беларусь.

Таксама сьцьвярджаецца, што гэтая ПВК толькі часова прыпыніла свой удзел у вайне ва Ўкраіне.

«У сувязі з часовым няўдзелам ПВК „Вагнэр“ у спэцыяльнай ваеннай апэрацыі і пераездам у Рэспубліку Беларусь мы часова прыпыняем працу рэгіянальных цэнтраў па наборы ў ПВК „Вагнэр“ тэрмінам на адзін месяц», — сьцьвярджаецца ў абвестцы.

Усім ахвочым уладкавацца ў ПВК на працу прапануецца зьвяртацца па тэлефоне ў кол-цэнтар або праз Telegram.

Ці сапраўды вагнэраўцы пераедуць у Беларусь і ў якой колькасьці, пакуль дакладна не вядома.

30 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падчас свайго выступу, прымеркаванага да Дня Незалежнасьці заклікаў не хвалявацца наконт прыезду вагнэраўцаў у Беларусь:

«Цяпер (не зь Беларусі) раздзьмулі і разьдзімаюць гэтую праблему ПВК „Вагнер“... Ды супакойцеся. Калі б можна было іх запрасіць сюды (за іхны кошт), гэта для нашага войска добра. Гэта самыя падрыхтаваныя людзі. Кажуць: „Там вязьні“. Паслухайце, усе вайскоўцы, якія там былі асуджаныя, яны ўжо загінулі, на жаль. І яшчэ адзін нюанс, які яны ня хочуць тлумачыць: асуджаныя вызваляліся зь месцаў пазбаўленьня волі ў Расеі толькі для расейскага фронту. Ніводзін чалавек за мяжу не выяжджае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейская прапаганда абвяргае заявы Лукашэнкі пра яго перамовы з Прыгожыным

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкі