Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская прапаганда абвяргае заявы Лукашэнкі пра яго перамовы з Прыгожыным

Фотакаляж. Аляксандар Лукашэнка, Яўгеній Прыгожын
Фотакаляж. Аляксандар Лукашэнка, Яўгеній Прыгожын

У праграме «Вести недели» з Дзьмітрыем Кісялёвым на тэлеканале «Россия 1» агучылі вэрсію перамоваў з кіраўніком ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным.

Вэрсія расейскай тэлевізіі цалкам супярэчыць прадстаўленай раней Аляксандрам Лукашэнкам. Нарэзку з фрагмэнтаў праграмы апублікаваў журналіст Ільля Шапелін.

Паводле вядучага праграмы, Прыгожын на званкі Лукашэнка адказваць не хацеў і ўзяў слухаўку толькі пасьля «папераджальных удараў» побач з калёнай вагнэраўцаў.

«У Прыгожына зьнесла дах ад вялікіх грошай, адчуваньня ўсёдазволенасьці, што ўзьнікла ўжо даўно — з часоў апэрацый у Сырыі, Афрыцы, — а ўмацавалася пасьля ўзяцьця Салядара і Арцёмаўска. Яму падалося, што ён можа супрацьпаставіць сябе і Міністэрству абароны, і самой дзяржаве, і асабіста прэзыдэнту», — заявіў Кісялёў.

Паводле яго слоў, Прыгожын сам запытаў размову з Пуціным, але той «са здраднікам размаўляць адмовіўся».

«У гэты момант ініцыятыву праявіў лідэр Беларусі Лукашэнка. Паволе ўзгадненьня з Пуціным ён спрабаваў датэлефанавацца да Прыгожына, але той на званкі Лукашэнкі адказваць не хацеў. Тады ў паветра паднялася штурмавая і франтавая авіяцыя і стала наносіць папераджальныя бомбавыя ўдары, пакуль не па калёне, але побач. Тыпу, алё, Яўген Віктаравіч, вазьміце трубачку, калі ласка. Так Лукашэнка і датэлефанаваўся», — такую вэрсію прывёў Кісялёў.

«Ясна, што прапанова была ўзгодненая з Пуціным. І дзеля таго, каб пазьбегнуць вялікага кровапраліцьця, крымінальную справу аб узброеным мецяжы, якая да таго часу ўжо была заведзеная — па ёй да 20 гадоў — было абяцана спыніць. Але Прыгожын павінен сысьці ў Беларусь — на гэтых умовах прэзыдэнт Расеі памілаваў яго», — патлумачыў Кісялёў.

Паводле вэрсіі Лукашэнкі, Пуцін сьцвярджаў, што званіць Прыгожыну марна і той не бярэ слухаўку. Лукашэнка расказваў, што да сярэдзіны дня былі ўстаноўленыя «цэлыя тры каналы, па якіх можна «размаўляць з Растовам», а ў самой арганізацыі перамоваў удзельнічаў намесьнік міністра абароны РФ Юнус-Бек Еўкураў і дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Прыгожын падчас размовы нібыта быў у эўфарыі.

Вось як пра гэта расказваў сам Лукашэнка 27 чэрвеня. Паводле кіраўніка Беларусі, ён прапанаваў Пуціну не забіваць Прыгожына, а пачаць зь ім перамовы. Паводле слоў Лукашэнкі, яго падштурхнула да гэтага рэакцыя расейскіх палітыкаў, якія нібыта «сядзелі пад венікам», а калі ўсё скончылася, запатрабавалі жорсткай рэакцыі:

«Падштурхнула мяне да гэтага якраз тое, што ў СМІ, асабліва Расеі... Калі разгортвалася, як прэзыдэнт Пуцін назваў яе, гэтая смута ў Расеі, неяк усе пад венікам сядзелі. Мацьвіенка выявілася мужнай, Валодзін, патрыярх, пара чалавек — і ўсё. А пасьля бойкі рукамі мы ўмеем махаць, ох як умеем, і раіць: „Мачыць, мачыць і мачыць“. Слухайце, ну ёсьць каго мачыць, асабліва ведаеце дзе. Ёсьць каго саджаць там, дзе гэта трэба», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка сказаў, што прапанаваў Пуціну не «мачыць» Прыгожына, а пачаць перамовы:

«Задаў (Пуціну) некалькі пытаньняў, у тым ліку і пра супрацьдзеяньне гэтаму, і зразумеў, што сытуацыя складаная... Я таксама зразумеў: прынятае жорсткае рашэньне (яно і прагучала падтэкстам у выступе Пуціна) — мачыць. Я прапанаваў Пуціну не сьпяшацца. Давай, кажу, пагаворым з Прыгожыным, з камандзірамі яго. На што ён мне сказаў: „Слухай, Саша, бескарысна. Ён нават трубку не бярэ, ні з кім размаўляць не жадае“.

Кажу: „Як зь ім зьвязацца? Дай тэлефон“. Ён кажа: „Хутчэй за ўсё, у ФСБ ёсьць тэлефон“. Мы ўдакладнілі. Устанавілі да сярэдзіны дня цэлыя тры каналы, па якіх мы можам размаўляць з Растовам“, — заявіў Лукашэнка.

Праверыць гэтыя заявы немагчыма. На крымінальным жаргоне слова «мачыць», сярод іншага, азначае «забіваць».

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG