Аляксандар Лукашэнка 27 чэрвеня на нарадзе ў Менску выклаў сваё бачаньне збройнага мяцяжу ў Расеі, яго цытуе БелТА.
Паводле слоў Лукашэнкі, яго падштурхнула да гэтага рэакцыя расейскіх палітыкаў, якія нібыта «сядзелі пад венікам», а калі ўсё скончылася, запатрабавалі жорсткай рэакцыі:
«Падштурхнула мяне да гэтага якраз тое, што ў СМІ, асабліва Расеі... Калі разгортвалася, як прэзыдэнт Пуцін назваў яе, гэтая смута ў Расеі, неяк усе пад венікам сядзелі. Мацьвіенка выявілася мужнай, Валодзін, патрыярх, пара чалавек — і ўсё. А пасьля бойкі рукамі мы ўмеем махаць, ох як умеем, і раіць: „Мачыць, мачыць і мачыць“. Слухайце, ну ёсьць каго мачыць, асабліва ведаеце дзе. Ёсьць каго саджаць там, дзе гэта трэба», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка сказаў, што прапанаваў Пуціну не «мачыць» Прыгожына, а пачаць перамовы:
«Задаў (Пуціну) некалькі пытаньняў, у тым ліку і пра супрацьдзеяньне гэтаму, і зразумеў, што сытуацыя складаная... Я таксама зразумеў: прынятае жорсткае рашэньне (яно і прагучала падтэкстам у выступе Пуціна) — мачыць. Я прапанаваў Пуціну не сьпяшацца. Давай, кажу, пагаворым з Прыгожыным, з камандзірамі яго. На што ён мне сказаў: „Слухай, Саша, бескарысна. Ён нават трубку не бярэ, ні з кім размаўляць не жадае“.
Кажу: „Як зь ім зьвязацца? Дай тэлефон“. Ён кажа: „Хутчэй за ўсё, у ФСБ ёсьць тэлефон“. Мы ўдакладнілі. Устанавілі да сярэдзіны дня цэлыя тры каналы, па якіх мы можам размаўляць з Растовам“, — заявіў Лукашэнка.
27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў суботу прывёў беларускія войскі ў поўную боегатоўнасьць.
«Цэлая брыгада гатовая была да перакіданьня ў Расейскую Фэдэрацыю пры неабходнасьці», — сказаў Лукашэнка.
Праверыць гэтыя заявы немагчыма. На крымінальным жаргоне слова «мачыць», сярод іншага, азначае «забіваць».
26 чэрвеня прэс-служба Прыгожына апублікавала яго зварот, у якім Прыгожын заявіў, што «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». Пра сваю будучыню і будучыню ПВК «Вагнэр» ён нічога не сказаў, а таксама не прывёў дэталяў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.
Напярэдадні ўвечары прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой прапанаваў наймітам ПВК «Вагнэр» паступіць на службу ў Міністэрства абароны Расеі або «пайсьці ў Беларусь».