Эўрапейская камісія занепакоеная сытуацыяй з Астравецкай АЭС

Kамісарка Эўрапейскай камісіі ў справах энэргетыкі Кадры Сімсан

З адмысловай заявай аб сытуацыі з Астравецкай атамнай электрастанцыяй выступіла камісарка Эўрапейскай камісіі ў справах энэргетыкі Кадры Сімсан.

У заяве камісаркі Сімсан сказана:

«Бясьпека АЭС — гэта тэма, за якой вельмі ўважліва сочаць Камісія, дзяржавы-ўдзельніцы і грамадзкасьць ЭЗ. Сытуацыя ў Астраўцы выклікае павышаную занепакоенасьць у ЭЗ.

Варта шкадаваньня, што Беларусь прыняла рашэньне пачаць камэрцыйную эксплюатацыю Астравецкай АЭС без уліку ўсіх рэкамэндацый па бясьпецы, якія ёсьць у справаздачы ЭЗ аб стрэс-тэстах за 2018 год. Як ужо неаднаразова заяўляла Камісія, усе рэкамэндацыі экспэртнай ацэнкі павінны быць неадкладна выкананыя Беларусьсю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка: «Трэба будзе — пабудуем і другую АЭС»

Камісія паўтарае, што, хоць рашэньне аб камэрцыйным ліцэнзаваньні Астравецкай АЭС прымаюць пад сваю адказнасьць нацыянальныя ўлады пад наглядам нацыянальнага рэгулятара, неабходна гарантаваць максымальную бясьпеку працы станцыі. Гэта яшчэ больш важна, улічваючы яе блізкасьць да мяжы ЭЗ і да сталіцы Літвы Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літоўскі ядзерны рэгулятар настойвае на прыпыненьні БелАЭС, ня лічыць яе бясьпечнай

Эўрапейская камісія нагадвае пра важнасьць як мага хутчэйшага і поўнага разгляду ўсіх рэкамэндацый экспэртнай праверкі, улучна з тымі пытаньнямі, якія не былі разгледжаныя на першым этапе. Эўрапейская камісія настойвае на тым, каб Беларусь працягвала займацца пытаньнямі ядзернай бясьпекі Астраўца ў поўнай празрыстасьці, у тым ліку шляхам завяршэньня экспэртнай праверкі Астравецкай АЭС прадстаўнікамі Эўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бясьпекі (ENSREG)».

  • АЭС у Астраўцы запрацавала 7 лістапада 2020 году, тады ж Лукашэнка назваў Беларусь «ядзернай дзяржавай». З таго часу АЭС неаднаразова спынялася. Праўда, першы энэргаблёк знаходзіўся на этапе досьледна-прамысловай эксплюатацыі. 19 красавіка 2021 году на БелАЭС даставілі ядзернае паліва для другога энэргаблёку, які плянуюць запусьціць у першым паўгодзьдзі 2022 году.
  • Суседнія краіны, найперш Літва і Латвія, выказваюць заклапочанасьць адносна дзейнасьці БелАЭС, ня лічачы, што станцыя бясьпечная.