Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі ядзерны рэгулятар настойвае на прыпыненьні БелАЭС, ня лічыць яе бясьпечнай


Вучэньні ў Літве на выпадак аварыі на БелАЭС, архіўнае фота
Вучэньні ў Літве на выпадак аварыі на БелАЭС, архіўнае фота

Дзяржаўная інспэкцыя бясьпекі ядзернай энэргетыкі Літвы настойвае на прыпыненьні працы Беларускай АЭС, нягледзячы на выдадзеную напярэдадні ліцэнзію на прамысловую эксплюатацыю першага энэргаблёку.

«2 чэрвеня Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі выдала ліцэнзію на пачатак прамысловай эксплюатацыі энэргаблёка № 1 БелАЭС, — паведамляе літоўскі ядзерны рэгулятар. — Факт выдачы ліцэнзіі не мяняе нашай пазыцыі: найперш неабходна вырашыць праблемы ядзернай бясьпекі».

Інспэкцыя так і не атрымала «адэкватных адказаў» на свае пытаньні, зьвязаныя з выбарам і ацэнкай пляцоўкі будаўніцтва, сэйсмічнай устойлівасьцю праекту БелАЭС, устойлівасьцю перад аварыямі вялікіх камэрцыйных самалётаў, выкананьнем большасьці рэкамэндацый па выніках стрэс-тэстаў і ацэнкай пажарнай рызыкі.

«Беларускія органы, нягледзячы на пастаянныя заклікі спыніць пуск і эксплюатацыю першага энергаблёку, вырашыць пытаньні ядзернай бясьпекі, засяродзіліся на выкананьні графіка запуску, а не на рэалізацыі прынцыпу „бясьпека перш за ўсё“. Такая слабая пазыцыя ў дачыненні да ядзернай бясьпекі недапушчальная», - заявіў дырэктар Дзяржаўнай інспэкцыі ў бясьпецы ядзернай энэргетыкі Літвы Міхаіл Дземчанка.

Міністар энергетыкі Дайнюс Крэйвіс заявіў, што пасьля рашэньня беларускага рэгулятара выдаць ліцэнзію на камэрцыйную эксплюатацыю астравецкай АЭС у Літве пачнуць дзейнічаць дадатковыя захады для таго, каб забясьпечыць выкананьне патрабаваньняў «антыастравецкага закону».

«Наша мэта — выбудаваць дзяржаўны сувэрэнітэт у галіне кіраваньня электраэнэргетычнай сыстэмай такім чынам, каб лініі электраперадачы зь Беларусі не выкарыстоўваліся для камэрцыйных патокаў электраэнэргіі ў Літву», — цытуе чыноўніка сайт літоўскага энэргетычнага ведамства.

2 чэрвеня калегія Міністэрства надзвычайных сытуацый дапоўніла ліцэнзію прадпрыемства «Беларуская АЭС» на вядзеньне дзейнасьці ў галіне выкарыстаньня атамнай энэргіі правам прыступіць да прамысловай эксплюатацыі першага энергаблёку. Да пачатку прамысловай эксплюатацыі яго павінна прыняць ўрадавая камісія.

Літва, якая раней была найбуйнейшым пакупніком электраэнэргіі зь Беларусі, летась у лістападзе на падставе «антыастравецкага» закону заблякавала магчымасьць камэрцыйных паставак беларускай электрычнасьці ў сувязі з энэргетычным пускам БелАЭС.

У Вільні перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG