Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Астравеччына выцягнула шчасьлівы білет». «Азёрны край сапсавалі». Што казалі на слуханьнях пра БелАЭС


Падчас грамадзкіх слуханьняў на пункце доступу ў Менску

«Дэфіцыту бясьпекі на БелАЭС няма». Гэта спрабавалі давесьці шматлікія дакладчыкі зь дзяржаўнага Атамнагляду на грамадзкіх слуханьнях перад выдачай ліцэнзіі на эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС.

Падчас слуханьняў далі магчымасьць каротка выступіць і неабыякавым грамадзянам. Аднак іх прапановы і заўвагі на прыняцьце канчатковага рашэньня не ўплывалі.

Ліцэнзію кіраўніцтва БелАЭС спадзяецца атрымаць да 9 траўня.

Грамадзкія слуханьні прайшлі дыстанцыйна. Кіраўніцтва БелАЭС і дакладчыкі зь Дзяржатамнагляду былі ў Астраўцы. А ў сталіцы і абласных цэнтрах арганізавалі пункты доступу. Каб туды трапіць, трэба было загадзя атрымаць дазвол. Нельга было карыстацца кампутарамі, тэлефонамі і дыктафонамі.

На выступы грамадзянам давалі 4 хвіліны.

У Менску на слуханьні зарэгістраваліся 7 чалавек. Яшчэ прыйшлі з тры дзясяткі студэнтаў і прадстаўнікоў МНС
У Менску на слуханьні зарэгістраваліся 7 чалавек. Яшчэ прыйшлі з тры дзясяткі студэнтаў і прадстаўнікоў МНС

«Забараняльных фактараў ня выяўлена»

Дзясятак высокапастаўленых чыноўнікаў Дзяржатамнагляду выступілі са справаздачамі. Яны зноў казалі, што

  • БелАЭС можа вытрымаць падзеньне самалёта вагой да 5,6 тоны, які ляціць з хуткасьцю да 100 км/г,
  • над АЭС — беспалётная зона,
  • улічылі землятрус да 7 балаў, аднак яны ў Беларусі адбываюцца раз на 10 тысяч гадоў,
  • АЭС не затопіць, бо яна вышэй за раку Вяльлю на 51 мэтар.

Гэтыя факты чыноўнікі прыводзілі і раней.

Такім чынам, як падсумавала начальнік Дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС Вольга Лугоўская,

  • усе ўзроўні бясьпекі першага блёку БелАЭС адпавядаюць заканадаўству,
  • забараняльных фактараў ня выяўлена,
  • абсталяваньне, пэрсанал і кіраўніцтва цалкам гатовыя да пуску першага блёку,
  • рашэньне на выдачу ліцэнзіі ўжо падтрыхтаванае.

«Астравеччына выцягнула шчасьлівы білет»

Пасьля дакладчыкаў адной зь першых узяла слова дэпутатка мясцовага Савету Ірына Тальчук, перасяленка з Хойнікаў.

«Я жыву на Астравеччыне 31 год — перасялілася з Хойніцкага раёну. У мяне лёс такі — жыць каля рэактара. Ніколі не было страху, што будуецца новая станцыя. Астравеччына выцягнула шчасьлівы білет: для нас гэта крута, у нас сучасны шпіталь, бездатацыйны бюджэт, працоўныя месцы», — сказала Ірына Тальчук.

«Мы ні на што паўплываць ня можам»

Эколяг, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій зьвярнула ўвагу, што слуханьні праводзяцца ў рэжыме інфармаваньня.

«Мы ні на што паўплываць ня можам, нашы крытычныя заўвагі ня будуць улічаныя», — адзначыла яна. На думку Сухій, такі фармат супярэчыць Орхускай канвэнцыі, у якую ўваходзіць Беларусь.

«Калі б станцыя была бясьпечнай, нам ня трэба было б зьбірацца»

Расейскі эколяг і ядзерны фізык Андрэй Ажароўскі прыехаў на слуханьні з Масквы. У 2012 годзе яго арыштавалі ў Астраўцы на 7 сутак і дэпартавалі з забаронай вяртацца 10 гадоў. Пазьней тэрмін на 2 гады скарацілі.

«Атамны рэактар адносіцца да небясьпечнага аб’екту. Калі б станцыя была бясьпечнай, нам ня трэба было б зьбірацца. Атамны рэактар — радыяцыйна небясьпечны аб’ект Вось гэтае пастаяннае паўтарэньне, мурыжаньне слова „бясьпека“: культура бясьпекі, конкурсы бясьпекі — прыводзяць да самазаспакаеньня, перадумовы паўтарэньня таго, што адбылося 35 гадоў таму ў Чарнобылі», — сказаў Ажароўскі.

«Разьдзел „ядзерныя адыходы“ у беларускай справаздачы займае 5 радкоў. Я параўнаў з аналягічнымі разьдзеламі іншых АЭС — гэта некалькі дзясяткаў старонак!» — адзначыў расейскі экспэрт.

«Самы прыгожы ў краіне азёрны край сапсаваны атамнай станцыяй»

Паводле старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасіі Дарафеевай, у справаздачы прадузята апісалі патэнцыял аднаўлянай энэргетыкі. У выніку «АЭС падаецца як адзіны шлях разьвіцьця энэргетыкі Беларусі».

Натальля Качаноўская, былая выкладчыца БНТУ, заявіла, што «на атамныя спэцыяльнасьці ВНУ ішлі далёка ня лепшыя абітурыенты».

Яна сказала, што АЭС ня можа называцца экалягічна чыстым прадпрыемствам, бо выкіды ўсё адно будуць.

«Самы прыгожы ў краіне азёрны край сапсаваны атамнай станцыяй. Гэта злачынства стагодзьдзя», — падсумавала яна.

«Ядзерная энэргетыка не зьяўляецца ні ўстойлівым, ні адпаведным сродкам для абароны клімату»

На слуханьнях выступіла амбасадарка Аўстрыі Алаізія Вэргетэр
На слуханьнях выступіла амбасадарка Аўстрыі Алаізія Вэргетэр

Амбасадарка Аўстрыі Алаізія Вэргетэр сказала, што ў Аўстрыі лічаць, што ядзерная энэргетыка «не зьяўляецца ні ўстойлівым, ні адпаведным сродкам для абароны клімату».

«Мы маем гістарычны досьвед, бо мы — адна зь дзяржаваў Цэнтральнай Эўропы, якая была найбольш закранутая Чарнобыльскай катастрофай 35 гадоў таму (хаця, вядома ж, менш, чым Беларусь). Таму мы вельмі цікавімся гэтай тэмай», — адзначыла аўстрыйская амбасадарка.

Слуханьні доўжыліся больш за 5 гадзін.

«Лічу выдачу ліцэнзіі заўчаснай»

Інжынэр-энэргетык Сяргей Якімаў застаўся слуханьнямі незадаволены, «бо мы ж не маглі паўплываць на вынік».

«Так сьпяшаюцца, што не дачакаліся канчатковай справаздачы па стрэс-тэстах, якая будзе пры канцы вясны, — адзначыў ён.

Сяргей Якімаў
Сяргей Якімаў

Ён таксама зьвярнуў увагу, што ў людзей няма доступу да інфармацыі аўтаматычных сыстэмаў кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў рэжыме рэальнага часу.

«У расейскай вэрсіі сайту няма прывязкі да часу (плюс-мінус 24 гадзіны). На беларускай вэрсіі сайту наагул нічога няма — там пустая старонка».

Таму да правядзеньня поўнага аналізу ўсіх рызыкаў і выпраўленьня ўсіх заўвагаў лічу выдачу ліцэнзіі заўчаснай», — сказаў Сяргей Якімаў.

«З сэктантамі бессэнсоўна спрачацца»

Расейскі эколяг Андрэй Ажароўскі сказаў, што пачуваўся на слуханьнях, быццам на сходзе сэкты адэптаў «мірнага атаму».

«А з сэктантамі бессэнсоўна спрачацца. Кожны зь дзясятка асноўных дакладчыкаў, як замову, паўтараў: „бясьпека, бясьпека, бясьпека“. Але колькі ні кажы „халва“, у роце саладзей ня стане. Колькі ні разважай пра бясьпеку — АЭС застаецца ядзерна і радыяцыйна небясьпечным аб’ектам. Аднак прадстаўнікі Дзяржатамнагляду мне адказалі жартам: „І аўтамабіль таксама небясьпечны“».

«Прапаганда АЭС у афіцыйных выступах заняла больш за дзьве гадзіны. А выступоўцам давалі па 4 хвіліны», — абурыўся Ажароўскі.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву і Эстонію можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, гэтаксама як Фінляндыя.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG