Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржатамнагляд паведаміў, дзе будуць захоўваць радыяактыўныя адкіды зь БелАЭС


Беларуская АЭС у Астраўцы, архіўнае фота

Высокаактыўныя адкіды Беларускай АЭС пасьля 60 гадоў захоўваньня разьмесьцяць у глыбінным пункце пахаваньня.

Пра гэта стала вядома зь пісьмовага адказу Дэпартамэнту па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы МНС (Дзяржатамнагляд) на адно з пытаньняў, на якое падчас грамадзкіх слуханьняў 30 красавіка не пасьпелі адказаць.

У дэпартамэнце падкрэсьлілі, што ў адпаведнасьці з дакумэнтамі МАГАТЭ і заканадаўствам Беларусі «пахаваньне — гэта апошні этап дзейнасьці па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі» — цытуе дакумэнт БелаПАН.

«У дачыненьні да Беларускай АЭС вельмі нізкаактыўныя, нізкаактыўныя і сярэднеактыўныя радыяактыўныя адкіды пасьля часовага захоўваньня на тэрыторыі атамнай электрастанцыі на працягу 10 гадоў будуць накіроўвацца ў пункт пахаваньня, будаўніцтва якога прадугледжана выканаць у тэрмін да 2030 году», — патлумачылі ў Дзяржатамнаглядзе. Там дадалі, што высокаактыўныя радыяактыўныя адкіды па заканчэньні праектнага тэрміну захоўваньня ў спэцыяльна абсталяваным адсеку (60 гадоў) падлягаюць разьмяшчэньню ў пункт пахаваньня ў глыбокіх геалягічных фармацыях.

У ведамстве адзначылі, што асноўныя патрабаваньні па захоўваньні бясьпекі пры пахаваньні радыяактыўных адкідаў устаноўлены ў законе «Аб радыяцыйнай бясьпецы».

Акрамя таго, у адпаведнасьці з рэкамэндацыямі МАГАТЭ ўрадам Беларусі зацьверджана стратэгія абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі БелАЭС.

У згаданай стратэгіі, зацьверджанай Саветам міністраў у чэрвені 2016 году, прагназуецца, што за 60 гадоў эксплюатацыі двух блёкаў станцыі аб’ёмы высокаактыўных адкідаў, якія падлягаюць пахаваньню, складуць 80 кубамэтраў, сярэднеактыўных — 600, нізкаактыўных — 3840, вельмі нізкаактыўных — 960.

У выніку вываду двух блёкаў АЭС з эксплюатацыі, згодна з прагнозам, утворыцца 4100 кубамэтраў цьвёрдых нізка-і сярэднеактыўных радыяактыўных адкідаў і 170 кубамэтраў высокаактыўных адкідаў.

У стратэгіі таксама ўказана, што пытаньне аб неабходнасьці збудаваньня пункту пахаваньня высокаактыўных радыяактыўных адкідаў у глыбокай геалягічнай фармацыі будзе прапрацавана ў рамках дзяржаўнай праграмы «Навуковае суправаджэньне разьвіцьця атамнай энэргетыкі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009–2010 гады і на пэрыяд да 2020 году».

Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца на Горадзеншчыне за кошт крэдыту Расеі паводле расейскага праекту. Першы блёк гатовы на 99%, другі — на 80%. Выпрацоўка электраэнэргіі на першым блёку БелАЭС пачалася 3 лістапада 2020 году, але раз-пораз працэс спыняўся нібыта на «плянавыя работы». У прамысловую эксплюатацыю першы блёк плянуюць увесьці гэтай вясной.

19 красавіка на станцыю даставілі ядзернае паліва для пачатковай загрузкі рэактара другога энэргаблёку АЭС. Увесьці другі блёк у эксплуатацыю ў адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 447 ад 30 лістапада 2020 году павінны ў першай палове 2022 году. Разам з тым амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка нядаўна заявіў, што запусьціць другі блёк у прамысловую эксплюатацыю плянуецца ў ліпені наступнага году.

На пачатку траўня 2021 году Беларуская антыядзерная кампанія выступіла са зваротам па выніках грамадзкіх слуханьняў. Яна патрабавала прыпыніць працэс выдачы ліцэнзіі на прамысловую эксплюатацыю першага энэргаблёку БелАЭС.

Паводле аўтараў заявы, слуханьні 30 красавіка, якія мелі фармальны характар, «не адпавядалі стандартам і не дазволілі выканаць задачы інфармаваньня грамадзкасьці».

«Невядома, у якой стадыі падпісаньне дадатковага пагадненьня паміж Расеяй і Беларусьсю аб перапрацоўцы паліва, — падкрэсьліваецца ў заяве Беларускай антыядзернай кампаніі. — Дзе яно будзе захоўвацца, у якім наогул стане праектаваньне і будаўніцтва сховішча, ці атрымала Беларусь кантэйнэр для перамяшчэньня адпрацаванага паліва і на якой аснове?»

У дакумэнце таксама зазначылі, што выкладзеныя дзяржаўнымі прадстаўнікамі зьвесткі «недакладныя і супярэчлівыя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG