Сайт БелАЭС узламалі напярэдадні гадавіны чарнобыльскай катастрофы

Копія экрану сайту БелАЭС, 25 красавіка

25 красавіка невядомыя ўзламалі сайт Беларускай атамнай электрастанцыі. На галоўнай старонцы сайту апублікавалі тэкст, у якім ад імя «неабыякавых супрацоўнікаў» станцыі гаворыцца пра небясьпеку АЭС.

Сьцьвярджаецца, што

  • першы блёк запусьцілі пад ціскам кіраўніцтва краіны, хоць ён яшчэ ня быў гатовы да запуску,
  • дагэтуль сыстэмы не наладжаныя да канца, што выклікае пастаянныя непаладкі абсталяваньня,
  • сытуацыя пагаршаецца і трагедыя можа адбыцца ў кожны момант.

На ангельскамоўнай вэрсіі сайту разьмясьцілі пераклад звароту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта маразм, калі забруджаная зямля „ачышчаецца“ ўказам». Блогер Павук пра загартоўку Чарнобылем

У Міністэрстве энэргетыкі пацьвердзілі ўзлом сайту.

«Сёньня сайт БелАЭС быў узламаны невядомымі. Кім менавіта, цяпер высьвятляюць спэцыялісты. Апублікаваная ў паведамленьні інфармацыя ёсьць фэйкам», — заявілі ў міністэрстве.

Там дадалі, што сайт ужо аднаўляюць і пэўны час ён будзе недаступным. Але ўзламаная вэрсія сайту працягвала адкрывацца і пасьля паведамленьня Мінэнэрга. 28 красавіка Мінэнэрга паведаміла, што хакеры падмянялі IP-адрас і карыстальнікі пераходзілі не на сайт БелАЭС, а на падробленую старонку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады вырашылі, што рабіць з адпрацаваным палівам зь БелАЭС, плянуюць пабудаваць сховішча праз 10 год

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады абвясьцілі грамадзкія слуханьні перад выдачай ліцэнзіі на працу першага блёку БелАЭС, які дзейнічае ўжо паўгода