Улады абвясьцілі грамадзкія слуханьні перад выдачай ліцэнзіі на працу першага блёку БелАЭС, які дзейнічае ўжо паўгода

Астравецкая АЭС
Астравецкая АЭС

Грамадзкія слуханьні пройдуць 30 красавіка з 14.00 да 19.00, рэгістравацца можна да 17.00 29 красавіка.

Слуханьні адбудуцца ў «гібрыдным фармаце з выкарыстаньнем відэа-канфэрэнц-сувязі ў некалькіх студыях», паведамілі БелТА ў Дзяржатамнаглядзе.

Мэта грамадзкіх слуханьняў, як сьцьвярджаюць улады, — «давесьці да грамадзкасьці інфармацыю аб ходзе і выніках правядзеньня экспэртызы бясьпекі і ацэнкі адпаведнасьці Беларускай АЭС ліцэнзійным патрабаваньням і ўмовам у працэсе падрыхтоўкі рашэньня МНС аб выдачы ліцэнзіі на эксплюатацыю першага энэргаблёку».

Галоўнай студыяй будзе шматфункцыянальны комплекс сацыяльна-культурнага прызначэньня і творчасьці моладзі ў Астраўцы. Таксама ў сьпісе Дзяржатамнагляд, Менскае гарадзкое і абласныя ўпраўленьні МНС.

Для афармленьня ўдзелу неабходна запоўніць рэгістрацыйную форму і выслаць яе па электроннай пошце на электронную скрыню hearings@gosatomnadzor.gov.by, зь якой пасьля накіруюць пацьверджаньне рэгістрацыі. Пры запаўненьні формы ахвотны ўзяць удзел павінен пазначыць адну канкрэтную студыю, у якой ён будзе знаходзіцца. Таксама можна загадзя папрасіць выступ падчас грамадзкіх слуханьняў.

У выпадку адсутнасьці доступу да інтэрнэт-рэсурсаў удзел у грамадзкіх слуханьнях можна аформіць у працоўныя дні зь 10.00 да 17.00 па тэлефонах (8-017) 272-58-24 ці (8-033) 326-44-45. Рэгістрацыя ўдзельнікаў трывае да 17.00 29 красавіка. Колькасьць абмежаваная.

Усе пытаньні ў дзень слуханьняў можна будзе задаць пісьмова на блянку, распрацаваным Дзяржатамнаглядам. У папярэднія дні — даслаць па электроннай пошце, на якую накіроўваць і заяўкі.

АЭС у Астраўцы запрацавала 7 лістапада 2020 году, тады ж Лукашэнка назваў Беларусь «ядзернай дзяржавай». З таго часу АЭС неаднаразова спынялася. Праўда, першы энэргаблёк знаходзіўся на этапе досьледна-прамысловай эксплюатацыі. 19 красавіка 2021 году на БелАЭС даставілі ядзернае паліва для другога энэргаблёку, які плянуюць запусьціць у першым паўгодзьдзі 2022 году.

Суседнія краіны, найперш Літва і Латвія, выказваюць заклапочанасьць адносна дзейнасьці БелАЭС, ня лічачы, што станцыя бясьпечная.

​
XS
SM
MD
LG