Адміністратар чату «Браслаў для жыцьця» Канстанцін Далецкі застанецца пад вартай усе выходныя. У панядзелак, 29 чэрвеня, мужчыну будуць судзіць — яго абвінавачваюць у адміністрацыйным правапарушэньні. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка затрыманага браслаўчаніна Алёна Далецкая.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Паводле Алёны, мужа затрымалі не адразу. Каля дзевяці вечара 26 чэрвеня да іх дому ў Муражах у прыгарадзе Браслава пад’ехалі дзьве службовыя машыны. Міліцыянт сказаў, што Канстанціна выклікаюць ва ўчастак у якасьці сьведкі правапарушэньня.
«Косьця сказаў, што паедзе толькі са сьведкам», — кажа Алёна. У Браслаўскі РАУС ён паехаў разам з бацькам на ўласнай машыне.
«Усё было так падазрона, — працягвае жанчына. — Да іх у машыну адразу сеў міліцыянт. Каля апоўначы вярнуўся адзін сьвёкар. Сказаў, што яго літаральна выпхнулі з аддзяленьня, а на ўсе абурэньні зь яго боку адказвалі „так трэба“. У Косьці адразу забралі тэлефон і пачалі складаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Паказалі толькі здымкі з чату з заклікам аб зборы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Маліўся, каб жонку не чапалі. І тут у бусік закідваюць Аліну». Яшчэ адна гісторыя затрыманьня 19 чэрвеняАлёна патлумачыла, што 21 чэрвеня каля «Эўраопту» ў Браславе прайшла акцыя салідарнасьці. Паводле жанчыны, у ёй удзельнічала каля трыццаці чалавек.
«Яны проста пастаялі. Не былі ні лёзунгаў, нічога», — кажа яна.
Канстанціна Далецкага пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня да панядзелка. Суд над ім пройдзе 29 чэрвеня. Дакладны час пакуль не вядомы.
«Начальнік РАУС нічога не камэнтуе, — працягвае Алёна. — Па законе яны мусілі сказаць, зь якой прычыны затрымліваецца муж. Яны яго завабілі, сказалі няпраўду. Вось гэта абурае. Яго запрашалі як сьведку, а пасьля затрымалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзікае паляваньне на блогераў. Чаму і навоштаАлёна прызнаецца, што яна ў разгубленасьці.
«Я ня ведаю, як мне быць. Ці наймаць адвакатаў? Адныя кажуць, што гэта бессэнсоўна, іншыя — што варта. Але паслугі адваката платныя. У нас такіх сродкаў няма. Таму мы цяпер у развагах, што рабіць», — камэнтуе жанчына.
Сям’я Далецкіх жыве ў вёсцы Муражы пад Браславам. Алёна і Канстанцін — рамесьнікі. Гадуюць траіх дзяцей. З красавіка пара актыўна ўдзельнічала ў валянтэрскім руху дапамогі мэдыкам. Алёна шыла, Канстанцін адвозіў індывідуальныя сродкі аховы ў браслаўскі шпіталь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Паказвалі відэа і фота, але не дапамагло». Кампанія выйшла з бару і трапіла ў аўтазак за ўдзел у несанкцыяванай акцыі