Лукашэнка паабяцаў правесьці ў Берасьці рэфэрэндум
Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 красавіка
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў правесьці ў Берасьці рэфэрэндум наконт лёсу акумулятарнага заводу, піша БелТА.
«Мы прынялі рашэньне. Хай вырашаць жыхары. Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я займу нэўтральную пазыцыю, арганізую рэфэрэндум. А вы, толькі бяз гвалту, шуму. Вызначым месца, будзеце заклікаць людзей, дэбатаваць. Як на выбарах», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Самы вялікі экалягічны прыхільнік у вас – гэта прэзыдэнт Беларусі. Для мяне гэта сьвятое. Нават я, будучы прэзыдэнтам, дрыжу за кожнае дрэўца», – дадаў Лукашэнка.
Сярод удзельнікаў сустрэчы быў мясцовы экаактывіст Дзьмітрый Бекалюк. Ён пагадзіўся з прапановай кіраўніка дзяржавы аб правядзеньні рэфэрэндуму. «Калі, як вы сказалі, гэты рэфэрэндум адбудзецца, берасьцейцы толькі будуць удзячныя», – заявіў ён.
«У гэтым можаш не сумнявацца. Гэта непасрэдныя паўнамоцтвы прэзыдэнта – арганізаваць рэфэрэндум у любым пункце краіны», – адказаў Лукашэнка.