Аляксандар Лукашэнка 4 чэрвеня назваў новага кіраўніка ўраду — гэта Раман Галоўчанка, паведамляе агенцтва БЕЛТА. Да таго ён займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту.
Першым віцэ-прэм'ерам прызначаны Мікалай Снапкоў, які зьяўляецца амбасадарам Беларусі ў Кітаі, паведамляе БЕЛТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Былы банкір, бараніў бел-чырвона-белы сьцяг ад міліцыі. 10 фактаў пра былога прэм’ера Сяргея Румаса
Што вядома пра Рамана Галоўчанку?
46 гадоў, скончыў расейскі ўнівэрсытэт, шматдзетны бацька, быў амбасадарам у ААЭ. Да таго ён займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. Раман Галоўчанка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Жодзіне Менскай вобласьці.
У 1996 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін, у 2003 годзе — Акадэмію ўпраўленьня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. У 2018 годзе быў прызначаны старшынёй Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь.
На пачатку сваёй кар’еры працаваў у Радзе бясьпекі, з 2002-га па 2005 год быў намесьнікам начальніка аддзелу Генэральнай пракуратуры. У 2005-м з гэтай пасады стаў галоўным дарадцам упраўленьня замежнай палітыкі Адміністрацыі прэзыдэнта.
З 2009-га па 2013-ы займаў пасаду першага намесьніка старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. З 2013-га па 2018-ы быў амбасадарам Беларусі ў ААЭ, Катары, Дзяржаве Кувэйт і Каралеўстве Саудаўская Арабія.
Раман Галоўчанка ў ролі амбасадара Беларусі ў Аб'яднанаых Эміратах на сустрэчы з прадстаўніком МЗС гэтай краіны, 24 траўня 2018
Раман Галоўчанка жанаты і мае траіх дзяцей.
Каго яшчэ прызначылі ва ўрад?
Іншыя міністэрскія і адміністрацыйныя пасады занялі наступныя чыноўнікі:
- першым віцэ-прэм’ерам стаў Мікалай Снапкоў,
- віцэ-прэм’ерам — Аляксандар Субоцін,
- міністрам прамысловасьці прызначалі Пятра Пархомчыка,
- міністрам архітэктуры і будаўніцтва — Руслана Пархамовіча,
- міністрам фінансаў — Юрыя Селіверстава,
- міністрам інфармацыі стаў дырэктар тэлеканалу СТВ Ігар Луцкі,
- кіраваць Камітэтам дзяржкантролю будзе Іван Церцель, былы намесьнік старшыні КДБ,
- міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі стаў Андрэй Хмель,
- месца Галоўчанкі ў Дзяржаўным камітэце вайсковай прамысловасьці заняў Дзьмітры Пан.
Днём раней Лукашэнка адправіў у адстаўку стары ўрад.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Лукашэнка 3 чэрвеня выслухаў прапановы аб новым складзе ўраду. На сустрэчы былі старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
Ён казаў, што прэтэнзіяў да складу ўраду ў яго не было, аднак «у камандзе павінны быць выключна прафэсіяналы, людзі, накіраваныя працаваць на вынік». Лукашэнка заяўляў, што рашэньне было не спантанным, а рыхтавалася паўгода.
Як сьцьвярджае блізкі да прэс-службы Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого», Лукашэнка заявіў, што да былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса вялікіх прэтэнзіяў не было — проста той хоча займацца бізнэсам, а Лукашэнка гэта вітае.