Мікалай Казлоў: «Я ўпэўнены, што мы зьбяромся ня перад Камароўскім рынкам, а на Кастрычніцкай плошчы»

Людзі вакол пікетаў альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі каля Камароўскага рынку, 31 траўня

«Я ўпэўнены, што па выніку мы зьбяромся не на плошчы перад Камароўскім рынкам, а на Кастрычніцкай плошчы і вырашым, што нам рабіць далей», — заявіў выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў на пікеце па зборы подпісаў за сваё вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты, паведамляе БелаПАН.

Выбары-2020. Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах 31 траўня

На пытаньне БелаПАН, навошта Казлоў зьбірае подпісы насуперак першапачатковай задумкі кампаніі, палітык сказаў, што павінен выконваць фармальныя патрабаваньні па ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

«Калі б у нас была дэмакратычная краіна, нічога гэтага — ні рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, ні збору подпісаў — не спатрэбілася б. Але мы вымушаны дзейнічаць так», — растлумачыў палітык.

Мікалай Казлоў ішоў на выбары разам з лідэрам руху «За Свабоду» Юрасём Губарэвічам і сустаршынём аргкамітэта па стварэньні партыі БХД Вольгай Кавальковай. 10 траўня яны абвясьцілі старт кампаніі «За Беларусь без дыктатуры», у якую трансфармавалася адмененая працэдура па абраньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы ўсіх траіх.

Удзельнікі кампаніі заяўлялі, што не плянуюць зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне, а зьбіраюцца правесьці сэрыю інфармацыйных пікетаў супраць Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Па ўсёй Беларусі новыя затрыманьні актывістаў і блогераў 31 траўня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску затрымалі Міколу Статкевіча. ВІДЭА