Літва і Беларусь падпісалі 25 траўня пагадненьне аб раньнім апавяшчэньні пры атамных аварыях і абмене інфармацыяй пра аб’екты атамнай энэргетыкі і іхную дзейнасьць, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на Дзяржаўную інспэкцыю бясьпекі атамнай энэргетыкі Літвы.
Пагадненьнем прадугледжваецца неадкладны абмен зьвесткамі ў выпадку ядзернай аварыі і рэгістрацыі небясьпечнага для здароўя іянізацыйнага выпраменьваньня, а таксама інфармацыяй аб бясьпецы аб’ектаў ядзернай энэргетыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва абвінаваціла Беларусь ва ўтойваньні інфармацыі пра АЭС у Астраўцы«Нягледзячы на гэтае пагадненьне, на парадку дня застаюцца ўзьнятыя раней пытаньні. Літва дамагаецца, каб Беларуская АЭС ня ўводзілася ў эксплюатацыю, пакуль ня будуць прыведзеныя ў адпаведнасьць міжнародныя патрабаваньні да аховы навакольнага асяродзьдзя і ядзернай бясьпекі», — падкрэсліваецца ў паведамленьні інспэкцыі.
Беларусь вядзе будаўніцтва АЭС побач з Астраўцом на Горадзеншчыне адпаведна расейскаму праекту ВВЭР-1200. Яна будзе складацца з двух энергаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Міністэрства энэргетыкі паведаміла, што плянуецца ўвод у эксплюатацыю першага энэргаблёку на працягу 2020 году, другога — у 2021-м. Генпадрадчыкам будаўніцтва зьяўляецца «Атомстройэкспорт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва накіравала ноту Беларусі ў сувязі з завозам на БелАЭС ядзернага паліваУ траўні на станцыю было завезена ядзернае паліва, фізычны пуск першага энергаблёку чакаецца летам. Інжынірынгавы дывізіён кампаніі «Росатом» завершыў прыёмку паліва для пачатковай загрузкі ў рэактар энэргаблёку нумар 1.