Яшчэ адзін Аляксандар Рыгоравіч хоча быць прэзыдэнтам

Алесь Таболіч, архіўнае фота

«Сядзелі за півам і вырашылі так зрабіць. Калі наша апазыцыя проста стухла, то чаму не?» — музыка Алесь Таболіч, лідэр пэган-мэтал-гурту Znich, абвясьціў пра збор людзей у сваю ініцыятыўную групу.

Алесь кажа, што ён у пашпарце таксама «Аляксандар Рыгоравіч».

«Спачатку я сьцебануўся, я звычайна жартую, а пасьля, калі атрымалася, што апазыцыі ў нас няма, я паразмаўляў са сваімі сябрамі зь беларускай тусоўкі. Яны кажуць, табе ж ужо 40 гадоў, цябе зваць Аляксандар Рыгоравіч, дык балятуйся. Я падумаў: а чаму не? Сядзелі за півам і вырашылі так зрабіць. Калі наша апазыцыя проста стухла, то чаму не? Чаму не другі Аляксандар Рыгоравіч?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто яшчэ хоча быць прэзыдэнтам Беларусі. Сьпіс

Алесь Таболіч будзе спрабаваць зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу.

«Я за парлямэнцкую рэспубліку, без усялякіх прэзыдэнтаў і верхаводаў. Людзі павінны самі выбіраць тое, што ім трэба. Таму, калі паводле закону кожны чалавек можа балятавацца, то чаму і не? Гэта ўсё адбылося спантанна. Я чалавек звонку, непартыйны, не ўваходжу ў нейкую арганізацыю, з культурніцкай пазыцыяй. Але калі Аляксандар Рыгоравіч ідзе на выбары, то чаму не?»

У адным са сваіх пастоў у «Фэйсбуку» музыка напісаў таксама «І я кандыдат... яшчэ хто??? Чым я горшы за Канапацкую?))))».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я зраблю!» Ганна Канапацкая пацьвердзіла, што ідзе ў прэзыдэнты

«Ні Канапацкую, ні Караткевіч, ні Гайдукевіча я не ўспрымаю ўсур’ёз, бо гэта „кішэнныя“ людзі. Бо ніхто зь іх не сказаў пра тое, што адбываецца ў нас цяпер. Яны зьяўляюцца тады, калі ім трэба балятавацца ў парлямэнт ці на прэзыдэнта. А тое, што ў іх там грошы ці сваякі-бізнэсоўцы, усім гэта ўсё роўна. Найперш людзі павінны быць ідэйныя і зь нейкай пазыцыяй. А тут яны проста піяраць свае дэкальтэ ці мэрсэдэс. Гэта рэальна псэўдапрэзыдэнты. Чалавек павінен быць з народу. А гэтыя не народныя, падстаўныя».

Паводле музыкі, за яго падпісваюцца сваякі, «рокенрольнікі». Калі набярэцца неабходная колькасьць, то ён зьбіраецца падаць дакумэнты на рэгістрацыю.

«Адзінае, што часу засталося — адзін дзень. Таму калі атрымаецца, то атрымаецца. А калі не, то можа, так і трэба, як кажуць беларусы. Калі мяне зарэгіструюць, тады будзем размаўляць. Але ініцыятыва пайшла з народу, а не ад мяне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 34 «кандыдаты ў кандыдаты». Хто падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.