Банкір Бабарыка заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Старшыня праўленьня Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка расказаў на Facebook, што зьбіраецца выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня.

Інфармацыя пра звальненьне Бабарыкі з Белгазпрамбанку «на ўласнае жаданьне» зьявілася на сайце банку.

Бабарыка сьцьвярджае, што разумее «ўмовы і правілы гульні», а таксама «фінальную частку гэтай „дзеі“, якая была сфармуляваная яшчэ ў эпоху Сталіна: ня важна, як галасуюць, важна, як лічым».

Ён дадае, што верыць у «абмежаванасьць любой неэфэктыўнай сыстэмы» і «магчымасьці, якія даюць новыя інструмэнты на базе сучасных тэхналёгій», а таксама думае, што «гэта апошні шанец хоць нейкіх выбараў у незалежнай Беларусі».

Бабарыка пацьвердзіў Свабодзе праз Facebook Messenger, што сапраўды зьбіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Анкета на лета. Віктар Бабарыка: «Няшчасным мяне робіць толькі немагчымасьць дапамагчы»

Шэраг палітыкаў і актывістаў ужо заявілі пра ўдзел у выбарах, у тым ліку лідэры БСДП — Сяргей Чэрачэнь, ЛДПБ — Алег Гайдукевіч, «Гавары праўду» — Андрэй Дзьмітрыеў. Мікола Статкевіч зьбіраецца рэгістраваць ініцыятыўныя групы трыццаці «кандыдатаў пратэсту», а кампанія праймэрыз па выбары адзінага кандыдата ад апазыцыі заявіла пра «зьмену фармату» — адзінага кандыдата ня будзе, але будзе «новая кампанія». Заявы аб удзеле ў выбарах публікаваліся на Facebook ад імя бізнэсоўца Валерыя Цапкалы — «Белсат» і Dev.by пішуць, што Цапкала пацьвердзіў удзел у размовах з карэспандэнтамі.

12 траўня ўдзел у выбарах пацьвердзіла экс-дэпутатка Ганна Канапацкая, заявы ў ЦВК падалі «Суворы турыст» Віталь Зялкоўскі і «фэрмэр на трактары» Юры Ганцэвіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Партыі БНФ, «Зялёныя» і «Справядлівы сьвет» адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах. Ад імя Цапкалы новая заява