Пандэмія каранавіруснай інфэкцыі перапыніла кругасьветнае падарожжа на матацыкле 34-гадовай беларускі Кацярыны Дубаневіч. Кацярына выправілася ў дарогу ў жніўні 2018 году, праехала на матацыкле Эўразію, Аўстралію, Паўночную Амэрыку, частку Паўднёвай Амэрыкі, наперадзе была Афрыка і вяртаньне ў Менск сёлета ў траўні. Ужо другі месяц Кацярына ў карантыне ў Аргентыне, цяпер у Буэнас-Айрэсе.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«На сёньняшні дзень у беларусаў, якія знаходзяцца ў Аргентыне, дзьве патэнцыйныя магчымасьці дабрацца дадому»
Карантын быў уведзены ў Аргентыне 20 сакавіка і ўжо некалькі разоў падаўжаўся. Некалькі дзён таму быў падоўжаны да 10 траўня, кажа Кацярына Свабодзе.
— Для невялікіх гарадоў ужо ідзе паслабленьне рэжыму ізаляцыі, шмат якія прадпрыемствы вяртаюцца да працы. Насіць маску абавязкова, дазволеныя прагулкі да 500 м на працягу 1 гадзіны ў дзень. Прабежкі, паездкі на ровары па-ранейшаму забароненыя. Для жыхароў вялікіх гарадоў дазволены выхад на вуліцу ў бліжэйшую краму ці аптэку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Перажыла ўкусы павука і дзьве ліхаманкі». Як пандэмія перапыніла кругасьветнае падарожжа беларускіУ апошнім выступе прэзыдэнта Аргентыны было агучана, што ніякіх камэрцыйных рэйсаў ні з краіны, ні ў краіну ня будзе да верасьня. На сёньняшні дзень у нас (у Аргентыне цяпер 8 беларусаў) дзьве патэнцыйныя магчымасьці дабрацца дадому. Першая зьвязаная з эўрапейскімі вывазнымі рэйсамі — калі нас возьмуць на борт да любога эўрапейскага гораду, адкуль лётае Белавія да Менску. Другі варыянт — таксама вывазны рэйс, калі ён будзе арганізаваны для расейцаў, іх тут 160 чалавек. Мы кантактуем праз чат, падтрымліваем адзін аднаго, ва ўсіх вельмі розныя ўмовы і магчымасьці, шмат хто зь дзецьмі. Беларускі консул у Аргентыне Павал Міронаў прапрацоўвае абодва варыянты. Менавіта дзякуючы яму мне ўдалося трапіць на аўтобус, які арганізавала францускае консульства, каб выехаць з маленькага гораду на мяжы з Бразыліяй і дабрацца да Буэнас-Айрэса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бяз права на памылку. Беларуская байкерка другі год едзе вакол сьветуКацярына Дубаневіч кажа, што больш складаная сытуацыя з адпраўкай матацыкла:
— Цяпер прыярытэт — у перавозцы грузаў першай неабходнасьці, і адправіць матацыкл практычна немагчыма. Я буду афармляць натарыяльную даверанасьць на майго сябра-аргентынца, каб ён змог адправіць мой матацыкл замест мяне, бо ніякай інфармацыі пра тэрміны аднаўленьня такіх перавозак пакуль няма.
«Так лягчэй не звар’яцець у замкнёнай прасторы»
У беларускі яшчэ засталіся зьберажэньні, на якія яна плянавала да траўня-чэрвеня вярнуцца дадому. Тым ня менш Кацярына ўладкавалася на дыстанцыйную працу, якая зьвязаная з базамі дадзеных запчастак для матацыклаў.
— Мы арандуем жыльлё разам з расейскай парай падарожнікаў Ганнай і Маркам, якія таксама апынуліся ў карантыне. Пазнаёміліся месяц таму ў Эль Чальтэне і сталі сябрамі. Нам камфортна разам, Марк выдатна гатуе, а прадукты ў Аргентыне даволі танныя, асабліва мяса (прыкладна 2,7 даляра за кіляграм). Наш дзень добра арганізаваны — падʼём, зарадка, сьняданак, праца, абед, я пішу артыкулы, апрацоўваю фатаграфіі, гатуем вячэру, прагляд фільма або чытаньне, часта ходзім глядзець захад сонца на дах. Так лягчэй не зварʼяцець ад замкнёнай прасторы.
На пытаньне, колькі ў сярэднім патрэбна грошай кожны месяц у кругасьветным падарожжы, нельга адказаць адназначна, кажа Кацярына.
— Калі я жыла ў намёце і купляла прадукты на распродажах у супэрмаркетах, кошт падарожжа быў мінімальны. Цяпер разам з арэндай жытла ў месяц выходзіць каля 450 даляраў ($300 арэнда + $150 на прадукты).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У Эўропу страшна вяртацца». Гісторыі беларусаў, заблякаваных у Марока, Мэксыцы і Пэру праз каранавірусНапружанасьць у грамадзтве, безумоўна, адчуваецца. Большая частка гатэляў, гостэлаў, Airbnb не прымаюць замежнікаў, людзі ўстрывожаныя, усе трымаюць дыстанцыю, не выходзяць на вуліцу безь неабходнасьці. У цэнтры адносна спакойна, шмат паліцэйскіх патрулёў. Што адбываецца на ўскраінах, я ня ведаю. Калі вярталася ў горад пасьля таго, як францускі аўтобус прывёз нас усіх у аэрапорт і эўрапейцы паляцелі па дамах, бачыла шмат канфіскаваных аўтамабіляў, пасты паліцыі кожныя 10 кілямэтраў. Мяне таксама затрымала паліцыя, трымалі пяць гадзін у пастарунку да высьвятленьня абставінаў, чаму я не на карантыне. Мяне адпусьцілі дзякуючы наяўнасьці паперы зь беларускага консульства, а вось у маладой пары канфіскавалі аўтамабіль, а іншым хлопцам выпісалі буйны штраф за парушэньне рэжыму ізаляцыі.
Кацярына Дубаневіч онлайн кантактуе зь сямʼёй, якая засталася ў Беларусі:
— Усе жывыя, здаровыя, выконваюць захады самаізаляцыі і чакаюць майго вяртаньня дадому.
Кацярына Дубаневіч падчас кругасьветнага падарожжа
Такім меўся быць маршрут кругасьветнага падарожжы Кацярыны
Маршрут байкеркі Кацярыны Дубаневіч