Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта як ваеннае становішча». Хто ў Беларусі найбольш пацярпеў ад закрыцьця мяжы Эўразьвязу


Паказальнік каля беларуска-польскай мяжы

Закрылі межы амаль усе эўрапейскія краіны — і фактычна спынілася праца цэлых сфэраў бізнэсу ў Беларусі. Стоадсоткавыя страты нясуць ня толькі турыстычныя фірмы, але і гатэлі, гіды, рынкавыя гандляры і нават грузаперавозьнікі, для якіх межы па-ранейшаму адкрытыя.

Супрацоўнікаў выпраўляюць у водпускі, пэўныя фірмы плянуюць скарачэньні і праядаюць нажытыя запасы. Многія чакаюць ад дзяржавы кроку насустрач — адкладу сплаты падаткаў і памяншэньня арэнднай платы.

Самыя аптымістычныя прагнозы канца «замаразкаў» — сёлетні травень, пэсымістычныя — 2022 год.

Міжнародныя грузаперавозкі: «Мы цяпер ня едзем, а паўзем»

Дырэктар ААТ «Белгруз» Сяргей Леўкавец расказаў, што міжнародныя грузаперавозкі, для якіх адкрытыя ўсе межы, цярпяць у першую чаргу.

«Мы цяпер ня едзем, а проста паўзем. За кошт перакрыцьця межаў і вельмі малой прапускной здольнасьці, у тым ліку краінаў Эўразьвязу паміж сабой, руху на мяжы амаль няма», — кажа Сяргей Леўкавец.

Пакуль ідзецца пра тыдзень пратэрмінаваньня стандартных даставак. Колькі грошай страчана, можна будзе сказаць толькі ў выніку. Але ўжо зразумела, што дзейнасьць хутчэй стратная, нават ня «ў нуль».

«Міжнародныя перавозьнікі — гэта транспартныя кампаніі, якія маюць частку транспартных сродкаў у лізінгу. За кожны дзень лізінгу трэба плаціць. Калі транспартны сродак стаіць, а ня едзе, ён не зарабляе грошай. Калі машына раней ехала 10 дзён, а цяпер будзе ехаць 20 дзён, то яна заробіць удвая менш, а заплаціць за лізінг патрэбна будзе тую ж самую суму», — тлумачыць Леўкавец.

Міжнародныя перавозкі зацягваюцца прынамсі на тыдзень
Міжнародныя перавозкі зацягваюцца прынамсі на тыдзень

Тое ж датычыць страховак на выезд машыны за мяжу. Яны ўжо сплачаныя. Калі машына стаіць, страхоўку ніхто не кампэнсуе і не перанясе на пазьней.

«Мы думаем, каб частку парку спыніць. Гэта будзе доўгі пэрыяд. У іншых сытуацыя на рынку аналягічная», — кажа дырэктар пра крокі, якія могуць выратаваць бізнэс.

Дальнабойнік: трацяць тыя, хто атрымлівае заробак «ад кола»

Дальнабойнік Мікола працуе ў беларускай фірме і возіць грузы маршрутам Эўропа — Расея — Эўропа. Ён патлумачыў, што большасьць дальнабойнікаў пры закрытых межах нічога не губляе.

Адно што прыкладна ўдвая зацягваецца час, за які машына праходзіць мяжу. Кіроўцы кажуць, што гэта абумоўлена праверкай тэмпэратуры ў кіроўцаў. Да таго ж шмат часу машыны стаяць на межах паміж краінамі Эўразьвязу, якія раней праяжджалі без прыпынку.

Чарга фураў у пункце пропуску «Брузгі — Кузьніца» пасьля таго, як Польшча закрыла межы
Чарга фураў у пункце пропуску «Брузгі — Кузьніца» пасьля таго, як Польшча закрыла межы

Не пацярпяць дальнабойнікі, якія маюць заробак ад колькасьці содняў у дарозе, нягледзячы на тое, ці яны ехалі, ці стаялі ў чарзе. Страцяць грошы тыя, якім плацяць «ад кола», то бок за кілямэтры.

Мікола адзначыў, што пасьля ўспышкі каранавірусу аплата за перавоз грузу ў Італію рэзка павысілася, бо мала хто з кіроўцаў хоча туды ехаць.

Гатэль: «Ні палякаў, ні расейцаў, ні літоўцаў, ні немцаў... Нават беларусы перасталі езьдзіць»

Пасьля ўвядзеньня бязьвізу ў 2017 годзе турыстам у гатэлях не хапала месца. Пасьля закрыцьця межаў вакол Беларусі яны стаяць амаль пустыя.

«Сытуацыя крытычная. Турыстаў ня стала, ні палякаў, ні расейцаў, ні літоўцаў, ні немцаў, на якіх мы працавалі. Нічога няма ўвогуле. Нават беларусы перасталі езьдзіць. Відаць, многія прадпрыемствы скасавалі камандзіроўкі», — расказала супрацоўніца горадзенскага гатэлю «Нёман».

Зь ейных словаў, раней у гатэль сяліліся 60% іншаземцаў, 40% беларусаў, у сэзон з красавіка па кастрычнік — 80% іншаземцаў і 20% беларусаў. Цяпер занятыя каля 10% нумароў, калі прыяжджаюць спартсмэны — да 40%.

«Цяпер сядзім пустыя. Калі б не чэмпіянат Беларусі ў хакеі... Толькі спартсмэны яшчэ езьдзяць», — канстатуе жанчына.

Замежныя групы пачалі ануляваць зарэзэрваваныя нумары ўжо тры тыдні таму. Адмаўляюцца ад тураў ня толькі на красавік і травень, але нават на жнівень.

«Ёсьць іншаземцы, якія прыяжджаюць у службовыя выправы — наладжваць абсталяваньне на буйных прадпрыемствах. У іх выправы па тры месяцы. Яны італьянцы. Але мы пільныя. Іх праверылі ў аэрапорце, сюды выклікалі санстанцыю, двойчы бралі кроў на аналіз. За іншаземцамі вельмі сур’ёзна сочаць. У іх не пацьвердзілася (наяўнасьць вірусу)», — кажа супрацоўніца гатэлю.

Пакуль супрацоўнікаў выпраўляюць у працоўныя водпускі, да звальненьняў і водпускаў за свой кошт яшчэ не дайшло. Магчыма, скароцяць колькасьць працоўных гадзінаў, каб перачакаць стратны пэрыяд. У гэтай сфэры пакуль не губляюць надзеі, што турыстычны сэзон не скасуецца, а проста пасунецца ў часе і працягнецца ажно да сьнежня.

«Жахлівая сытуацыя. Мы нічога ня можам зрабіць, каб былі турысты. Мы ня можам усыпіць пільнасьць людзей і прымусіць прыехаць у Беларусь. Унутры Беларусі таксама наўрад ці (зьявяцца турысты). Будзем неяк выжываць, чакаць лепшых пэрыядаў. Ніхто ня ведаў, што так стане. Гэта як вайна, ваеннае становішча», — кажа суразмоўніца.

На ейную думку, гатэльны бізнэс у цяжкі пэрыяд можа падтрымаць дзяржава адкладам аплаты падаткаў.

Турфірма: уязны турызм, якія прыносіў валюту і мацаваў імідж Беларусі, цалкам спыніўся

Кіраўнік буйной горадзенскай турыстычнай фірмы «Студыя адпачынку» Канстанцін Карачанцаў патлумачыў, што цяпер перадусім цярпіць уязны турызм. Іхная кампанія супрацоўнічала з кампаніямі Польшчы, Латвіі, Літвы, каб у Беларусь прыяжджалі турыстычныя групы.

«Гэты кірунак цалкам спыніўся. Я лічу, ён вельмі важны для Беларусі, бо гэта экспарт турыстычных паслугаў. У нас былі вялікія яго аб’ёмы. Гэта імідж краіны, папаўненьня бюджэту дзяржавы, валюты ў краіну. Мы плацім заробкі гатэлям, рэстарацыям, музэям. У авіятурах мы ўсе грошы вывозім і плацім турэцкім гатэлям. А тут усе грошы застаюцца ў Беларусі. Гэта нават не даход нашай кампаніі, а даход усёй інфраструктуры», — перакананы кіраўнік турыстычнай фірмы.


Ён мяркуе, што, каб зьберагчы кантракты з замежнымі кампаніямі, патрэбная падтрымка дзяржавы. Так, на ягоную думку, дзяржава магла б дазволіць адтэрміноўку сплаты падаткаў да канца году. Гэта практыкуюць цяпер многія дзяржавы Эўропы і сьвету.

«Сёньня трэба плаціць падаткі, заробкі. Ёсьць часовы „лаг“, які неабходна перажыць, і ў гэтым павінна дапамагчы дзяржава», — кажа Канстанцін Карачанцаў.

Пакуль супрацоўнікаў выпраўляюць у водпускі за свой кошт. Як ацэньвае Карачанцаў, такая сытуацыя працягнецца мінімум да траўня.

З выязным турызмам пакуль больш аптымістычна. Беларусы не анулююць паездкі, а пераносяць іх на пазьнейшыя тэрміны.

Пра пераарыентацыю на ўнутрыбеларускі турызм пакуль ня йдзецца, бо гэта іншы бізнэс зь іншай аўдыторыяй, іншымі сродкамі, які трэба будаваць прынамсі тры месяцы.

Экскурсаводы: вялікі крызіс у турыстычнай індустрыі

Экскурсавод з Горадні Міхал Нарынкевіч зарабляе перадусім экскурсіямі. Але апошнія турысты зьехалі 14 сакавіка.

«Гэта вялікі крызіс у турыстычнай індустрыі і для мяне таксама. Наступныя два месяцы турыстаў ня будзе. Вельмі цяжкія часы наступаюць. Я шмат раней працаваў зь дзецьмі. Цяпер, хоць у нас няма карантыну, іх бацькі не адпускаюць. Усе адмаўляюцца ад паездкі на травеньскія сьвяты», — апавядае Міхал.

Лягчэй выжыць тым экскурсаводам, хто мае дадаткова іншую працу: у музэі, унівэрсытэце. ІП, якія зараблялі выключна экскурсіямі, пакуль жывуць коштам старых запасаў.

«Мы кожную нядзелю ходзім у госьці ў музэі, касьцёлы (на іншыя экскурсіі), павышаем кваліфікацыю», — кажа ён пра інвэстыцыі ў пэрыяд бяз працы.

«Два варыянты: або ўсе ўлетку паедуць да нас у госьці адпачываць, або ўсё пагоршыцца, і нічога ня будзе», — мяркуе Міхал.

Экскурсавод з Горадні Яўген расказаў, што апошнія турысты прыяжджалі за дзень да закрыцьця мяжы Польшчы. У запатрабаваных экскурсаводаў, якія маюць іншую працу ў будзённыя дні, раней экскурсіямі былі цалкам занятыя субота і нядзеля.

«Цяпер усе перастрахоўваюцца, усё скасоўваюць, нават на травеньскія сьвяты. Расейскія турысты таксама былі вялікім сэгмэнтам нават для Горадні. Яны ўсе зьняліся», — кажа Яўген.

Ён мяркуе, што крызіс можа зацягнуцца на два гады.

«Калі ўзяць Кітай, прайшло 3 месяцы, пакуль усё (пік эпідэміі) пайшло на спад. Вось сакавік, красавік, травень, потым „посттраўматычны сындром“, калі будуць перастрахоўвацца. За тыдзень групу не зьбярэш, трэба месяц-паўтара. Самы аптымістычны прагноз — гэта чэрвень, самы пэсымістычны — два гады», — разважае Яўген.

Гандляр адзеньнем: плынь пакупнікоў упала на 80%

Прадпрымальнік Аляксей, які гандлюе беларускім адзеньнем у шэрагу гарадоў на Горадзеншчыне, расказаў, што плынь пакупнікоў упала на 80%,

«Ня стала людзей, нягледзячы на зьніжкі, акцыі... Гэта супала з момантам, калі Эўразьвяз пачаў закрываць свае межы, што першай абвясьціла Польшча. Я думаю, людзі накіравалі свае запасы грошай на прадукты або купілі валюту на выпадак небясьпекі», — мяркуе Аляксей.

Горадзенскія прадпрымальнікі, што гандлююць на рынку, зьвярнуліся да ўладаў з просьбай аб дапамозе. Яны апынуліся «пад пагрозай эканамічнай няплатаздольнасьці», гаворыцца ў пісьмовым звароце. Рыначнікі просяць зьнізіць або скасаваць арэндную плату і дазволіць яе адтэрміноўку. Да таго ж ІП хочуць, каб улады зьвярнуліся да Нацыянальнага банку з просьбай адтэрмінаваць плату па крэдытах, лізінгу без налічэньня працэнтаў. Стаўка арэнднай платы найчасьцей дамоваю прывязаная да эўра, яе цяпер цяжэй плаціць у выніку скачка курсу.

«Маю надзею, што калі пацяплее, людзям патрэбна будзе пераапранацца, пераабувацца, купляць дзецям цацкі, у іх ужо будзе вялікі запас прадуктаў, якія яны раней закупілі», — разважае Аляксей пра вяртаньне людзей на рынкі і ў гандлёвыя цэнтры.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG