Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пры мінімальнай прастудзе лічыце, што гэта каранавірус». Беларус з Францыі апавядае, як там змагаюцца з эпідэміяй


Андрэй Вайтовіч
Андрэй Вайтовіч

375 эўра штрафу за выхад на вуліцы без грунтоўнай прычыны, закрытыя пляжы, рэстараны і клюбы, але тэст на каранавірус бяруць толькі ў тых, хто мае сур’ёзныя сымптомы, — Андрэй Вайтовіч расказвае, як перажыць карантын у Канах.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Беларус Андрэй Вайтовіч 7 гадоў жыве ў Парыжы і працуе журналістам. На мінулым тыдні хлопец рабіў інтэрвію зь дзяржаўным міністрам Манака Сэржам Тэлем — дзеля гэтага паехаў на поўдзень Францыі. Праз два дні стала вядома, што Тэль захварэў на каранавірус.

Свабода паразмаўляла з Андрэем пра тое, як жыць у карантыне на беразе мора.

Даведаўшыся пра каранавірус у дзяржаўнага міністра, Андрэй задаўся пытаньнем: а ці не захварэў ён сам? Выявілася, што здаць аналіз на каранавірус немагчыма — бяруць толькі ў тых, каго шпіталізуюць у цяжкім стане.

Андрэй Вайтовіч
Андрэй Вайтовіч

«Нават людзей, якія былі ў кантакце з хворым, без сымптомаў не тэстуюць. З гэтай нагоды я вырашыў застацца на поўдні, каб не карыстацца цягніком і іншым транспартам».

У Францыі — чацьвёрты дзень карантыну. Цяпер Андрэй Вайтовіч знаходзіцца ў Канах і расказвае, што адбываецца зь ім і навокал, у Тэлеграм-канале.

Калі Вайтовіч даведаўся, што кантактаваў з хворым, у яго быў шок. Але хлопец кажа, што сочыць за сытуацыяй з каранавірусам ад пачатку і давярае мэдыкам.

«Зараз яны кажуць: нават пры мінімальных прастудных сымптомах ведайце, што гэта каранавірус. Статыстыка дэманструе, што для 80% хворых гэта банальная прастуда, асабліва для моладзі з добрым здароўем. Праблема ў тым, што 20% — гэта тыя, у каго становішча пагаршаецца да крытычнага.

Навукоўцы яшчэ да канца ня ведаюць гэты вірус, і групы рызыкі карэктуюцца штодзень. Апошнімі днямі францускія мэдыкі кажуць, што палова шпіталізаваных — маладзейшыя за 50 гадоў. А калі мы гэтыя лічбы адаптуем пад беларускія рэаліі? Становіцца страшна. Таму праз свой канал і, напэўна, сваім прыкладам я хачу паказаць: так, карантын і ўсякае абмежаваньне свабоды — гэта цяжка, але гэтым мы можам разам стрымаць пашырэньне вірусу».

Выходзіць з дому ў Францыі можна толькі ў пяці выпадках: на працу, калі немагчыма працаваць дыстанцыйна; у краму і аптэку; з прычыны стану здароўя (напрыклад, трэба ісьці ў лякарню на апэрацыю, якую немагчыма адкласьці); дапамагчы блізкім; займацца спортам сам-насам. Апошнюю прычыну, дадае Вайтовіч, могуць скасаваць, бо некаторыя людзі злоўжываюць ёю.

«Адным словам, галоўная мера ўладаў — пакінуць як мага больш людзей дома, каб стрымаць пашырэньне інфэкцыі», — падсумоўвае журналіст.

«Хтосьці падумае, што на поўдні каля мора — карантын у радасьць»

папера, на якой напісана прычына выхаду з дома. Калі зловяць безь яе — штраф 135 эўра, другі раз — 375
папера, на якой напісана прычына выхаду з дома. Калі зловяць безь яе — штраф 135 эўра, другі раз — 375

«Для парадку ўведзены адміністрацыйны штраф у амаль 375 эўра, — працягвае Вайтовіч. — Калі вы выходзіце з выключнай прычыны, мусіце штораз пры сабе мець фармуляр ад МУС Францыі — раздрукаваны ці напісаны ад рукі, — у якім удакладняеце, чаму выйшлі з дому (без фармуляру штраф 135 эўра, другі раз ён павялічваецца да 375).

Паліцыя ды жандары не жартуюць, і ўжо зразумела, што бліжэйшымі днямі будзе яшчэ больш абмежаваньняў. Напрыклад, у суседняй Ніцы сёньня ўвечары будзе ўведзена камэнданцкая гадзіна да раніцы».

Што самае складанае ў жыцьці на карантыне?

«Складана асэнсаваць да канца. Напэўна, пужае невядомасьць. Ужо сёньня францускія ўлады сказалі, што ёсьць усе падставы падоўжыць карантын. Хтосьці падумае, што, седзячы на поўдні каля мора, — карантын у радасьць. Ведайце, што гэта ня так: пляжы закрытыя, а пустыя вуліцы і сталы паліцэйскі патруль ніяк не спрыяюць вакацыйнаму настрою».

Андрэй за працай
Андрэй за працай

«На Захадзе ўсім зразумела, што пандэмія ўжо разбурыла ўсясьветную эканоміку»

У Беларусі ў Андрэя Вайтовіча засталіся сям’я і сябры. У сваім канале ў тэлеграме ён піша пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі і заклікае ўвесьці ў краіне карантын.

«Я заўсёды памятаю, дзе нарадзіўся. Добра ведаю беларускія рэаліі. Большая частка людзей не разумеюць, што насамрэч адбываецца, праз адсутнасьць аб’ектыўнай інфармацыі. Іншы момант — гэта беларуская сыстэма аховы здароўя, якую я вельмі добра ведаю, асабліва яе жахлівы стан у рэгіёнах. Каранавірус ужо ў Беларусі, гэта было непазьбежна».

Андрэй мяркуе, што рэальная лічба хворых на каранавірус у Беларусі ў некалькі разоў большая за афіцыйную.

«Францускія мэдыкі кажуць, што маем справу зь вірусам, які ў большасьці не праяўляе сымптомаў, пераважна ў дзяцей, моладзі. Але акурат яны — першыя распаўсюднікі інфэкцыі. Чаму не закрыць школы, інстытуты?

Напэўна, улады баяцца панікі і эканамічных стратаў. Прабачце, але на Захадзе ўсім зразумела, што пандэмія каранавірусу ўжо разбурыла ўсясьветную эканоміку. Праз свой канал я хачу сказаць беларусам, каб пры магчымасьці заставацца дома яны рабілі гэта. Можаце праўдамі ці няпраўдамі пакінуць дзяцей дома? Зрабіце гэта. Я ня веру, што наша мэдыцына дасьць рады ў выпадку, калі лічбы захварэлых пачнуць памнажацца, як гэта адбываецца ў Італіі, у Францыі. Эўропа не спынілася б, калі б пандэмія каранавірусу была б „простай панікай“, пра якую кажа Лукашэнка.

Закрыйце школы і ўнівэрсытэты хаця б на два тыдні, скасуйце ўсе спартовыя спаборніцтвы, канцэрты, папрасіце людзей, асабліва з групы рызыкі, абмежаваць свае перамяшчэньні, закрыйце рэстараны, бары, клюбы. Давайце лічбы штодзень. Нагадвайце пра тыя рэкамэндацыі, якія дасылае WHO. Толькі зрабіце гэта зараз, бо пасьля будзе позна, — заклікае Андрэй Вайтовіч. — Эканоміка вытрывае, але жыцьцё чалавека не вымяраецца грашыма».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG