Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад шпіталя лепш не адмаўляцца, але ў тэсьце на каранавірус вам адмовяць законна. Юрыст тлумачыць вострыя пытаньні


Ілюстрацыйнае фота. Тэст на каранавірус у Нацыянальным аэрапорце Менск, 19 сакавіка 2020 году

Ці законна ізалююць на 14 дзён так званыя «кантакты першага ўзроўню» — людзей, якія мелі зносіны з асобай, у якой выяўлены COVID-19? Ці можа чалавек адмовіцца добраахвотна сысьці ў карантын? Ці можа грамадзянін патрабаваць, каб яму зрабілі тэст на каранавірус, калі лекары адмаўляюць — маўляў, «няма падставаў»? Тлумачыць юрыст Сяргей Зікрацкі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Дактары маюць права адмовіць у тэсьце на каранавірус

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўнесла каранавірус у пералік захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва. Пастанова міністэрства ўступіла ў сілу 6 сакавіка 2020 году.

Да таго ж ёсьць зацьверджаныя міністэрствам пратаколы выяўленьня і лячэньня каранавірусу, кажа юрыст. І там дакладна апісаныя падставы, на якіх мэдыкі абавязаныя ўзяць мазкі на каранавірус.

«Да прыкладу, у звычайнай сытуацыі па выяўленьні іншай хваробы і лячэньні доктар вядзе пацыента адпаведна пратаколу і кажа, якія дасьледаваньні ён мусіць прайсьці. Калі пацыент настойвае, што хоча зрабіць штосьці звыш прызначанага, ён можа пайсьці ў платны, камэрцыйны мэдычны цэнтар і зрабіць, да прыкладу, МРТ. Гэта права пацыента.

У выпадку каранавірусу ў пратаколе Міністэрства здароўя апісаныя мэханізмы, выпадкі, у якіх доктар мусіць прызначыць тэст. Калі таго канкрэтнага выпадку няма ў пратаколе, чалавек ня можа патрабаваць, каб яму зрабілі тэст», — тлумачыць юрыст Сяргей Зікрацкі.

Але ў камэрцыйных мэдычных цэнтрах тэстаў на каранавірус проста няма. Чаму чалавек ня мае магчымасьці перастрахавацца і зрабіць платны тэст, чаму дзяржава не дазваляе самастойна здаць тэсты за ўласныя грошы, каб чалавек супакоіўся?

«Бо дзяржава, ацэньваючы эпідэміялягічную сытуацыю, сама разумее, што няма сэнсу траціць гэтыя тэсты проста так, бо народ пачне плаціць за іх шалёныя грошы і выкупіць усе рэактывы, а дзяржаве не застанецца тэстаў на тыя выпадкі, калі тэсты насамрэч патрэбныя. Я ня бачу ніякіх парушэньняў з пункту гледжаньня правоў грамадзяніна, бо ёсьць пратакол Міністэрства здароўя.

Дзяржава не дазваляе самастойна здаць тэсты ў сытуацыі, калі колькасьць тэстаў абмежаваная», — тлумачыць юрыст.

«Тое, што сёньня робяць мэдыкі, заснавана на сьвядомасьці і сацыяльнай адказнасьці грамадзян»

Ці мае права брыгада мэдыкаў, якая прыехала, каб ізаляваць кантакты першага ўзроўню, забраць чалавека ў шпіталь на карантын прымусова?

Паводле Сяргея Зікрацкага, нават унясеньне каранавірусу ў сьпіс небясьпечных захворваньняў не дае мэдычным службам паўнамоцтваў прымусова ізаляваць асобаў першага кантакту з хворым.

Юрыст спасылаецца на частку 4 артыкулу 28 Закону аб ахове здароўя Рэспублікі Беларусі і артыкул 19 Закону аб папярэджаньні распаўсюджваньня небясьпечных захворваньняў і ВІЧ, згодна зь якімі, калі грамадзянін ухіляецца ад абавязковага мэдычнага агляду, яго могуць прымусова забраць у шпіталь па заключэньні лекарска-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя і з санкцыі пракурора.

«Аднак тое, што сёньня робяць мэдычныя службы, заснавана ў першую чаргу на сьвядомасьці і сацыяльнай адказнасьці нашых грамадзян. Мы ж ня ведаем, прымусова забіраюць ці не — магчыма, людзі самі пагаджаюцца, усьведамляючы небясьпечнасьць хваробы і маючы сацыяльную адказнасьць. Мне невядомыя факты прымусу.

Вядома, калі грамадзяне будуць адмаўляцца ад шпіталізацыі, адмаўляцца ад таго, што яны на 14 дзён застануцца ва ўмоўным карантыне, ва ўмоўнай самаізаляцыі — дзяржава вымушана будзе ўвесьці сапраўдны карантын», — кажа Сяргей Зікрацкі.

Але ўвядзеньне сапраўднага карантыну, на думку юрыста, у першую чаргу нэгатыўна адаб’ецца на эканоміцы. «Таму на сёньня дзяржава правільна робіць, што карантын ня ўводзіць і дае магчымасьць працаваць людзям, каб у нас ня здарыўся маштабны крызыс. І спадзяецца на тое, што грамадзяне, якія былі кантактамі першага ўзроўню, усё ж такі праявяць сьвядомасьць і будуць ізалявацца, у тым ліку і пад кантролем мэдычных службаў. Паколькі ёсьць такая магчымасьць і гэта прадугледжана пратаколамі Міністэрства аховы здароўя», — перакананы юрыст Сяргей Зікрацкі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG