Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бюджэтна паглядзець Афрыку. Парады ад беларускі, якая паўгода падарожнічала аўтаспынам


Віталіна Лабанава на дарогах Танзаніі

Заоляг Віталіна Лабанава амаль паўгода падарожнічала аўтастопам па Афрыцы. Зь якімі дзівосамі давялося сутыкнуцца на дарогах Кеніі, Уганды, Танзаніі, Замбіі і Намібіі — у яе дарожных нататках.

З кенійскімі дзецьмі
З кенійскімі дзецьмі

Віталіна родам зь Віцебску, пасьля школы паступіла на біялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, па разьмеркаваньні была накіраваная ў структуру Нацыянальнай акадэміі навук. У вольны час «стопіла» папуткі, самастойна наведвала адметныя мясьціны Беларусі, затым і суседніх краін. Аднак хацелася большага. Як толькі выйшаў тэрмін адпрацоўкі, звольнілася і зьехала на Камчатку.

Год адпрацавала валянтэрам на ахоўнай тэрыторыі Быстрынскага парку, уключанага ў сьпіс аб’ектаў Сусьветнай прыроднай спадчыны ЮНЭСКО. А потым пачала зьдзяйсьняць мары пра экзатычныя падарожжы: аб’ехала аўтастопам Паўднёва-Ўсходнюю Азію, Кітай, Індыю. Пры канцы мінулага году вырашыла скарыць чорны кантынэнт.

Сябры, якія пабывалі там раней, перадусім адгаварылі ехаць адной. Так у Віталіны зьявіўся спадарожнік, даўні піцерскі сябра Аляксей Антонаў. Хай не прыроджаны аўтаспыншчык, але выдатна ўпраўляецца з намётам і можа згатаваць ежу зь нічога, — называе галоўны аргумэнт падарожніца.

Зьмена антуражу

Такім чынам, першай дзяржавай у афрыканскім маршруце стала Кенія. Міні-дэсант прызямліўся ў Найробі 19 сьнежня 2017-га з намерам сустрэць Новы год пасярод мясцовай «зімы». Тут затрымаліся найдаўжэй — ажно на 2 месяцы. Як потым і ў іншых краінах, ня толькі любаваліся краявідамі, але за начлег ці сьняданак валянтэрылі ў экалягічных вёсках, рабілі на плянтацыях кавы, займаліся зь дзецьмі, дапамагалі фэрмэрам.

Віталіна Лабанава і Аляксей Антонаў на экватары, Уганда
Віталіна Лабанава і Аляксей Антонаў на экватары, Уганда

Наступнымі ў сьпісе былі Ўганда (3 тыдні), Танзанія (1,5 месяца), Замбія (2 тыдні), Намібія (1 месяц). Усе пераезды, у тым ліку празь дзяржаўныя межы, — выключна аўтастопам.

Паводле Віталіны, у афрыканскай місіі пераважаў прафэсійны інтарэс — знаёмства з тутэйшым жывёльным сьветам. Такіх сустрэч аказалася больш чым дастаткова. Свае ўражаньні яна ня толькі фіксавала на фота, але і рабіла так званы travel sketching — мастацкае падсумаваньне пражытага дня.

Вярнуўшыся дахаты, Віталіна Лабанава стала спэцыяльнай госьцяй дабрачыннай імпрэзы Belarus in Africa, якую некалькі апошніх гадоў ладзіць у Менску Аляксандра Папчанка, іншая беларуска, якая амаль тры гады жыве і працуе ў Нігерыі.

Віталіна на дабрачыннай імпрэзе Belarus in Africa
Віталіна на дабрачыннай імпрэзе Belarus in Africa

Што варта ведаць пра Афрыку — у практычных парадах ад віцебскай падарожніцы.

Афрыканскія візы

Амаль за 5,5 месяца мы праехалі 5 краін. Практычна ўсюды можна зрабіць візу на мяжы, у сярэднім 50 даляраў за кожную. Выключэньнем — Намібія, яна для беларусаў бясплатная. У нашым выпадку можна было захапіць і іншыя тэрыторыі. Але, па-першае, я не люблю езьдзіць «галёпам», па-другое, дзеля ўезду ў Батсвану ці Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку трэба афармляць візу ў амбасадзе, а ў Маскву выбірацца не было ні жаданьня, ні часу.

Веліч вадаспаду Вікторыя, Замбія
Веліч вадаспаду Вікторыя, Замбія

Існуе адзіная ўсходнеафрыканская віза, па якой можна наведаць адразу некалькі краін і такім чынам зэканоміць. Яе рэальна зрабіць або па прылёце, або на сайтах амбасадаў краін рэгіёну.

Чырвоныя дзюны Намібіі
Чырвоныя дзюны Намібіі

На жаль, з Кеніяй праз інтэрнэт не атрымалася, такой функцыі няма. А паколькі мы ляцелі ў Найробі, пабаялася, што ўзьнікнуць праблемы ў аэрапорце — здаралася, што людзей проста не пускалі на рэйс. Таму перастрахавалася, зрабіла онлайн кенійскую візу, а ўгандыйскую ўжо афармлялі на мяжы. Хоць усходнеафрыканская больш выгадная, яна захоплівае і Руанду.

Бюджэт аўтастопэра

Ляндшафты Ўганды
Ляндшафты Ўганды

​Зь якім размахам скараць Афрыку, залежыць ад бюджэту. Калі гатовыя езьдзіць аўтаспынам і начаваць у палатцы — гэта адно, а калі спыняцца ў нумарах — зусім іншае. Праблема ў тым, што там досыць цяжка знайсьці танны гатэль. У Азіі лёгка замовіць жыльлё праз інтэрнэт, у Афрыцы Booking.com выдае збольшага дарагія гатэльныя сеткі. У Кеніі, Танзаніі, Угандзе можна натрапіць на прымальны варыянт, але давядзецца езьдзіць і шукаць на месцы. І, як кажа наш досьвед, якасьць будзе моцна кульгаць.

Краявіды Кеніі
Краявіды Кеніі

Аўтаспынам — куды заўгодна. Кожны месяц мы мянялі 100–200 даляраў на чалавека, і гэтага хапала на ўсё. Для першага разу магчымыя Кенія, Уганда. Намібія найбольш цывілізаваная, там добрыя дарогі. У астатніх з гэтым туга, бяда для аўтастопэра. Ня вельмі раіла б Замбію: дзікая і першародная, але занадта вялікая. Траціш шмат часу на пераезды, а глядзець асабліва няма чаго. Калі ёсьць магчымасьць плаціць за сафары, у Танзаніі цудоўныя нацыянальныя паркі — напрыклад, Сэрэнгеці. Але кошт завоблачны. Калі ў Намібіі ўваход 8 даляраў, у астатніх трэба замаўляць пазадарожнік, гіда, на выхадзе 300–500 даляраў за дзень-два. Атамныя цэны без гарантыі якасьці.

Дасягненьні цывілізацыі

Аўтаспынам па Танзаніі
Аўтаспынам па Танзаніі

У дарозе карысталіся офлайнавай мабільнай аплікацыяй Maps.me, распрацаванай у Беларусі. Трэба сказаць, што з інтэрнэтам у Афрыцы ўсё ў парадку — проста купляеце мясцовую сім-карту. Дзесьці можна плаціць за тыдзень, дзесьці за месяц. 1,5–2 гігабайты каштуюць прыблізна 2 даляры. Акрамя Намібіі. Там за тыя ж самыя 2 даляры атрымаеце толькі 80 мэгабайтаў. Намібія больш цывілізаваная, адпаведна, і даражэйшая. Так, інтэрнэт там можна лавіць у кавярні, але пры гэтым надта дарагая мабільная сувязь. Мы ёй практычна і не карысталіся.

Кенійскія дальнабойнікі
Кенійскія дальнабойнікі

Што тычыцца Couchsurfing (глябальны міжнародны онлайн-сэрвіс гасьціннасьці для падарожнікаў і тых, хто ім спачувае. — РС). Вядома, заўсёды лепш паклапаціцца загадзя, але ў Афрыцы даводзілася ўсё рабіць напярэдадні. І, у прынцыпе, варыянты знаходзіліся. Наогул, Couchsurfing працуе нядрэнна, праўда, пераважна ў вялікіх гарадах. У малых з прапановамі проста фізычна туга. З уласных назіраньняў, карыстаюцца ім у большай ступені ці белыя, ці тыя, хто ўжо мае досьвед далёкіх падарожжаў. То бок крыху багацейшая публіка.

Кулінарны «трып»

Афрыканскія прысмакі
Афрыканскія прысмакі

На харчаваньне трацілі прыкладна 1–2 даляры. Даражэйшая, зноў жа, Намібія — у прынцыпе вышэйшы ўзровень жыцьця, плюс хадзілі ў KFC і McDonald’s па інтэрнэт. Стараліся купляць простую ежу. У Кеніі і Ўгандзе знайшлі газ, гатавалі самі. Пераважна рыс, макарону, бульбу, гародніну. Чым якраз і добрыя краіны ўсходняй Афрыкі — што ўсё можна набыць на вуліцы, і гэта нашмат таньней, чым у крамах. Часам у мэню было мяса, таксама недарагое.

Піва ідзе на ўра
Піва ідзе на ўра

Ва Ўгандзе спадабаліся «матоке» — гатунак несалодкіх бананаў. Ядуць іх як бульбу: вараць у вялікім чане, і на смак яны прыкладна як бульба ў мундзірах. У Намібіі вельмі смачнае мяса антылёпы. І хоць я супраць забойства дзікіх жывёл, устояць не змагла. Мы выпадкова «ўпісаліся» проста пад аэрапортам да памежнікаў, і яны двойчы нас частавалі, было здорава. На ўзьбярэжжы смакавалі алькагольныя напоі, якія не захоўваюцца доўга — кшталту бананавай ці какосавай брагі. У Кіліфі, напрыклад, пілі мназі, какосавае віно. Спачатку крыху дзіўныя адчуваньні, але ўрэшце зайшло добра. Наагул жа ад Кеніі да Замбіі распаўсюджаная брага з кукурузы.

Жывёльны сьвет

Лежбішча марскіх коцікаў на ўзьбярэжжы Намібіі
Лежбішча марскіх коцікаў на ўзьбярэжжы Намібіі

​Калі я падарожнічаю, шукаю найперш валянтэрскія праекты, зьвязаныя з жывёламі. На жаль, як і ў краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі, у Афрыцы гэта рэалізаваць складана — як правіла, яны платныя, прычым няслаба. Самыя дарагія зьвязаныя з вывучэньнем драпежнікаў, іх акліматызацыяй у новых месцах. Аддаць ад 300 да 1000 даляраў, каб «прыбіраць за сланом» — у такім рабунку, канечне, ня ўдзельнічаю. Бо сама трачу на харчаваньне 100 даляраў у месяц. Так, часам удаецца павалянтэрыць у чымсьці сумежным, але ўсё роўна ня тое. Калі знайду працу, якая ва ўсім задаволіць, пэўна, на нейкі час застануся.

З кенійскім жырафам
З кенійскім жырафам

Наогул, усё залежыць ад таго, што вас цікавіць. Калі перасоўваецеся аўтастопам і спадзеяцеся пабачыць жывёлу з вакна машыны, лепш за ўсё ехаць у Кенію ці Намібію. Там яны ходзяць проста па ўзбочыне, пераходзяць дарогу. У астатніх краінах — толькі нацпаркі. Паколькі мне было цікавае перадусім зьвяр’ё, усе сустрэчы, асабліва выпадковыя, пакідалі масу эмоцый. Скажам, уначы прабіраліся да возера, дзе жывуць гіпапатамы, і натрапілі на сланоў. Крутое відовішча! А потым ставіш намёт, і за 20 мэтраў равуць бэгемоты, як быццам дакараюць: ну чаго вы сюды прыперліся?

Камарыная атака

Сымпатычны танзанійскі хамэлеон
Сымпатычны танзанійскі хамэлеон

Задача № 1 — ня даць сябе ўкусіць малярыйнаму камару. Ад малярыі прышчэпак няма, мы рабілі ад жоўтай ліхаманкі, тыфусу і гепатыту А. Таму, калі адчуваеш нейкія непрыемныя сымптомы, трэба зьвяртацца да мэдыкаў: чым раней, тым больш гарантый, што дапамогуць. Камароў хапала, асабліва ў дажджавы пэрыяд у Танзаніі. Заміналі капітальна: трэба гатаваць ежу, а ня можаш адхінуць палатку, бо адразу заляціць цэлае полчышча. А шмат дзе іх не было зусім. Розныя мошкі таксама ляталі, але моцна не даймалі.

Дружалюбная чарапаха
Дружалюбная чарапаха

Нас увесь час палохалі: як будзеце ставіць намёты, там жа зьмеі! Насамрэч адзін раз бачылі зьмяю ва Ўгандзе каля Нілу і яшчэ пару раздушаных на дарозе. І ўсё. Хамэлеоны, яшчаркі, неяк натрапілі на скарпіёнчыка. Таксама нам казалі: вас зьядуць ільвы! Каб рэальна сутыкнуцца з драпежнікам, трэба ехаць у нацпарк, плаціць вялікія грошы, і тады табе пакажуць, дзе яны жывуць. Бачылі на волі лісаў, шакалаў, ня больш за тое. Сланы, антылёпы, зэбры, жырафы — іншая рэч, сустрэць не праблема.

Эмацыйныя абарыгены

Новыя кенійскія знаёмцы
Новыя кенійскія знаёмцы

Мясцовыя ў масе сваёй прыветлівыя, дружалюбныя. Часта падыходзяць і запытваюць, ці не патрэбная дапамога. Крыху напружвае псыхалягічна, бо пастаянна даводзіцца кантактаваць: да цябе заўсёды падвышаны інтарэс, ты ня можаш прашмыгнуць незаўважаным... Хоць тут заўсёды лічыцца, што белы — багаты, але калі кажаш кіроўцу, што падарожнічаеш бяз грошай, рэагуюць нармальна. Прынамсі, у Кеніі, Танзаніі. Шчыра зьдзіўляюцца: рэальна сьпіце ў палатках? Паказваем здымкі, робяць зьдзіўленыя вочы.

Цікаўныя ўгандыйскія малыя
Цікаўныя ўгандыйскія малыя

Нас папярэджвалі пра праблемы зь бясьпекай, але мы нічога не адчулі. Так, ня варта бадзяцца па бедных раёнах, хоць самі мы туды наведваліся. Дзеці — размова асобная. Аблепяць з усіх бакоў — мзунгу, мзунгу! (белы). Але ў тым, што клянчаць грошы, цукеркі, вінаватыя найперш турысты. Бачаць «няшчасных чорных малых» і падкормліваюць. Калі наступным разам зьяўляецца белы, тыя чакаюць падачак. Выпрацоўваецца звычка. Такое я бачыла ў Нэпале, калі на горных маршрутах дзеці проста атакавалі замежнікаў. Не лічу гэта правільным. Так, трэба дапамагаць школам, дабрачынным арганізацыям, а не раздаваць за нішто, ад шкадобы. Людзей гэта толькі псуе.

Правілы бясьпекі

Вяршыня Кіліманджара ў Танзаніі
Вяршыня Кіліманджара ў Танзаніі

​У нас нічога ня скралі, не парэзалі сумак. Адзінае, пасьля месяца падарожжа Аляксей згубіў фотаапарат. Але гэта ягоная прамашка, проста пакінуў камэру на дарозе, калі стопілі аўто. Некалькі разоў траплялі ў аварыі. Першы раз ехалі на фуры ў Танзаніі, замест дарогі бруднае месіва. Машыну вынесла ў кювэт, яна мякка перакулілася, і мы апынуліся ўнутры. Другі раз у Намібіі, ужо больш жорстка: п’яныя хлопцы на хуткасьці 180 км/г не ўпісаліся ў круты паварот, і мы вылецелі ў пустыню. У абодвух выпадках нічога страшнага ня здарылася.

На 5-тысячным піку гары Кенія
На 5-тысячным піку гары Кенія

Цікава, што Намібія хоць і больш цывілізаваная, адчуваеш сябе крыху напружана. Можа, з-за таго, што дамы заможных людзей схаваныя за высокім платамі з сыгналізацыяй і калючым дротам. І ўжо сам сябе настройваеш на небясьпеку. Але насамрэч нічога надзвычайнага не было. Бадай, самае непрыемнае, калі ў Танзаніі нас 7 гадзін трымалі ў паліцыі. Маўляў, недзе ў Брытаніі злавілі расейскага шпіёна, і яны разьбіраліся, ці маем мы да гэтага дачыненьне (мабыць, гаворка пра справу Скрыпаля. — РС). Тады паставілі проста ва ўчастку намёт і на наступны дзень запатрабавалі ад паліцэйскіх, каб нам аплацілі дарогу з Кігомы да трасы, дзе мы зьбіраліся «стопіць».

Аўтэнтычныя рытуалы

Трэба сказаць, што Афрыка зусім не падобная да Азіі. Я падарожнічала шмат па якіх азіяцкіх краінах і думала, што будзе нешта падобнае. Але прыяжджаеш і адразу разумееш: гэты прынцыпова іншы сьвет. І прырода, і пэйзажы, і людзі — розьніца ва ўсім.

З гост-сям’ёй у Кеніі
З гост-сям’ёй у Кеніі

Адно з самых моцных уражаньняў — цырымонія пасьвячэньня ў воіны маладых мужчын племені самбуру ў Кеніі. У некаторых месцах, даступных турыстам, яны таксама крыху разбалаваныя ўвагай, але ў аддаленых раёнах захавалі аўтэнтычны лад жыцьця. Калі трапляеш на такую цырымонію, рэальна разумееш: племя жывое, яно не асучасьнілася.

Падчас цырымоніі пасьвячэньня ў воіны, племя самбуру
Падчас цырымоніі пасьвячэньня ў воіны, племя самбуру

Унікальны антураж, надзвычай яскравыя ўпрыгожаньні. Нас частавалі мясам ахвярных жывёл, якіх забівалі адмыслова для такога сьвята. Па дарозе на возера Туркана, вакол якога спакон веку жыве племя з такой жа назвай, сустракалі і іншыя напаўкачавыя народы. Селяцца ў аазісах, дзе ёсьць крыніца вады, займаюцца пераважна вярблюдамі і козамі. Этнас ужо бліжэйшы да этыёпаў. Калі ўдасца пабываць у такіх месцах — досьвед надзвычай цікавы.

Градус кантынэнту

У Афрыцы горача: да 35–40 градусаў. Але не заўсёды і ня ўсюды, залежыць ад месца і ляндшафту. У некаторых месцах пекла ўдзень і, наадварот, холадна ўначы. Наогул, у пустынях начныя халады — рэч звыклая. Бліжэй да гары Кенія, шмат дзе ва Ўгандзе днём ня так сьпякотна. А вось на ўзьбярэжжы горача і ўдзень, і ўначы.

Мёртвая даліна ў Намібіі
Мёртвая даліна ў Намібіі

У Намібіі ўначы быў проста дубар: у намёце трэба апранацца, залазіць у цёплы спальнік. На беразе Атлянтыкі раніцай частыя туманы. У Танзаніі і Замбіі, калі спыняліся каля азёраў, таксама па начах холад. Але як толькі ўстае сонца, усё становіцца на свае месцы.

Вадаспад ва Ўгандзе
Вадаспад ва Ўгандзе

Важная акалічнасьць пры падарожжы аўтастопам — сэзон дажджоў. Нам спадабалася ў Кеніі, хацелася затрымацца яшчэ. Але канчалася сухая пара, трэба было пасьпець праехаць Уганду і, пажадана, дабрацца да Танзаніі. Баяліся, што перамяшчацца стане праблематычна — грунтовыя дарогі ператвараюцца ў балота, машыны амаль ня езьдзяць. Зрэшты, боязь была збольшага марнаю. У Танзаніі — адзінай, дзе засьпелі вільготны пэрыяд — дождж ліў усё ж ня круглыя суткі, часам толькі ўначы ці раніцай. Але здаралася, што і цэлы дзень.

Невядомая Беларусь

Зэбры ў Кеніі
Зэбры ў Кеніі

Натуральна, цікавяцца, адкуль прыехалі, хто такія. Пачуўшы, што зь Беларусі, зьдзіўлена перапытваюць, удакладняюць: ці гэта раптам ня Бэльгія?

Напрыклад, ва Ўгандзе, калі куплялі сім-карту, трэба было зарэгістравацца. Дык Беларусь у сьпісах краінаў ня значыцца ўвогуле. Босьнія і Бэліз ёсьць, а нас як быццам не існуе ў прыродзе.

Дробныя антылёпы Намібіі
Дробныя антылёпы Намібіі

На пальцах даводзіцца тлумачыць, што гэта Ўсходняя Эўропа, незалежная дзяржава паміж Расеяй, Польшчай, Украінай. Часам яшчэ пра штосьці запытаюць, пацікавяцца, але ў рэдкім выпадку, бо ўсё роўна нічога не разумеюць. Да таго ж у нас была інтэрнацыянальная пара: я зь Віцебску, мой сябра зь Піцера. Калі Лёша кажа, што ён з Расеі, яны адразу пераключаюцца на яго, бо Расея так ці інакш на слыху. Пачынаюць абмяркоўваць чэмпіянат сьвету па футболе-2018 у Расеі, яшчэ нешта. Ну і ўсё, пра Беларусь імгненна забываюцца. Так што для афрыканцаў мы яшчэ большая terra incognita, чым яны для нас.

Сіла мастацтва

Гадоў 10 таму, калі я паступіла ў БДУ, мне вельмі захацелася навучыцца маляваць. І пачала практыкавацца. А калі ў 2014-м зьбіралася на Камчатку, вырашыла, што кожны дзень буду рабіць замалёўкі. Ад таго часу заўсёды пад рукой фарбы, блякноты.

Скетчы Віталіны Лабанавай
Скетчы Віталіны Лабанавай

Таму, прыяжджаючы ў нейкае месца, я малюю. Раблю гэта, калі падарожнічаю адна, а гэтым разам было нават прасьцей: пакуль мой кампаньён гатаваў ежу ці хадзіў па прадукты ў краму ці на рынак, я магла спакойна маляваць.

Замалёўкі беларускага заоляга
Замалёўкі беларускага заоляга

З сабой у заплечніку збольшага цягаю алейныя фарбы, акварэль, алоўкі, туш, маркеры, флямастэры. Пераважна малюю акварэльлю, але ў гэтай паездцы перайшла на маркеры і цяпер вяду гэткі візуальны дзёньнік (можна пабачыць у маім Інстаграме). Часам зарабляю менавіта тым, што прадаю паштоўкі — праз інтэрнэт або ў краінах, якія наведваю...

Віцебская падарожніца Віталіна Лабанава
Віцебская падарожніца Віталіна Лабанава

Віталіна Лабанава кажа, што разьлічвае расьцягнуць свой вялікі адпачынак гады яшчэ на два. У плянах — новыя падарожжы па мясьцінах, не «затаптаных» турыстамі. Пасьля гэтага плянуе вярнуцца ў прафэсію — балазе, досьведу знаёмства з сусьветнай фаўнай шмат хто з калегаў-заолягаў ужо можа пазайздросьціць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG