«Росатом» пакуль ня бачыць рызыкі пераносу графікаў рэалізацыі сваіх праектаў на фоне пандэміі каранавірусу, спасылаецца «Інтэрфакс» на кіраўніка дзяржкарпарацыі Аляксея Ліхачова.
«Усе праекты ідуць паводле вызначанага пляну, — адзначыў ён, кажучы пра замежныя будоўлі карпарацыі, у тым ліку ў Беларусі. — Пакуль мы ня бачым дадатковых сур’ёзных рызык у графіках нашых будоўляў сёлета. Праўда, як будзе разьвівацца сытуацыя ў той ці іншай краіне, канчаткова прадказаць ня можам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каранавірус і нявывучаны ўрок ЧарнобылюПаводле Ліхачова, цяпер найбольшая колькасьць пэрсаналу задзейначана на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Таксама ідуць работы ў Кітаі і Турэччыне.
«І ў колькасьці людзей, і ў неабходнасьці ісьці наперад кожны дзень, кожную гадзіну — гэта будоўля ў Беларусі, першы пускавы блёк БелАЭС, — паведаміў ён. — У нас поўнае разуменьне з нашымі беларускімі партнэрамі».
Ліхачоў удакладніў, што карпарацыя гатовая да складанасьцяў і дапускае іх магчымасьць, аднак на сёньня дзейнасьць вядзецца згодна з графікам, зацьверджаным на гэты год.