Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавірусу». Мэдыкі раяць адваротнае

Аляксандар Лукашэнка на Верхнядзьвінскім маслазаводзе, 2011 год

Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу, якая не супадае з рэкамэндацыямі Сусьветнай арганізацыі здароўя. Да трактароў, хакею, лазьні і гарэлкі дадалася тлустая ежа.

У інтэрвію тэлеканалу «Мир», якое цытуе «Звязда», Аляксандар Лукашэнка заявіў, што самаізаляцыя дома, да якой заклікаюць мэдыкі шматлікіх краінаў (у тым ліку Мінздароўя Беларусі) не зьяўляецца эфэктыўнай у барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Каб змагацца з інфэкцыямі ён параіў часьцей бываць на сьвежым паветры, займацца спортам і добра харчавацца.

«Учора адзін вельмі разумны расеец, я паслухаў, кажа: трэба фізычна змагацца зь ім, — казаў Лукашэнка пра каранавірус. — Я думаю, як жа фізычна? Трэба сябе засьцерагчы ад небясьпекі. Спортам займацца трэба і на сьвежым паветры быць. Трэба лёгкім дапамагчы.

Мы, маўляў, на дыеце сядзелі, а патрэбная тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А сьметанкавае масла трэба зараз есьці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі. Калі спэцыяліст, вучоны кажа, напэўна, ня дурань. Вось я з досьведу свайго яго ў гэтым падтрымліваю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдык

На якога навукоўца спасылаецца Лукашэнка, невядома. Але Сустветная арганізацыя здароўя (WHO) раіць у час пандэміі каранавірусу пазьбягаць тлустай ежы, а таксама занадта салодкага або салёнага рацыёну, каб зьменшыць рызыку залішняй вагі (якую сярод іншага зьвязваюць з дадатковымі пагрозамі ў выпадку інфэкцыі), праблемаў з сэрцам, інсультаў, дыябэту і раку.

WHO заклікае спажываць умераную колькасьць тлушчоў і алеяў, аддаваць перавагу ненасычаным тлушчам (рыбе, соі, аліўкавым, сланечнікавым і кукурузным алеям, а ня тлустаму мясу, маслу, сыру, какосаваму або пальмаваму алею). Зь мяса раяць аддаваць перавагу «беламу» (птушынаму), а не «чырвонаму», з малочных прадуктаў — нізкай тлушчавасьці або абястлушчаныя.

Фаст-фуду, піцаў і іншай «вулічнай» і «рэстараннай» ежы, багатай на тлушчы, таксама рэкамэндуюць пазьбягаць. Каб перакусіць, WHO раіць сьвежую садавіну і гародніну замест тлустага або салодкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аптэчка. 90 адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памажыце Беларусі выжыць». Дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя напісалі дзьве пэтыцыі

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ