Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская служба вонкавых сувязяў занепакоена дэзынфармацыяй вакол COVID-19. Асноўныя пункты


Эўрапейская служба вонкавых сувязяў (EEAS) выпусьціла кароткую ацэнку рыторыкі і дэзынфармацыі вакол COVID-19, якія распаўсюджваюцца па ўсім сьвеце з патэнцыйна шкоднымі наступствамі для грамадзкай сыстэмы аховы здароўя і эфэктыўнай камунікацыі падчас крызісу.

На думку дыпляматаў ЭЗ, скаардынаваная дэзынфармацыя ў сьвеце накіраваная на тое, каб вызначыць неабароненыя меншасьці як прычыну пандэміі і выклікаць недавер да здольнасьці дэмакратычных інстытутаў арганізаваць эфэктыўны адказ на распаўсюджваньне хваробы.

Некаторыя дзяржавы і суб’екты, якіх гэтыя дзяржавы падтрымліваюць, імкнуцца выкарыстаць крызіс грамадзкай сыстэмы аховы здароўя для прасоўваньня геапалітычных інтарэсаў. Для гэтага яны часта адкрыта кідаюць выклік аўтарытэту Эўрапейскага Зьвязу і яго партнэраў.

Вось некаторыя прыклады.

Глябальна

  • Сьцьвярджаецца, што Эўразьвяз распадзецца ў выніку пандэміі COVID-19. Гэткія сьцьверджаньні можна сустрэць у сацыяльных сетках усіх прааналізаваных эўрапейскімі дыпляматамі рэгіёнах.
  • Сярод паведамленьняў пра COVID-19, апублікаванага RT і Sputnik, ёсьць артыкулы з кансьпіралягічнымі сюжэтамі. Напрыклад, што «вірус быў створаны чалавекам» або распаўсюджваецца наўмысна. Такія паведамленьні звычайна атрымліваюць большую падтрымку ў сацыяльных сетках, чым іншыя.

Эўразьвяз

  • Ілжывыя парады і дэзынфармацыя ў справе COVID-19 далей распаўсюджваюцца ў сацыяльных мэдыя. Гэта супярэчыць афіцыйным рэкамэндацыям САЗ і ўнутранай палітыцы інтэрнэт-плятформаў. Напрыклад, Sputnik Deutschland распаўсюджвае заяву ў Facebook і Twitter, што «мыцьцё рук не дапамагае».
  • Доказныя факты сьведчаць, што інтэрнэт-плятформы працягваюць манэтызаваць дэзынфармацыю і тэорыі змовы, зьвязаныя з COVID-19.

Афрыка

  • У некаторых краінах кампаніі варожасьці супраць сацыяльных і этнічных груп становяцца віруснымі.
  • Пракітайскія паведамленьні аб дапамозе і яе распаўсюджваньні ствараюць праблемы для рэпутацыі іншых донараў.

Кітай

  • Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі і дзяржаўныя чыноўнікі прапагандуюць неправераныя тэорыі аб паходжаньні COVID-19.
  • Кітайскія мэдыя падкрэсьліваюць ўдзячнасьць некаторых эўрапейскіх лідэраў за кітайскую дапамогу.

Блізкі Ўсход і Паўночная Афрыка

  • Ісламская дзяржава заклікае баевікоў выкарыстоўваць хаос і блытаніну вакол COVID-19, адначасова называючы пандэмію «пакутніцкай ахвярай» супраць «нацый крыжакоў».
  • Сырыйскі рэжым выкарыстоўвае COVID-19 для нападак на санкцыі ЭЗ. Дзяржавы Эўразьвязу абвінавачваюцца ў тым, што яны ня ў стане дапамагчы адна адной або крадуць рэсурсы, прызначаныя для мясцовага выкарыстаньня.

Расея

  • Больш за 150 выпадкаў пракрамлёўскай дэзынфармацыі на тэму COVID-19 зафіксавана ў базе дадзеных спэцыяльнай структуры Эўразьвязу для процідзеяньня дэзынфармацыі EUvsDisinfo пачынаючы ад 22 студзеня сёлета.
  • Расейскія сродкі масавай інфармацыі, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, перамясьцілі акцэнт на падкрэсьліваньне гатоўнасьці Расеі да вырашэньня гэтай праблемы.
  • Расейская дапамога Італіі была шырока асьветленая і разрэклямаваная.

Турэччына

  • На фоне агульных антыэўрапейскіх матываў і крытыкі Эўразьвязу ў сувязі з пандэміяй COVID-19 у сацыяльных мэдыя працягвае шырока распаўсюджвацца лжывая і скажоная інфармацыя на тэмы здароўя.

Заходнія Балканы

  • У трэндзе застаюцца тэорыі змовы, у якіх сьцьвярджаецца, што вірус — гэта амэрыканская біялягічная зброя або падстава для замежнага ўварваньня.
  • Крызіс вакол COVID-19 зьвязваюць з размовамі пра тое, што Эўразьвяз адварочваецца ад Заходніх Балканаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG