Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тата хацеў праславіць Віцебск як актор, а праславіў як першая ахвяра каранавірусу». Інтэрвію з дачкой Віктара Дашкевіча. ВІДЭА


У Віцебску Свабода пагаварыла з дачкой Віктара Дашкевіча, заслужанага артыста Беларусі, які памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка. Мэдыкі пацьвердзілі, што актор быў інфікаваны каранавірусам.

COVID-19 афіцыйна прызналі, але ў даведцы аб сьмерці стаіць «пнэўманія»

— Як ваш бацька трапіў у шпіталь?

— Апошні раз я бачыла тату ў пятніцу 20 сакавіка. На той час ён ужо зьвяртаўся да лекара. Трэба разумець, што ў таты была хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх. Час ад часу адчуваў праблемы з дыханьнем. Але з гэтым можна жыць.

У яго працягвала павышацца тэмпэратура, і маці ўзяла накіраваньне на флюараграфію. І маці, і бацьку дыягнаставалі запаленьне лёгкіх, і ў суботу раніцай, 21 сакавіка, тату забралі ў шпіталь.

У нас некаторыя лякарні ўжо прыстасаваныя пад пульманалёгію, таму што няма месцаў, як я разумею. І тату, і маму забралі ў шпіталь дзённага знаходжаньня скурвэндыспансэра. Чаму абаіх? Прыехалі дактары, і ішла гаворка, што мама таксама з тэмпэратурай, у яе неідэальны рэнтген.

Там была граматная загадчыца адзьдзяленьня. Яна сказала, паколькі ў таты абструкцыйная хвароба лёгкіх, яму трэба паляжаць на апараце штучнай вэнтыляцыі, каб падтрымаць лёгкія. І яго перавялі ў чыгуначны шпіталь. У ноч зь серады на чацьвер тату стала дрэнна. Добра, што ён на той час быў ужо ў рэанімацыі і там працягваліся рэанімацыйныя дзеяньні.

— І там ужо пацьвердзілі каранавірус?

— Так, тэст на каранавірус ужо ў шпіталі рабілі. Першы быў адмоўным. Калі тата ляжаў ужо на апараце штучнага дыханьня, пацьвердзілі каранавірус.

— Але ў пасьведчаньні аб сьмерці ж няма слова «каранавірус»?

— Мне патлумачылі дактары, што ёсьць пэўная колькасьць дыягназаў, якія ставяць (як прычыну сьмерці. — РС). Пнэўманія — гэта звычайны дыягназ. Чым яна выкліканая, ужо лекарскія справы. Напэўна, гэта фігуруе дзесьці ў іхных дакумэнтах.

Афіцыйна прызналі, што ў таты каранавірус, іначай не адправілі б маму на карантын дадому на 14 дзён. Ды яшчэ пад наглядам. Могуць прыйсьці ў любы момант і праверыць яе. Думаю, гэта правільна.

Людзей клалі ў адну палату, а ўжо потым бралі аналізы. Я лічу, гэта няправільна.

— Ці вядома, дзе ён мог падхапіць каранавірус?

— Тата за мяжу апошнім часам не выяжджаў. Толькі з гастролямі езьдзіў ён за мяжу. Апошнім замежжам у іх была Рыга, і гэта было вельмі даўно.

Вы разумееце, што вірус — ён меншы за чалавечую клетку. Дзе ён яго падхапіў, я ня ведаю. Нас трошкі бянтэжыць, што людзей клалі ў адну агульную палату, а ўжо потым бралі аналізы. Я лічу, гэта няправільна. Але гэта не праблема нашых мэдыкаў. Праблема ў тым, што мы аказаліся непадрыхтаванымі да эпідэміі. Здавалася б, чаго прасьцей — пакінуць чалавека на суткі дома, зрабіць аналізы, а потым вырашыць, куды адпраўляць: у ізаляцыю ці ў агульную палату. Мне так здаецца.

Але нашыя дактары працуюць самаахвярна. У мяне душа баліць за іх. Тата трапіў у адну палату, дзе 6 чалавек. А ў доктара такіх палат 10. І шалёная куля можа прыляцець адкуль заўгодна. Яны як на вайне.

На пахаваньні былі тры чалавекі. Маму адпусьцілі з карантыну, але ў масцы і пальчатках

— У вас не было грамадзкага разьвітаньня.

— Санстанцыя нам расказала, у якіх умовах мы можам пахаваць тату. Мы ўсе гэтыя ўмовы выканалі. Тату мы бачылі ў моргу, каб пацьвердзіць, што гэта дакладна ягонае цела паклалі ў труну. Прычым мы глядзелі здалёк. За пару мэтраў ад труны. У моргу тату толькі надзелі пярсьцёнак, бо яго зьнялі ў рэанімацыі. Так папрасіла мама.

Калі мы яго апазналі, труну зачынілі, і мы паехалі на могілкі. Адпяваў сьвятар зачыненую труну. Маме дазволілі на пахаваньне прыйсьці, але ў масцы і пальчатках. Было шмат умоваў, яна ўсе выканала.

На пахаваньні былі мы ўтраіх. Мама, я і мой муж. Мая сястра з мужам не змаглі прыехаць з Расеі, бо потым іх не пусьцілі б назад. Нас папярэдзілі, што людзей павінна быць мінімум. Сын мой зь Менску не прыехаў. Хаця для яго дзед быў усім. Ён вучыцца там, дзе вучыўся дзед. На рэжысуры тэатра лялек. Але мая мама баіцца за ўнука, прасіла не прыяжджаць, бо ў яго слабыя лёгкія.

— Памёр заслужаны артыст Беларусі. Ці была нейкая афіцыйная рэакцыя ўладаў, Міністэрства культуры?

— Ад гарадзкіх уладаў пакуль няма спачуваньняў. Думаю, яны зьявяцца ў газэтах, зьявяцца нэкралёгі. Адрэагавалі сродкі масавай інфармацыі. Зьявіўся нэкралёг на партале «Народных навінаў Віцебска». А ўлады дапамаглі, каб у таты было добрае месца на Георгіеўскіх могілках.

Тэатар узяў на сябе ўсе выдаткі на пахаваньне. Але вы разумееце, што гэта фармальнасьці.

Калі паглядзець на сытуацыю збоку... Вельмі крыўдна, бо тата хацеў праславіць свой горад і тэатар як актор, а праславіў як першая ахвяра каранавірусу. Вельмі гэта недарэчна. Чамусьці мы ня можам аддаць належнае людзям пры жыцьці.

— А пра цытату Лукашэнкі наконт сьмерці вашага бацькі ці можаце нешта сказаць?

— Гэта прыватная думка, кожны мае на яе права. Але хочацца спачатку пачуць хаця б фармальныя спачуваньні, а ўжо потым меркаваньні.

Трэба слухаць спэцыялістаў, а ня думаць, што пра нас скажа ўвесь сьвет

— Як вы лічыце, ці трэба ўвесьці строгі карантын у Беларусі ці Віцебску, як гэта робяць у многіх краінах?

— Колькі людзей, столькі поглядаў. У мяне ёсьць блізкая сяброўка ў Каўнасе. Яна кажа: «У вас усё робіцца правільна, іначай ляжа эканоміка». Але яна пра гэта кажа на эмоцыях.

Сапраўды, трэба ўсё пралічыць. Мне здаецца, у краіне вельмі шмат спэцыялістаў, якія могуць падказаць, што цяпер рабіць. Трэба выконваць парады такіх людзей і адмежавацца ад эмоцый. Ня варта думаць, што пра гэта скажуць іншыя, як на нас паглядзіць сьвет.

Можа быць, і для эканомікі было б прасьцей, каб мы закрыліся на месяц, лякалізавалі гэты выбух. Чым потым у нас пачне паміраць працаздольная частка насельніцтва. Вось гэта павінна вылічыць спэцыялісты.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG