Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі рэжысэр абураны, што на БТ яго назвалі крыніцай каранавірусу ў віцебскім тэатры


Тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску

Віцебская чыноўніца ў эфіры БТ заявіла, што актора, які памёр з пацьверджаным каранавірусам, заразіў замежнік. У размове са Свабодай яна пацьвердзіла, што маецца на ўвазе маскоўскі рэжысэр. Рэжысэр назваў словы чыноўніцы «лухтой» і зьбіраецца зьвяртацца ў суд.

Што адбылося

  • 31 сакавіка віцебская чыноўніца Людміла Кавалёва ў эфіры БТ заявіла, што першую ў Беларусі ахвяру каранавірусу, заслужанага артыста Беларусі Віктара Дашкевіча, патэнцыйна мог заразіць «грамадзянін з замежжа». А «інфікаваньне адбылося падчас рэпэтыцыі».
  • Свабода высьветліла, хто той таямнічы «грамадзянін з замежжа». Аказалася, што гэта вядомы маскоўскі рэжысэр Аляксандар Дольнікаў, на каранавірус яго ніхто не правяраў, і цяпер ён пачуваецца добра.
  • Дольнікаў паведаміў Свабодзе, што напісаў абураны ліст на імя кіраўніцтва Ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму, патрабуе афіцыйнага выбачэньня за паклёп і зьбіраецца зьвярнуцца ў суд.

З замежнікаў Віктар Дашкевіч мог кантактаваць толькі з расейскім рэжысэрам

Намесьніца начальніка абласнога ўпраўленьня здароўя Віцебскага аблвыканкаму Людміла Кавалёва ў эфіры Беларускага тэлебачаньня 31 сакавіка прозьвішча чалавека, які патэнцыйна мог заразіць Віктара Дашкевіча, не назвала. Яна прамовіла, што артыст Віктар Дашкевіч «кантактаваў з патэнцыйнай крыніцай, гэта грамадзянін з замежжа. Інфікаваньне адбылося падчас рэпэтыцыі».

Паводле сваякоў нябожчыка, за апошнія тры тыдні ў тэатры Віктар Дашкевіч быў тройчы: 10 і 11 сакавіка ён граў у дзіцячым спэктаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка прысутнічаў на паседжаньні мастацкай рады на здачы спэктакля «Восеньскі рок-н-рол».

Спэктакль на сцэне тэатру ставіў расейскі рэжысэр беларускага паходжаньня Аляксандар Дольнікаў. Іншых замежнікаў у тэатры не было.

Чыноўніца Кавалёва: «Прозьвішча я вам назваць не магу. Я ня ведаю»

Свабода зьвязалася з чыноўніцай Людмілай Кавалёвай, каб удакладніць, хто ж гэты таямнічы «грамадзянін з замежжа», зь якой краіны, як яго прозьвішча.

«Прозьвішча я вам назваць не магу. Я ня ведаю. Я не цікавілася на той момант прозьвішчам. Магчыма, нам давалі прозьвішча, але я зараз не магу пацьвердзіць канкрэтна прозьвішча... Мы не сказалі, што гэта ён заразіў», — тлумачыць жанчына.

Чыноўніца, аднак, пацьвердзіла, што маецца на ўвазе маскоўскі рэжысэр, які зусім нядаўна ставіў спэктакль «Восеньскі рок-н-рол» на сцэне Коласаўскага тэатру.

А вось на пытаньне, ці ізаляваны той чалавек, які патэнцыйна мог заразіць актора, ці ўзялі ў яго тэст на каранавірус, ці хварэе, ці назіраюць за ім, спадарыня Кавалёва таксама не змагла адказаць.

І прапанавала зьвярнуцца ў Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, які праводзіў расьсьледаваньне.

«Нам Цэнтар гігіены даваў такую інфармацыю. Менавіта ён займаецца вывучэньнем кантактаў. Там маса кантактаў, я фізычна не магу сказаць па кожным. Я ня памятаю, ці давалі мне прозьвішча. Я спадзяюся, што адказала на ваша пытаньне», — сказала Людміла Кавалёва і паклала слухаўку.

Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі: «Замежны грамадзянін — адна з вэрсій»

Намесьнік галоўнага лекара Віцебскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Аляксандар Перадкоў таксама прозьвішча чалавека, які патэнцыйна мог заразіць актора, не назваў.

Ён патлумачыў, што эпідэміялягічнае расьсьледаваньне падобнае да сьледзтва, калі вывучаецца шмат вэрсій.

«Чалавек па працы кантактаваў з шырокім колам асобаў, вывучаліся ўсе магчымыя кантакты актора. І, як у любым расьсьледаваньні, вылучаюцца многія вэрсіі. Але ніхто нікога не абвінаваціў, прозьвішча не гучала. Там не называлася нічога. Вылучалася шмат вэрсій. Чаму Кавалёва агучыла менавіта такую вэрсію з замежным грамадзянінам — гэта пытаньне да яе», — кажа Аляксандар Перадкоў.

У спэктаклі Дольнікава нябожчык Віктар Дашкевіч ня быў заняты

Свабода зьвязалася з рэжысэрам з Масквы Аляксандрам Дольнікавым, які ставіў у Коласаўскім тэатры «Восеньскі рок-н-рол».

Ён сьцьвярджае, што адразу пасьля прэм’еры свайго спэктакля 20 сакавіка выехаў у Маскву. Дабіраўся дадому цягніком Полацак — Масква, на мяжы ў яго памералі тэмпэратуру. 21 сакавіка рэжысэр ужо быў у Маскве.

У Дольнікава ніякіх недамаганьняў.

«Я абсалютна здаровы. А тое, што кажа віцебская чыноўніца, абсалютная брахня, лухта, глупства! Хочацца, прабачце, выказацца нецэнзурна. Не ўяўляю, зь якой столі ўзятая гэтая інфармацыя, менавіта са столі!» — абураецца Аляксандар Дольнікаў.

Ён сьцьвярджае, што на рэпэтыцыях «Восеньскага рок-н-рола» Віктара Дашкевіча і быць не магло.

«Віктар Дашкевіч ня граў у спэктаклі і, адпаведна, на рэпэтыцыі не хадзіў. У маёй пастаноўцы былі занятыя чатыры акторы. Я зь імі рэгулярна кантактую ў сацсетках і праз тэлефон, дзякуй Богу, усе яны здаровыя», — кажа Аляксандар Дольнікаў.

Рэжысэр пацьвярджае, што 18 сакавіка сапраўды і ён, і нябожчык Віктар Дашкевіч былі ў тэатры на паседжаньні мастацкай рады, якая прымала спэктакль «Восеньскі рок-н-рол».

«Але са спадаром Дашкевічам я нават не размаўляў, ён сядзеў ня побач са мной, а ў аддаленьні. Я нават зь ім не павітаўся і руку ня ціснуў, таму што не было магчымасьці», — запэўніў Аляксандар Дольнікаў.

Расейскі рэжысэр вельмі цёпла ўзгадвае Віктара Дашкевіча, выказвае шчырыя спачуваньні Сьвятлане Дашкевіч. Ён дадаў, што цяпер знаходзіцца ў самаізаляцыі, як і ўся Масква.

«Я сяджу дома, як законапаслухмяны грамадзянін. Нікуды не выходжу, нават з дачкой кантактую толькі праз тэлефон. У Маскве вельмі крутыя захады зробленыя, на вуліцах народу зусім няма. Працуюць толькі аптэкі і харчовыя крамы. Усе тэатры закрытыя. І гэта правільна. Мне вельмі шкада Беларусь, што кіраўніцтва недаацэньвае сур’ёзнасьць сытуацыі з каранавірусам. Я ж сам тутэйшы, у Менску нарадзіўся, атрымаў адукацыю ў Беларускай акадэміі мастацтваў», — кажа Аляксандар Дольнікаў.

Расейскі рэжысэр Аляксандар Дольнікаў родам зь Беларусі, у 1980 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў рэжысэрам-пастаноўшчыкам у тэатрах Менску, Берасьця, Магілёва, Віцебску і Масквы. Скончыў курс Алега Яфрэмава пры Маскоўскім мастацкім тэатры (МХАТ), курс Анатоля Васільева пры Школе драматычнага мастацтва. Стала жыве ў Маскве.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG