Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А ён, небарака, ня вытрымаў». Лукашэнка пракамэнтаваў першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага каранавірусам

абноўлена

Алякандар Лукашэнка, архіўнае фота

У Беларусі памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Гэта Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. На сустрэчы са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай 31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў гэта, згадаўшы, што актор меў і іншыя захворваньні.

«Мы падазраём, што ў Віцебску гэты актор памёр, і ў яго таксама быў да пнэўманіі і іншага яшчэ і гэты вірус. Ну мы ж прасілі — яму заўтра 80 гадоў будзе... — чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?

Жонка здаровая — яна ж з мужам жыла, — дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, небарака, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнэўманіяй, на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх ляжаў, ратавалі яго», — заявіў Лукашэнка.

Паводле Натальлі Качанавай, сытуацыя ў Віцебскай вобласьці цяпер «абсалютна кіраваная», урачы «разумеюць, што трэба рабіць», а тое, «што Віцебскую вобласьць закрылі, ніхто ня можа ні заехаць, ні выехаць — фэйкавы ўкід, абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці». Сярод неабходных «карэкціровак» — цяпер прынятае рашэньне адкрыць лябараторыі ва ўсіх абласных цэнтрах, каб хутчэй давалася заключэньне па тэстах на каранавірус.

Лукашэнка дадаў, што «ў цяперашняй сытуацыі трэба старацца берагчы людзей пажылога веку»:

«Не таму, што яны старыя, а таму, што ў іх імунітэт аслабеў. І другое — у іх букет хваробаў».

Тым часам у Коласаўскім тэатры, дзе працаваў памерлы, працягваюцца рэпэтыцыі, карантыну не абвяшчалі. Намесьніца начальніка аддзелу арганізацыйнай працы і дакумэнтазвароту Міністэства культуры Ілона Немана паведаміла Свабодзе, што Мінкульт разумее сур’ёзнасьць сытуацыі, сёньня цягам дня будзе прынятае рашэньне, што рабіць далей, ці скасоўваць рэпэтыцыі.​

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG