Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьмерці ад каранавірусу актора зь Віцебску пачалі зьбіраць подпісы за карантын у тэатрах

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Вялікі тэатар оперы і балета Беларусі

31 сакавіка на сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем увесьці ў тэатрах Беларусі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу рэжым карантыну на 2 тыдні з далейшай магчымасьцю перагляду тэрмінаў.

Аўтары пэтыцыі адзначаюць, што колькасьць тых, хто захварэў на каранавірус, штодня няўхільна расьце, і ва ўсім сьвеце робяць захады засьцярогі з мэтай спыніць рост захворваньняў, у Беларусі ж дасюль не ўвялі рэжым карантыну, а абмежавальных захадаў, якія цяпер робяцца, недастаткова, асабліва што тычыцца культурна-масавых падзей.

Яе аўтары асьцерагаюцца, што сьмерць віцебскага актора Віктара Дашкевіча ад каранавірусу «можа стаць не адзінкавай», і сьцьвярджаюць, што «працягваючы працу ў штатным рэжыме, нават з улікам прынятых мераў прафіляктыкі, мы ставім пад пагрозу здароўе і жыцьцё гледачоў, работнікаў тэатру, іх родных і блізкіх».

Улічваючы, што сярод наведнікаў тэатраў вялікая доля прадстаўнікоў груп рызыкі (у тым ліку пажылыя людзі), увядзеньне карантыну зьнізіць рызыку захворваньня і абмяжуе распаўсюджваньне каранавірусу, гаворыцца ў пэтыцыі.

Да таго ж, яно дапаможа зэканоміць бюджэтныя і ўласныя грошы ўстановаў культуры, бо цяпер у тэатрах і так паменела гледачоў, людзі вяртаюць набытыя квіткі, спэктаклі адмяняюцца ці праходзяць у амаль пустых залях, таму іх правядзеньне становіцца «эканамічна нявыгадным», лічаць аўтары пэтыцыі, а эканамічныя страты дзяржаўных тэатраў «кладуцца цяжарам на ўсіх грамадзян краіны».

У сувязі з гэтым у пэтыцыі патрабуюць:

  • увесьці ва ўсіх тэатрах Беларусі рэжым карантыну з адменай спэктакляў, гастроляў, рэпэтыцый і іншых культурна-масавых мерапрыемстваў, на два тыдні,
  • абвясьціць непрацоўнымі для работнікаў усіх калектываў тэатраў як мінімум два бліжэйшыя тыдні (да 15 красавіка 2020 году).
  • захаваць заработную плату для работнікаў і зьнізіць пляны па даходах, наведвальнасьці і іншых паказьніках, прымяніць усе магчымыя падатковыя льготы, па магчымасьці арганізаваць для фінансавую падтрымку з боку дзяржавы, калі сытуацыя стане крытычнай.

Пасьля збору подпісаў пэтыцыю плянуюць накіраваць у Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства культуры Беларусі.

Адзін з аўтараў звароту: акторы — патэнцыйныя разносчыкі інфэкцыі

Адзін з аўтараў звароту, рэжысэр і актор магілёўскага тэатру Ўладзімер Пятровіч адзначае, што спэктаклі і рэпэтыцыі ў тэатры працягваюцца. Акторы і гледачы па паўтары гадзіны знаходзяцца ў закрытым памяшканьні, якое не праветрываецца, і верагоднасьць заражэньня каранавірусам вялікай групы людзей, калі ў залі ёсьць інфікаваны, высокая. Актор кажа: тое, што найгоршага не адбылося, — цуд.

«Мы гаворым эмацыйна, экспрэсіўна. Нашы рэпэтыцыі, спэктаклі, стасункі з гледачамі — кропельныя, таму мы патэнцыйныя разносчыкі інфэкцыі. Зразумела, гэта нас усіх напружвае. Мы ходзім па лязу нажа», — тлумачыць Уладзімер Пятровіч.

Уладзімер Пятровіч
Уладзімер Пятровіч

Разам з тым ён адзначае, што сам глядач ня ходзіць на спэктаклі. Па ягоных словах, калі раней «ударныя пастаноўкі» зьбіралі поўныя залі, то цяпер распрадаецца толькі «па 15–35 квіткоў», і часам «на сцэне больш актораў, чым гледачоў».

«Нас усё роўна выпраўляюць на сцэну, бо ўсе чакаюць указаньняў зьверху, — кажа Ўладзімер Пятровіч. — Я так разумею, што дырэкцыя можа закрыць тэатар, бо так ужо зрабілі некаторыя. Але ў такім разе мы застанемся без заробкаў. Нам дадуць водпуск за свой кошт, і мы пойдзем у сьвет».

Ён тлумачыць: каб акторы маглі разьлічваць на дапамогу дзяржавы, указ пра карантын павінен выдаць Аляксандар Лукашэнка, тады ён будзе «сацыяльна падтрыманы».

«Як гэта зроблена ў Расеі ці Казахстане, — ілюструе сытуацыю прыкладам суразмоўца. — Там тэатры сыходзяць на карантын, а акторы атрымліваюць аплатны водпуск. Калі ж сысьці зь нічым, то празь нейкі час можа паўстаць пагроза галодных бунтаў».

Са сьмерцю актора Дашкевіча пагрозу пачалі адчуваць фізычна

Уладзімер Пятровіч кажа, што сьмерць актора віцебскага тэатру Віктара Дашкевіча, у якога быў дыягнаставаны COVID-19, яшчэ больш падштурхнула актораў патрабаваць карантыну, бо «пагроза жыцьцю і здароўю стала фізычна адчувальнай».

«Калі гэта было недзе далёка ў Кітаі, Італіі, Францыі і нас закранала ўскосна, то сьмерць Віктара Дашкевіча закранула ўжо непасрэдна. Пагроза ўжо блізкая», — кажа магілёўскі актор.

Уладзімер Пятровіч прызнаецца, што чаканай рэакцыі ад чыноўнікаў на зварот актораў можа і ня быць, аднак калі «маўчаць — то, значыць, згаджацца».

«Маўчаць жа мы ўжо ня маем права, — кажа ён. — Гэта будзе злачынствам, як у адносінах да нас саміх, так і да гледача. Мы цьвяроза разумеем, што ўсё залежыць ад пазыцыі прэзыдэнта. Міністэрства, можа, і само б хацела, але...»

10 сакавіка Магілёўскі аблвыканкам праз пагрозу пашырэньня каранавірусу, «каб мінімізаваць рызыкі», скасаваў правядзеньне 15-га Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.контакт». Адкрыццца ён меўся 21 сакавіка, сабраўшы тэатральныя калектывы з 11 краін. У наступныя дні прэсавая служба магілёўскага тэатру паведамляла пра адмену спэктакляў, бо гледачы не куплялі на іх квіткоў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG