Былы дырэктар віцебскага тэатру: і пасьля сьмерці калегі артыстаў гоняць на рэпэтыцыі

абноўлена
Рыгор Шацько, архіўнае фота
Рыгор Шацько, архіўнае фота

Заслужаны артыст Беларусі Рыгор Шацько паўтара дзясятка гадоў адпрацаваў дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску. Увесь гэты час ён быў поруч зь Віктарам Дашкевічам, першай ахвярай пандэміі каранавірусу ў Беларусі.

Рыгор Іванавіч з сумам кажа, што цяпер на чарзе ўсе астатнія: зь Міністэрства культуры прыйшоў загад працэсу не спыняць, рэпэтыцыі працягваць.

Намесьніца начальніка аддзелу арганізацыйнай працы і дакумэнтазвароту Міністэства культуры Ілона Немана паведаміла Свабодзе, што Мінкульт разумее сур’ёзнасьць сытуацыі, сёньня цягам дня будзе прынятае рашэньне, што рабіць далей — ці скасоўваць рэпэтыцыі ў Віцебскім тэатры.​

«Працуем, як быццам нічога ня здарылася, — наракае Рыгор Шацько у інтэрвію Свабодзе. — Дакладней, спэктаклі адмянілі, і хапіла ж розуму спаслацца толькі на тое, што глядач не ідзе – народ сам аб’явіў карантын. А заразы ў нас нібыта няма ніякай, таму ўсе павінны заставацца на месцы. Пакуль што перайшлі ў рэжым рэпэтыцый».

Выглядае, што сьмерць Віктара Дашкевіча ад каранавірусу ня лічыцца важнай прычынай, каб паставіць дзейнасьць тэатру на паўзу.

Шацько згадвае, што ў тэатры «чалавек пад 10 хварэлі»:

«Іншая справа, што ён такі ж, як і я, астматык, слабыя лёгкія меў, карацей, поўны набор. Вось сяджу, чакаю, калі і ў мяне пачнецца. Колькі даецца, 14 дзён? Мы ж штодня кантактавалі – і на сцэне, і па-за тэатрам. Таму напружаньне вялікае. І пры гэтым прымушаюць працаваць. Сапраўдны баль падчас чумы…»

Артыст кажа, што адміністрацыя тэатру была б толькі радая закрыцца на карантын, але ня здольная супрацьстаяць вышэйшым інстанцыям. Асабліва яго абурае, што такое стаўленьне не спыніла нават сьмерць калегі — прычым ад хваробы, прызнанай сусьветнай пагрозай.

«Прыяжджаў да нас міністар аховы здароўя, дык усё сумняваўся: ня тыя тэсты, ня так паказвае… Скажу так: ніхто ім ужо ня верыць, прынамсі ў Віцебску вельмі вялікая напружаньне. Народ да панікі гатовы, як бы не жартаваў «бацька». Наша кіраўніцтва ўсё цудоўна разумее, але куды падзецца? Дырэктара выклікаюць, павінен падпарадкоўвацца. Адпаведна, выдае працоўны загад па тэатры. Ні ўлева, ні ўправа. Добра, што хоць ня будзе гледачоў. Дык, высьвятляецца, гэта мы цяпер ня зможам заражаць, а не наадварот, чаго дагэтуль засьцерагаліся».

Працягваць масава зьбірацца ў такі час — гэта грэх, кажа Рыгор Шацько. І той, хто штурхае людзей на такое, мусіць моцна пашкадаваць. Але каб ня стала занадта позна.

«Я 15 гадоў адпрацаваў дырэктарам, ведаю, што адстойваць сваю думку вельмі цяжка. Вось і цяперашні кіраўнік круціцца, як можа, а што толку? Здаецца, усё відавочна: не ідзе глядач, для каго тая паказуха? Нам адказваюць: так, спэктакляў ня будзе, а рэпэтыцыі мусяць застацца. Затэлефанаваў мастацкаму кіраўніку, пацьвердзіў, што зьбіраемся. Кажу, пастойце за тры мэтры адзін ад аднаго, зрабіце выгляд, што правялі. Не бярыце грэх на душу».

На пытаньне, ці бралі тэсты на каранавірус у астатніх артыстаў, якія шчыльна кантактавалі зь Віктарам Дашкевічам, адказвае, што ніхто з падобнай ініцыятывай нават не выходзіў.

«Якія тэсты? Пазаўчора была прэм’ера спэктакля паводле Мрожэка, і гледачы ў залі сядзелі, і мастацкая рада зьбіралася. Працавалі пільна і шчыльна. Хоць ужо ведалі, што два чалавекі шпіталізаваныя з падазрэньнем на найгоршае — Віктар і ягоная жонка, яна ў нас загадчыца літаратурнай часткі.

Але што дзіўна: у выніку ў яе запаленьне лёгкіх, а ў яго каранавірус. Каб не памёр, дык таксама лічылася б, што прастуда. І ўсё роўна працягваюць рабіць выгляд, што нічога страшнага, усё пад кантролем. Мабыць, проста няма грошай на дасьледаваньні. Чаму ў ЗША так шмат хворых? Таму што выяўляюць. А тут жа ці ня робяць, ці ўтойваюць, адно з двух».

Зыходзячы з дыягназу Віктара Дашкевіча, сябе Рыгор Іванавіч называе «наступным сьмяротнікам». Каранавірус паражае найперш хворыя лёгкія. У яго таксама хворыя лёгкія, плюс праблемныя ныркі. Але гатовы да таго, што паставяць дыягназ «запаленьне лёгкіх».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

​
XS
SM
MD
LG