Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ішлі па калідоры, а за намі распылялі дэзраствор». Што адбываецца ў інфэкцыйным шпіталі ў Віцебску вачыма пацыента


Аляксей Мядзелец

Расказваем, як адна віцебская сям’я перажывае эпідэмію каранавірусу бяз панікі, але з самаізаляцыяй і карантынам.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

«Мы самі вырашылі здаць аналізы, ведаючы сытуацыю ў сьвеце»

Аляксей Мядзелец — адзін з кіраўнікоў прадпрыемства ў Віцебску. У іх з жонкай двое дзяцей, а праца зьвязаная з паездкамі і камунікацыяй зь людзьмі. Пандэмія каранавірусу закранула і іх сям’ю.

«Гісторыя гэтая тычыцца трох чалавек: я — кіраўнік прадпрыемства, мая жонка — начальнік аддзелу продажаў, і яе падначаленая, — кажа Аляксей. — Мы ўсе працуем на адным прадпрыемстве ў Віцебску. І гэта не „Белвест“ і не „Чырвоны Кастрычнік“ (пра гэтыя прадпрыемствы ўжо раней было вядома, што там ёсьць падазрэньні ці выпадкі захворваньня на каранавірус. — РС). Жывём мы ў розных гарадах: мая сям’я ў Віцебску, а дзяўчына — у Наваполацку».

9 сакавіка ўся кампанія на ўласным аўтамабілі выправілася ў камандзіроўку ў Маскву на буйную міжнародную выставу. 14 сакавіка вярталіся назад.

«Мы ведалі пра сытуацыю ў сьвеце і з улікам таго, што мелі кантакты з многімі людзьмі, у тым ліку з замежнікамі, вырашылі здаць аналізы. На мяжы хоць якога эпідэміялягічнага кантролю не было, таму мы ў Віцебску ў пункце кантролю здалі мазкі і паехалі па дамах. Я яшчэ адвёз дзяўчыну дахаты ў Наваполацак, узяўшы з сабой старэйшую дачку.

Мы ўсе дамовіліся да вынікаў аналізу прытрымлівацца самаізаляцыі, абмежаваць усе кантакты і застацца дома», — расказвае Аляксей.

Уначы 17 сакавіка дзяўчына з Наваполацку пазваніла Мядзельцам, бо ёй паведамілі, што яе аналіз станоўчы. Аляксея, яго жонку і старэйшую дачку прызналі кантактамі першага ўзроўню і адправілі ў інфэкцыйны шпіталь у Віцебску.

«Мяне з жонкай і дачкой ізалявалі ў асобным боксе. Малодшая дачка з бабуляй засталіся ізаляваныя ў кватэры. Дзяўчыну, якая захварэла, зьмясьцілі ў гэтым жа шпіталі асобна, а яе мужа зь дзіцем — у суседнім боксе, — кажа Аляксей. — Я хачу адзначыць, што ніякай „прымусовай шпіталізацыі“ не было — усё абмяркоўвалася, прапаноўваліся варыянты, узгадняўся парадак дзеяньняў.

Мы дарослыя людзі і выдатна разумеем, якую рызыку можам уяўляць для сваякоў і сяброў, тым больш што сярод іх шмат людзей у зоне рызыкі — сталыя людзі».


«Перавоз выглядаў як выгнаньне тараканаў інсэктыцыдамі»

У шпіталі ўсім зрабілі кантрольны аналіз, вынікі аказаліся адмоўнымі. З 22 сакавіка ўсіх перавезьлі ў віцебскі цэнтар рэабілітацыі «Крупеніна».

«Для „кантактэраў“ гэта стандартная практыка — калі яны прызнаныя першасна бясьпечнымі, іх зьмяшчаюць у карантынныя зоны, каб не займаць адмысловыя боксы, бо тыя могуць спатрэбіцца сапраўдным хворым, — кажа Аляксей. — У Крупеніне 24 сакавіка ўвечары я стаў кепска пачувацца. Тэмпэратура паднялася да 38,5, і мяне апэратыўна вярнулі ў інфэкцыйны шпіталь. Там разьмясьцілі ў асобным боксе. Яшчэ раз узялі пробу. Праз два дні прыйшоў вынік — адмоўная. Я проста трохі захаладзіўся. Увечары 27 сакавіка мяне перавялі з новага корпусу ў стары, дзе зьмясьцілі самога ў вялікай сямімесцавай палаце».

Аляксей кажа, што ў інфэкцыйным шпіталі іх штодня аглядаў доктар, тры разы на дзень мералі тэмпэратуру. Дачку дадаткова лячылі ад насмарку і кашлю, якія былі ў яе яшчэ да кантакту з хворай.

«Увесь пэрсанал у шпіталі абаронены, і, як на мой абывацельскі погляд, някепска — касьцюмы, акуляры, маскі, галаўныя ўборы і іншае. Штодзённая дэзынфэкцыя ўсяго і паўсюль. Нават праход па калідоры пры перавозцы ў Крупеніна выглядаў як выгнаньне тараканаў інсэктыцыдамі: мы ішлі па калідоры, а за намі распылялі дэзраствор, — жартуе Аляксей.

«Боксы абароненыя перадбоксьнікам, дзе пэрсанал правярае абарону перад уваходам да нас, праводзіць апрацоўку пры выхадзе ад нас. Там жа пакідаюць ежу, перадачы і паведамляюць пра гэта празь перамоўную прыладу. Дэзрастворы паўсюль ліліся ракою», — працягвае ён і кажа, што за ўвесь час зь імі ў палаце ніхто не ляжаў.

«Стары корпус — проста „кашмар на вуліцы Вязаў“»

Уражаньні ад камунікацыі з мэдпэрсаналам у Аляксея выключна станоўчыя.

«На гэтым фоне стаўленьне дактароў проста ідэальнае — і паразмаўляюць, і супакояць, адкажуць на любыя пытаньні. Кожная сустрэча з доктарам сканчаецца словамі: „Я магу вам яшчэ нечым дапамагчы“? Гэта клясна».

Але стаўленьне чыноўнікаў ён эмацыйна называе «скоцкім».

«Я цяпер чакаю аналізаў, пасьля якіх мяне павінны выпусьціць. Замест гэтага мне ранкам паведамляюць, што мяне пераводзяць ізноў у Крупеніна, і ніхто нічога не тлумачыць, — абураецца Аляксей. — Я стаў тузаць кіраўніцтва, і мне кажуць літаральна наступнае: „Усе былі так заклапочаныя вашым здароўем і так занятыя вашым лячэньнем, што не хапіла часу вам паведаміць, што ваш карантын абнуліўся 25 сакавіка і пачаўся новы адлік 14 дзён“. І ўсё, тэрмінова зьбірайцеся, зараз будзе машына. Як да быдла ставяцца».

Аляксей хваліць абсталяваньне новага корпусу інфэкцыйнай бальніцы: «І боксы нармальныя, і рамонт някепскі, і перамоўныя прылады ў палатах для сувязі з пэрсаналам». З адмоўнага называе кепскую сантэхніку, танныя краны — ледзьве працуюць, ніякіх фіранак для душа, увесь санвузел залівае, няма ніводнага люстэрка.

«А вось стары корпус — проста „кашмар на вуліцы Вязаў“, падрабязьней нават не магу апісаць, бо не хапае літаратурных сынонімаў, — кажа ён. У ягоным акаўнце ў Instagram пра гэта ёсьць маляўнічае відэа.

Калега Мядзельцаў з Наваполацку, што хварэла на каранавірус, ужо атрымала адмоўныя вынікі аналізаў, і яе зьбіраюцца выпісваць са шпіталя.

Увесь гэты час бабуля і малодшая дачка заставаліся дома ў самаізаляцыі.

«Першыя іх пробы адмоўныя. Прадукты ім дастаўляюць да дзьвярэй. Яны яшчэ ані разу з кватэры не выходзілі і дахаты нікога, апроч супрацоўнікаў санэпідэмслужбы, не пускалі, — тлумачыць Аляксей. — Старэйшая дачка і жонка здалі кантрольны аналіз 28 чысла, таксама чакаюць вынікаў».

Як перажыць карантын

«Карантын — своеасаблівае мерапрыемства, бо ёсьць дзікая колькасьць часу, якую няма чым заняць, — кажа Аляксей. — Нейкі час ідзе на вырашэньне вытворчых пытаньняў на адлегласьці. Цяпер амаль увесь офіс працуе дыстанцыйна, таму я асабліва ані ад кога не адрозьніваюся. Частка часу ідзе на фізычныя практыкаваньні: трэніроўкі Табата, пешыя прагулкі, а ў санаторыі — бег на гаўбцы. Я на гаўбцы па 5–6 кілямэтраў набягаў. Паўкорпуса насупраць выходзілі паглядзець на такое дзіва».

Самым непрыемным на карантыне Аляксей называе чаканьне і перабываньне «ў чатырох сьценах».

«Я чалавек вельмі камунікабэльны, праца зьвязаная зь вялікай колькасьцю паездак і сустрэч. Усё жыцьцё — бесьперапынны рух. І раптам усё гэта спынілася. Псыхалягічна гэта пекла. Часам нават бываюць прыступы кшталту кляўстрафобіі — сьцены пачынаюць на цябе ціснуць», — кажа ён.

Сам ён лічыць, што пакуль сытуацыя з пандэміяй каранавірусу для Беларусі не крытычная.

«Нашая мэдыцына выцягне і больш сур’ёзныя выклікі — у нас ёсьць рэсурс някепскі для забесьпячэньня месцамі лёгкіх хворых, карантыншчыкаў і іншых, каму не патрэбная спэцыялізаваная дапамога, — кажа Аляксей Мядзелец. — Я пра сотні дзяржаўных санаторыяў па ўсёй краіне з мэдычным пэрсаналам! Гэта аўтаматычна зьніжае нагрузку на шпіталі. І цяпер гэты рэсурс задзейнічаюць па неабходнасьці — тое ж Крупеніна, санаторый „Жалезьнякі“».

Паводле яго, асноўную праблему ўтвараюць самі людзі, якія «па старой звычцы спрабуюць перанесьці хваробы на нагах, баяцца ісьці да дактароў, не паведамляюць пра свае паездкі і парушаюць пасьля іх самаізаляцыю».

Таму ён кажа, што захады татальнага кантролю патрэбныя менавіта цяпер — «пакуль сытуацыя пад кантролем».

Што адбываецца ў Віцебску

29 сакавіка тэлеграм-канал Nexta апублікаваў інфармацыю, што міліцыі забаранілі выяжджаць і заяжджаць на Віцебшчыну. У МУС сьцьвярджаюць, што гэта датычыцца ўсіх рэгіёнаў, але паводле крыніц Tut.by, гэта распараджэньне міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, выключае наведваньне Віцебскай вобласьці, а таксама выезд з яе, датычыцца толькі аднаго рэгіёну краіны — менавіта Віцебскай вобласьці.

30 сакавіка стала вядома, што адзін з актораў драматычны тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску цяпер у рэанімацыі з пнэўманіяй і мае станоўчы тэст на каранавірус. Тэатар скасаваў спэктаклі да 18 красавіка.

На 30 сакавіка 11 супрацоўнікаў тэатру маюць рэсьпіраторныя захворваньні, ёсьць і іншыя людзі з запаленьнем лёгкіх, але COVID-19 выявілі толькі ў аднаго.

Паводле жонкі актора, якая таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй, цяпер у чыгуначным шпіталі знаходзяцца 6 чалавек з каранавірусам. Шмат людзей ляжаць з пнэўманіямі, ім зьбівалі тэмпэратуру, лячылі антыбіётыкамі і выпісвалі, ня робячы ніякіх тэстаў на каранавірус. Таксама, паводле яе, як мінімум 7 актораў Коласаўскага тэатра знаходзяцца на бальнічным, большасьць з пнэўманіяй.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG