Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выносілі з інсультам, дзядоў, бабак». Што адбываецца ў Іўі, дзе пацьвердзілі выпадак каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота. Помнік чатыром канфэсіям у цэнтры Іўя

У Горадзенскай вобласьці пацьвердзілі чацьвёрты выпадак каранавірусу. Са шпіталя ў горадзе Іўе, дзе ляжыць мужчына, пачалі масава выпісваць пацыентаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Як стала вядома Свабодзе, мужчына паходзіць з Івейскага раёну, мае бізнэс, займаецца мэбляй і перавозкамі па Беларусі. Ёсьць жонка і малыя дзеці.

Як сказаў газэце «Вечерний Гродно» галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Горадзенскай вобласьці Мікалай Кендыш, 50-гадовы прадпрымальнік не выяжджаў за мяжу, толькі езьдзіў у Менск. У яго выявілі каранавірус, калі ён ужо ляжаў у шпіталі з пнэўманіяй.

Іншы жыхар Іўя, у якога сын плянава ляжыць у івейскім шпіталі на абсьледаваньні, расказаў пра сытуацыю ў лякарні.

«Трэці паверх [шпіталя] цалкам ачысьцілі ад хворых і нямоглых. Усіх пазабіралі дахаты. На маіх вачах, гэта я ўсё бачыў, як яны выносілі, з інсультам, дзядоў, бабак, нехадзячых — усіх, з нэўралёгіі. Ачысьцілі ўсё цалкам, увесь трэці паверх. Усіх выпісалі», — кажа суразмоўца.

Па ягоных зьвестках, шпіталізаваны як сам пацыент з каранавірусам, так і ягоныя родныя.

«Ніхто нічога ня кажа. Усё ціха, усе баяцца», — кажа мужчына.

Ягоны сын, як і іншыя пацыенты, ня можа выходзіць на шпацыры. Нельга іх ні адведваць, ні перадаваць перадачы.

«Яны заблякаваныя ўжо цэлы тыдзень, іх нікуды не выпускаюць, ні на вуліцу, нікуды. Нават заходзіць у шпіталь нельга. Учора [у нядзелю 29 сакавіка] папрыяжджала шмат, камісіі, з Горадні. Сын казаў, што тупаюць, лётаюць, учора такі кіпіш быў, што о-ё-ёй. Знаёмая лекарка мяне ўбачыла, сказала: „Сёньня ўсіх выпішам. Уцякай адсюль, тут каранавірус гуляе“. Так мне і сказала», — пераказвае жыхар Іўя.

«Я ніякіх камэнтароў не магу даваць цяпер», — сказаў галоўны лекар Івейскага шпіталя Іван Глаз.

«Я пакуль не магу камэнтаваць гэтую сытуацыю. У нас сёньня была плянэрка, і пакуль, сказана, ніякую інфармацыю нам... Так, выпадак ёсьць, і больш я вам сказаць пакуль нічога не магу», — паведаміла Анастасія Жамойта, якая выконвае абавязкі галоўнага санітарнага ўрача Івейскага раёну.

У Горадзенскай вобласьці раней паведамлялася яшчэ пра тры выпадкі: у 62-гадовай гарадзенкі, якая вярнулася з Італіі, і ў двух маладых мужчын, што прыляцелі са Швэцыі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG