Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзіцячым садку ў Менску нянечка захварэла на каранавірус


Ілюстрацыйнае фота

Чытачка Свабоды расказала рэдакцыі, што ў менскім дзіцячым садку № 566 на каранавірус захварэла нянечка.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

«Ёй спачатку паставілі дыягназ грып, а потым яна пачала задыхацца і страціла прытомнасьць. І ёй выклікалі хуткую, адразу праверылі на вірус», — кажа жанчына.

Пра станоўчы аналіз у супрацоўніцы садка, кажа жанчына, стала вядома ўчора.

«Яна была на бальнічным тыдзень ці два. І ў яе толькі цяпер выявілі каранавірус. Групу, у якой яна працавала, закрылі. Яна ляжала ў 3-м шпіталі, потым у інфэкцыёнку перавялі».

Паводле яе, ва ўсіх, хто кантактаваў з хворай, будуць браць мазок на каранавірус.

«Яна да гэтага нікуды ня езьдзіла і ні з кім не кантактавала, хто быў за мяжой. Яна сама сказала. Але хто там скажа дакладна».

Пасьля бальнічнага супрацоўніца садка не кантактавала зь дзецьмі.

Дырэктарка садка адмовілася пацьвярджаць ці абвяргаць інфармацыю пра нянечку і групу, дзе тая працавала.

«Мы працуем у штатным рэжыме, выконваюцца ўсе эпідэміялягічныя мерапрыемствы. Па камэнтар можаце зьвяртацца ў аддзел аховы здароўя Партызанскага раёну».

Інфармацыю пра каранавірус у садку Свабодзе пацьвердзіла намесьніца кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёну Людміла Філіповіч.

«Намі прымаюцца ўсе меры бясьпекі», — пракамэнтавала сытуацыю Філіповіч.

Яна таксама паведаміла, што ўся група, дзе працавала хворая, ізаляваная, а таксама і бацькі дзетак. Дакладнай колькасьці ізаляваных Філіповіч не назвала. У групе прыкладна 20 чалавек, але ня ўсе дзеці, паводле яе, апошнім часам хадзілі ў садок.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG