Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо 152. У Беларусі за тры дні выявілі 58 новых выпадкаў COVID-19


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 30 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: ужо 47 пацыентаў «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».

Ад пачатку эпідэміі ў Беларусі зрабілі 30 тысячаў тэстаў на новы каранавірус. Для абсьледаваньня і назіраньня працягваюць шпіталізаваць людзей з сымптомамі і тых, хто кантактаваў з інфікаванымі. За мінулы дзень, паводле Мінздароўя, шпіталізавалі для назіраньня 110 чалавек, выпісалі 144.

Беларусь застаецца сярод краінаў Эўропы, дзе выявілі найменш выпадкаў COVID-19 — меней толькі ў Косаве (94 выпадкі пры насельніцтве ў 1,81 млн чалавек), Грузіі (98 пры насельніцтве ў 3,72 млн), Чарнагорыі (91 пры 631 тысячы) і шэрагу мікрадзяржаваў з насельніцтвам менш за 40 тысяч чалавек.

Да таго Мінздароўя тры дні не паведамляла пра статыстку выпадкаў каранавірусу. Па стане на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць.

Такім чынам, за тры дні выявілі 58 новых выпадкаў COVID-19, а ў здаровыя залічылі яшчэ 15 пацыентаў, тэсты якіх раней паказвалі наяўнасьць каранавірусу.

Дзе менавіта выявілі выпадкі каранавірусу, Мінздароўя не паведамляе. Але за апошнія дні стала вядома пра выпадкі COVID-19 у настаўніка гімназіі ў Менску, актора ў Віцебску і невядомага чалавека ў Іўі, а таксама пра падазрэньні ў дырэктара гаспадаркі і супрацоўнікаў райвыканкаму ў Лельчыцах.

На прэс-канфэрэнцыі 27 сакавіка Мінздароўя паведаміла, што сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як відаць са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG