Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус пры пераліваньні крыві не перадаецца. Вялікая гутарка з дырэктарам РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пры пераліваньні крыві заразіцца каранавірусам немагчыма: пры пнэўманіі і COVID-19 крыві не пераліваюць. Тэстаў на каранавірус донары не здаюць. У сувязі з пагрозай каранавірусу ў Беларусі донараў менш ня стала. Няма і дэфіцыту крыві і яе кампанэнтаў, сьцьвярджае дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій Фёдар Карпенка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Эпідэміі донараў не палохаюць, больш праблем летам, падчас адпачынкаў

Беларускіх донараў, якіх у краіне амаль 100 тысяч, сытуацыя з каранавірусам не напалохала , — сьцвярджае дырэктар Карпенка. Як і не пужалі сэзонныя пад’ёмы прастудных захворваньняў, а таксама птушыны грып, атыповая пнэўманія, SARS, MERS ды іншыя «заразы», кажа ён.

Але ўсе службы забору крыві прынялі дадатковыя захады для максымальнай бясьпекі і донараў, і мэдыцынскага пэрсаналу.

Фёдар Карпенка, фота з сайту Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (redcross.by)
Фёдар Карпенка, фота з сайту Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (redcross.by)

«Цяпер перад уваходам абавязкова мераюць тэмпэратуру кожнаму наведніку. Вялікую ўвагу ўдзяляюць апрацоўцы памяшканьняў, паўсюль дазатары антысэптыкаў. Нашы мэдыкі заўсёды працуюць у масках, з аднаразовымі стэрыльнымі інструмэнтамі і сыстэмамі забору крыві, якія ўскрываюцца ў прысутнасьці донара», — кажа Фёдар Карпенка.

Да таго ж на сайце РНПЦ пазначана, што нельга наведваць арганізацыі пераліваньня крыві з тэмпэратурай, прыкметамі рэсьпіраторнай інфэкцыі, а таксама калі чалавек вярнуўся з-за мяжы менш за месяц таму.

І раней бывалі ўздымы сэзонных прастудных захворваньняў, але прынамсі цягам 2016–2019 гадоў не было прыкметна, каб колькасьць донараў памяншалася.

«Для любой службы крыві больш істотная праблема — лета, калі людзі зьяжджаюць адпачываць, менш застаецца ў гарадах. Але ў нас дастатковая колькасьць „кадравых донараў“, мы сваіх донараў ведаем у твар, а яны нас.

І цяпер не было ніякіх адмоваў, тэлефанаваньняў ад донараў, што, маўляў, мы баімся эпідэміі», — дадае галоўны няштатны трансфузыёляг Мінздароўя Фёдар Карпенка.

Заразіцца каранавірусам пры пераліваньні крыві немагчыма

Тэстаў на каранавірус у донараў не бяруць. Таму што гэта бессэнсоўна, перакананы Фёдар Карпенка.

«Ніводнага выпадку перадачы каранавірусу з крывёй нідзе ў сьвеце не зафіксавана. Апрыёры такога быць ня можа. Вірус ня выжыве нават тэарэтычна пасьля таго, як кроў нарыхтоўваецца. Гэта ня наша выснова, гэта аўтарытэтнае меркаваньне Сусьветнай арганізацыі здароўя. Спэцыялісты ў нас падрыхтаваныя, могуць праводзіць такія дасьледаваньні, але сэнсу ў іх няма», — тлумачыць Фёдар Карпенка.

Да таго ж непасрэдна пры этыятропнай тэрапіі, пры пнэўманіі няма неабходнасьці ў пераліваньні крыві.

«Стандартнае лячэньне пнэўманіі не прадугледжвае гематрансфузію кампанэнтаў крыві. Пнэўманія — гэта інфэкцыйна-запаленчы працэс, які не прыводзіць да зьніжэньня леўкацытаў, эрытрацытаў, трамбацытаў. Таму руцінна пераліваньняў крыві пры пнэўманіі не практыкуецца. Кроў пераліваюць пры траўмах, атрыманых у ДТЗ, у гематалёгіі, анкалёгіі, пры дапамозе ў родах — незалежна ад каранавірусу», — дадае адмысловец.

Пры пэўных відах трансплянтацый імавернасьць супадзеньня крыві — 1:25000

Ілюстрацыйнае фота. Донар крыві
Ілюстрацыйнае фота. Донар крыві

Звычайныя людзі ведаюць пра 4 асноўныя групы крыві: І (0), ІІ (А), ІІІ (В), IV (AB) і пра адмоўны і станоўчы рэзус-фактар. Але насамрэч усё значна складаней: існуе як мінімум 28 групаў крыві, тлумачыць Фёдар Карпенка.

«Стандартныя пераліваньні крыві адбываюцца па трох асноўных групах крыві: гэта сыстэма А, В, 0, а таксама па сыстэме рэзус і сыстэме Kell. Астатнія групы крыві для гематрансфузіі менш значныя: нават калі ідзе несупадзеньне, гэта не прыводзіць ні да якіх пабочных рэакцый.

Але, напрыклад, калі робіцца трансплянтацыя гемапаэтычных ствалавых клетак, там ідзе падбор толькі леўкацытарных антыгенаў. І імавернасьць супадзеньня — 1 на 25 тысяч. Кожны чалавек унікальны, таму і шукаюцца донары, фармуецца база донараў крыві», — расказвае дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій Фёдар Карпенка.

Кроў — кампанэнт нацыянальнай бясьпекі

Кроў і яе кампанэнты ў Беларусь ня ўвозяцца і нікуды не экспартуюцца. Вываз крыві і яе кампанэнтаў ва ўсіх краінах часьцей за ўсе забаронены, гэта не прадмет гандлю, не прадмет рэалізацыі, не прадмет камэрцыйнай дзейнасьці. Пастаяннае функцыянаваньне службы крыві — гарантыя таго, што ўсім грамадзянам краіны неадкладна акажуць мэдыцынскую дапамогу. У нашай краіне не было выпадкаў, калі кроў і яе кампанэнты перадаваліся ў іншыя краіны і ў якасьці гуманітарнай дапамогі. Ні пры якіх надзвычайных сытуацыях, стыхійных бедзтвах, катастрофах.

«Ня думаю, што такія варыянты могуць быць. Былі нядаўнія публікацыі, што ў Кітаі былі гематрансфузіі плязмы ад тых, хто перахварэў і, магчыма, пры цяжкіх пнэўманіях, калі была даказана каранавірусная інфэкцыя. У такіх людзей пасьля хваробы фармуюцца спэцыфічныя антыцелы, імунаглябуліны M і G. Тады пераліваньне плязмы з антыцеламі можа і дапамагчы хвораму.

Напэўна, даўно існуюць мэтады лячэньня, калі плязма ад тых, хто перахварэў на пэўную інфэкцыю, уводзіцца тым, хто хварэе цяпер. Такім чынам, пры ўвядзеньні плязмы ад перахварэлых, у здаровых фармуецца пасіўны імунітэт. Гэты клясычны мэтад выкарыстоўвалі яшчэ пры лячэньні „гішпанкі“. Гэта, можа быць, і эфэктыўна. Але пакуль гэта толькі адзінкавыя публікацыі, не атрымалі поўнай доказнасьці і пры ранейшых эпідэміях SARS, MERS», — мяркуе Фёдар Карпенка.

Але плянуецца, што служба крыві будзе прапаноўваць людзям, у якіх быў станоўчы лябараторны тэст на каранавірусную інфэкцыю, праз 28 дзён прайсьці абсьледаваньне на наяўнасьць спэцыфічных антыцелаў для магчымай данацыі плязмы.

Ні дэфіцыту донараў, ні дэфіцыту крыві ў Беларусі няма

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі каля 100 тысяч донараў. Дакладная лічба за мінулы год — 98 897 донараў. У апошнія 4-5 гадоў адзначаецца рост колькасьці донараў прыкладна на 15%. Павялічылася колькасьць пярвічных донараў — штогод прыходзіць каля 20 тысяч новых людзей, і большасьць зь іх — моладзь. Такія лічбы і факты прывёў Фёдар Карпенка.

«Пастаянна вядзецца маніторынг запасаў. Крыві і кампанэнтаў дастаткова. Не было выпадкаў, каб не дапамаглі ці адклалі апэратыўнае ўмяшаньне, бо не ставала крыві ці яе кампанэнтаў. Мінімум у службе крыві ёсьць пяцідзённыя запасы эрытрацытных кампанэнтаў, хоць яны захоўваюцца да 35 дзён. Трамбацыты — кампанэнты, якія захоўваюцца ад 3 да 5 сутак, ім трэба забясьпечыць вельмі спэцыфічныя ўмовы захоўваньня. Таму трамбацыты мы нарыхтоўваем толькі пад канкрэтнага рэцыпіента. Плязма можа захоўвацца 3 гады».

На сайце РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій разьмешчаны «донарскі сьвятлафор», дзе зялёным, жоўтым і чырвоным колерам пазначана, запасы якіх кампанэнтаў дастатковыя, а якіх зьніжаюцца.

«Калі запасы зьніжаюцца, даём інфармацыю донарам, зь якімі ў нас вельмі добрыя кантакты. І гэтая праца вядзецца пастаянна, незалежна ад каранавіруснай інфэкцыі. Бо людзі трапляюць у ДТЗ, кроў і яе кампанэнты пастаянна патрэбны анкалягічнай, гематалягічнай ды іншым службам», — расказвае дырэктар РНПЦ гематалёгіі і трансфузіялёгіі Фёдар Карпенка.

«У нас няма падзелу на «бясплатна» і «за грошы»

Паводле беларускага заканадаўства, ёсьць аплатная і неаплатная здача крыві і яе кампанэнтаў. Прычым і пры аплатнай, і пры неаплатнай здачы гарантуецца грашовая кампэнсацыя, тлумачыць Фёдар Карпенка.

«У нас няма падзелу на здачу крыві „бясплатна“ і „за грошы“. Ёсьць „Закон аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў“, якім прадугледжаныя пэўныя льготы: напрыклад, вызваленьне ад працы з захаваньнем сярэдняга заробку ў дзень здачы крыві, забесьпячэньне харчаваньнем перад данацыяй і грашовая кампэнсацыя на харчаваньне пасьля здачы крыві. Захаваньне заробку ажыцьцяўляецца за кошт службы крыві, неаплатная — за кошт наймальніка.

Да таго ж донарам аплачваецца лісток непрацаздольнасьці ў памеры 100% — пры наяўнасьці 4 данацый крыві ці 10 кампанэнтаў крыві за год. Ёсьць і іншыя ільготы», — растлумачыў адмысловец.

Больш падрабязна пра кампэнсацыйныя выплаты донарам можна даведацца тут.

У 2019 годзе 27% донараў здавалі кроў бязвыплатна.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG