14 сакавіка ў Дарагічыне ў галасаваньні за адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах перамог кіраўнік руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч, паведамілі БелаПАН у прэс-службе праймэрыз.
Для ўдзелу ў галасаваньні зарэгістраваліся 39 чалавек, прагаласавалі 38. Галасы разьмеркаваліся наступным чынам: Юры Губарэвіч — 24; сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец — 13; выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў — 1; сустаршыня аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова і намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч — 0.
Наступны этап праймэрыз адбудзецца 15 сакавіка ў Пінску і Століне. Раней працэдура праймэрыз была арганізаваная ў Гарадку, Віцебску, Наваполацку, Мёрах, Шаркаўшчыне, Паставах, Леплі, Бярозе і Берасьці. Усюды, за выключэньнем Гарадку, большасьць галасоў атрымаў Севярынец. У Гарадку перамог Губарэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На праймэрыз у Берасьці перамог СевярынецУ сярэдзіне сакавіка пачне працу плятформа для інтэрнэт-галасаваньня. Канчаткова адзіны кандыдат ад апазыцыі будзе вызначаны на Кангрэсе дэмакратычных сіл у канцы траўня.
Зарэгістраваныя ў якасьці прэтэндэнтаў Аляксей Янукевіч, Мікалай Казлоў, Павал Севярынец і Юры Губарэвіч вылучаліся ад сваіх арганізацыяў, Вольга Кавалькова — шляхам збору подпісаў.