Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля аб’езду Віцебшчыны Севярынец ачольвае праймэрыз апазыцыі


Павал Севярынец

Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец 10 сакавіка перамог на выбарах адзінага кандыдата ад апазыцыі ў Леплі. У выніку галасаваньня ў 6 гарадах Віцебскай вобласьці Севярынец стаў лідэрам праймэрыз, набраўшы 150 з 234 галасоў (64%).

Як сказаў Свабодзе Севярынец, на сустрэчу ў аграсядзібе на Лепельшчыне прыйшло 30 чалавек, столькі ж чалавек удзельнічала ў галасаваньні. Усяго за Севярынца ў Лепелі прагаласавала 16 чалавек.

На сустрэчы наведвальнікі мерапрыемства пыталіся ў кандыдатаў на «адзінага» кандыдата ад апазыцыі пра рост заробкаў, пазыцыю адносна расейскай дзяржаўнай мовы і магчымасьці цкаваньня нязгодных пасьля магчымай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Цягам тыдня Севярынец перамог у 6 гарадах Віцебшчыны, дзе праходзілі праймэрыз. У Гарадку перамогу атрымаў кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта адбудуцца ў 2020 годзе. Калі дакладна, пакуль невядома. Cтаршыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына называла магчымай датай 30 жніўня.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Пяць чалавек удзельнічалі ў праймэрыз для вызначэньня адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазыцыі: Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), ​Мікалай Казлоў (лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі), Павал Севярынец (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі), Аляксей Янукевіч (намесьнік старшыні Партыі БНФ), ​Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі). Ды ўдзел у працэдуры спынілі Севярынец (якога лічылі фаварытам пасьля першых галасаваньняў) і Янукевіч.
  • Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў, падавала заяўку на праймэрыз, але яе не зарэгістравалі.
  • Таксама пра прэзыдэнцкія амбіцыі заяўлялі кіраўнік «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Не зьбіраецца сыходзіць на пэнсію і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG