У Мёрах на праймэрыз галасаваў прадстаўнік улады

Намесьнік старшыні Мёрскага райвыканкаму Валер Драба
Намесьнік старшыні Мёрскага райвыканкаму Валер Драба

8 сакавіка ў Мёрах адбылося «Народнае галасаваньне» (праймэрыз), у межах якога выбіраюць адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазыцыі.

У галасаваньні ўзялі ўдзел 18 чалавек, галасы разьмеркаваліся наступным чынам:

Павал Севярынец — 11, Мікалай Казлоў — 4, Вольга Кавалькова — 2, Аляксей Янукевіч і Юрась Губарэвіч — не атрымалі галасоў.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Як паведаміў Свабодзе Павал Севярынец, галасаваньне ў Мёрах стала першым, куды завітаў прадстаўнік уладаў.

«На сустрэчы прыйшоў намесьнік старшыні Мёрскага райвыканакаму Валер Драба. Ён актыўна ўдзельнічаў, задаваў шмат пытаньняў: пра сельскую гаспадарку, пра догляд за дзецьмі. Таксама ён быў адзіным, хто падняў руку, калі мы спыталі, хто лічыць, што ў Беларусі сумленныя выбары. Валер Драба сказаў, што падліковыя камісіі працуюць празрыста і любы можа ў гэтым пераканацца», — расказаў Севярынец.

Падчас падліку галасоў у Мёрах арганізатары знайшлі адзін незапоўнены бюлетэнь, яго палічылі сапсаваным. Хто яго апусьціў у скрыню, невядома.


Мёры — чацьвёрты горад, дзе праходзяць праймэрыз. Пакуль першае месца займае Павал Севярынец (117 галасоў). 8 сакавіка яшчэ заплянаваныя галасаваньні ў Шаркаўшчыне і Паставах.


​
XS
SM
MD
LG