Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Севярынец зусім не гарантаваны пераможца праймэрыз, а Канапацкая яшчэ папсуе ім нэрвы», — Класкоўскі


Удзельнікі праймэрыз: старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, былая дэпутатка Ганна Канапацкая (не зарэгістраваная), намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні БХД Вольга Кавалькова і Павал Севярынец
Удзельнікі праймэрыз: старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, былая дэпутатка Ганна Канапацкая (не зарэгістраваная), намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні БХД Вольга Кавалькова і Павал Севярынец

Кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН Аляксандар Класкоўскі тлумачыць, за што Ганну Канапацкую не пусьцілі ў праймэрыз, кажа пра «нажніцы» паміж запытам шырокай публікі і апазыцыйных актывістаў, адказвае на пытаньне, ці працуе яшчэ формула пра «жонку Нікалюка».

Сьцісла

  • Не зарэгістраваць Канапацкую — гэта было вельмі прагматычнае палітычнае рашэньне
  • Наўрад ці будзе паўтор сцэнару 2010 году, калі рэгістравалі ўсіх.
  • Палітыкі мусяць нешта «пераможнае» дэкляраваць, хаця я ня ўпэўнены, што яны ў глыбіні душы самі вераць у гэтыя рэчы

— Цягнік апазыцыйных праймэрыз пачынае разганяцца, нягледзячы на шматстайную крытыку і кпіны. Можна ўжо ацаніць першыя крокі ды іх выніковасьць. Чаго больш, на вашую думку — плюсаў ці мінусаў у грамадзкім успрыманьні гэтага працэсу?

— Вы слушна адзначылі, што ад самога пачатку праймэрыз прыцягваюць увагу прэсы, тэма віруе ў палітызаванай частцы сацыяльных сетак. Можна канстатаваць, што сама гэтая ідэя моцная ў тым сэнсе, што на тры месяцы забясьпечыла ўвагу прэсы да апазыцыйнай дзейнасьці.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Увогуле гэтая задума — відавочны прагрэс. Можна нагадаць, што пасьля 2006 году такога не было. І ў 2010 годзе не дамовіліся наконт адзінага кандыдата, і ў 2015 годзе ўвогуле былі «ніякія» выбары. Ужо таму, што апазыцыя паказала гэтым разам мінімальную здольнасьць да кансалідацыі, можна казаць, што праймэрыз — гэта плюс. Як яны пойдуць — асобнае пытаньне, і на самым пачатку арганізатары ўжо «спатыкнуліся» аб Канапацкую.

— Тады разьбярэм гэты канкрэтны выпадак. Тут можна паспрабаваць зразумець абодва бакі. Здаецца, Канапацкая ад пачатку ішла на нейкі канфліктны варыянт адносінаў зь іншымі ўдзельнікамі праймэрыз. У стратэгічным сэнсе апазыцыя больш выйграла ці прайграла, вырашыўшы не рэгістраваць Канапацкую?

— Я думаю, гэта было вельмі прагматычнае палітычнае рашэньне. І арганізатары гэтага асабліва не ўтойвалі. Яны, адзначыўшы, што з подпісамі нешта было нядобра, тым ня менш наўпрост заявілі, што Канапацкая ня мае іхнага даверу. Узважыўшы «за» і «супраць», яны выбралі меншае зло. Маўляў, лепей адразу Канапацкую адсекчы, выкінуўшы за борт «крыніцу звадак», як яны гэта разумеюць.

Так, яны справакавалі хвалю ў фэйсбуку: маўляў, чым вы лепшыя за Лідзію Ярмошыну зь яе прыёмчыкамі. Але гэта — «пашумяць і сьціхнуць». Не, вядома, Канапацкая папсуе ім нэрвы, яна зьбіраецца кагосьці выклікаць у суд, робіць жорсткія і скандальныя заявы. Але яна ўжо па-за гульнёй.

— Калі ўспомніць славуты ў свой час выраз палітоляга Нікалюка, што адзіны кандыдат — гэта рэч, дзе прозьвішча не такое і важнае, і калі заўтра прызначаць адзіным кандыдатам ягоную жонку, то «жонка Нікалюка» зьбярэ столькі ж працэнтаў, колькі і кожны іншы «адзіны». Гэта было сказана даволі даўно. Ці працуе гэтая формула зараз?

— Мяркую, формула працуе, і гэта паказвае досьвед. Аляксандар Мілінкевіч, якога ў канцы 2005 году абралі адзіным кандыдатам, вельмі хутка пачаў набіраць рэйтынг, хаця датуль яго ня надта шырока ведалі. І незалежная сацыялёгія, тады яшчэ не прыдушаная, гэта паказвала. А ў 2015 годзе дэ-факта ў вачах многіх людзей адзіным умоўна апазыцыйным кандыдатам была Тацяна Караткевіч. І паводле НІСЭПД яна тады набрала 22,4 працэнта. Думаю, масы ўспрымалі яе як адзінага кандыдата. Таму гэта ўсё працуе.

Але нельга лічыць, што абралі адзінага — і ўсё палагодзілі. Могуць атрымацца «нажніцы» паміж запытам шырокай публікі і апазыцыйных актывістаў, якія пераважна і будуць абіраць адзінага на сходах у рэгіёнах, у інтэрнэце, а потым на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Натуральна, што на Кангрэс ня пойдуць апалітычныя абываталі, гэта будуць найперш актывісты, якія могуць прагаласаваць за больш радыкальнага, «вулічнага» палітыка.

А масы беларусаў (гэта і сацыялёгія паказвае, і чыста эмпірычныя назіраньні) ня надта схільныя да барыкадных мэтадаў вырашэньня праблемаў. Так, многія жыцьцём пры Лукашэнку не задаволеныя, але «на барыкады» і акцыі пратэсту ня многія кінуцца. Таму ім, магчыма, імпанаваў бы чалавек больш салідны, узважаны, які прапануе мірныя шляхі. Так што тут вялікае пытаньне, наколькі пераможца праймэрыз пацэліць у нэрву грамадзкага запыту.

— На што разьлічваюць іншыя ўдзельнікі апазыцыйнага поля, якія не ўступілі ў працэдуру праймэрыз? Ці яны спадзяюцца на варыянт 2010 году, калі рэгістравалі ўсіх, ці ўсур’ёз думаюць самастойна сабраць сто тысяч подпісаў, ці іхны фармат удзелу ў кампаніі абмяжуецца варыянтам «не даганю — дык хоць сагрэюся»?

— Калі коратка, то апошняе. Хіба што я б за дужкі вывеў «Гавары праўду», якія маюць структуру і актыў, — але і ім будзе праблематычна самастойна сабраць сто тысячаў подпісаў.

Што да сцэнару 2010 году, то наўрад ці будзе ягоны паўтор. Лукашэнка тады расчараваўся ў гэтым сцэнары і казаў, што яго нават «ванітуе» ад разгулу дэмакратыі. І Плошча нанесла яму моцную псыхалягічную траўму. Таму зараз наўрад ці будуць рэгістраваць усіх, хто, умоўна кажучы, перапіша тэлефонны даведнік.

Што тычыцца партыі Калякіна «Справядлівы сьвет», то для іх як для былых камуністаў большасьць астатняй апазыцыі занадта буржуазная, празаходняя, антырасейская. Калякін жа ў 2015 годзе праваліўся са зборам подпісаў, і я вельмі сумняюся, што цяпер ягоная структура мае большы патэнцыял.

— На сёньня многім падаецца відавочным, што сярод удзельнікаў праймэрыз аформіўся даволі адназначны лідэр — Павал Севярынец. З улікам таго, што галасаваць будуць найперш актывісты, многія зь якіх настроены даволі радыкальна, то гэтым ягоныя шанцы, як падаецца, павялічваюцца. Ці згодныя вы, што Севярынца можна лічыць адназначным лідэрам, і што можа здарыцца, каб ён не перамог у праймэрыз?

— Я б не забягаў наперад і загадзя не аддаваў пальму першынства. Хаця, вядома, Севярынец «падняўся», калі можна ўжыць такое слова, на сьнежаньскіх пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй. Але і той жа Юрась Губарэвіч дасьведчаны палітык, умее добра гаварыць, у яго ёсьць свая стратэгія.

Хаця, кладучы руку на сэрца, можна сказаць, што і стратэгія Севярынца, і стратэгія Губарэвіча выглядаюць даволі адарванымі ад рэальнасьці. Гэтыя палітыкі, вядома, мусяць нешта «пераможнае» дэкляраваць, хаця я ня ўпэўнены, што яны ў глыбіні душы самі вераць у гэтыя рэчы. Севярынец кажа, што трэба пачынаць масавыя пратэсты ўжо на пачатку гэтай кампаніі, патрабаваць адстаўкі Ярмошынай, патрабаваць, каб Лукашэнка ня ўдзельнічаў у выбарах. Але адстаўка Ярмошынай — гэта ня тая падстава, якая можа вывесьці сотні тысяч людзей на Плошчу. Таму можа атрымацца аблом з занадта радыкальнай рыторыкай.

— Кожныя прэзыдэнцкія выбары апазыцыя мела нейкую скразную ідэю, якая рабілася галоўным дэвізам кампаніі. Што сёньня можа стаць галоўным дэвізам апазыцыйнага кандыдата — незалежна ад таго, хто ім стане? Ці ідэя абароны незалежнасьці, ці сыход улады, рэформы? Ці прасочваецца стрыжнёвая тэма?

— У гэтым пляне апазыцыя пакуль што ў крызісе. Самыя ўдзельнікі праймэрыз пакуль найперш думаюць, як перамагчы менавіта на гэтым этапе. Умовы праймэрыз, дарэчы, вымагаюць даволі радыкальнай рыторыкі — супраць дыктатуры, зы выхад з АДКБ, з саюзнай дзяржавы. І гэта таксама праблема, бо заганяе кандыдата ў радыкальную нішу.

Акрамя таго, Лукашэнка зараз фактычна перахапіў ідэю абароны незалежнасьці. «За справядлівыя выбары без Лукашэнкі?» — ня тая ідэя, якая захопіць масы. Таму тут ёсьць праблема. Казаць проста пра «паляпшэньне дабрабыту»? Лукашэнка таксама пра гэта кажа. Трэба шукаць, гэта вельмі няпроста. Нават слова «рэформы» масы ўспрымаюць неадназначна.

Магчыма, гэта можа быць ідэя дынамічнага разьвіцьця Беларусі. Бо сёньня застой, які варта крытыкаваць. Заробкі на месцы, а цэны растуць. Пры гэтай уладзе ніякай дынамікі ня будзе, а мы будзем скочвацца ў трэці сьвет. Напэўна, распрацоўваючы гэтую ідэю, якраз можна будзе пацэліць у нэрву грамадзкіх чаканьняў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG