Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На праймэрыз у Берасьці перамог Севярынец


Павал Севярынец

У галасаваньні за адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у Берасьці 14 сакавіка перамог сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе праймэрыз.

Для ўдзелу ў галасаваньні зарэгістраваліся 138 чалавек, прагаласавалі 116. Галасы разьмеркаваліся наступным чынам: Павал Севярынец — 63; кіраўнік руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч — 34; сустаршыня аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова — 14; в. а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў — 4; намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч — 1.

Наступны этап праймэрыз адбудзецца 14 сакавіка ў Драгічыне. Сустрэчы працягнуцца 15 сакавіка ў Пінску і Століне.

Раней працэдура праймэрыз была праведзеная ў Гарадку, Віцебску, Наваполацку, Мёрах, Шаркаўшчыне, Паставах, Лепелі і Бярозе. Усюды, за выключэньнем Гарадку, большасьць галасоў атрымаў Севярынец. У Гарадку перамог Губарэвіч.

У сярэдзіне сакавіка пачне працу плятформа для інтэрнэт-галасаваньня. Канчаткова адзіны кандыдат ад апазыцыі будзе вызначаны на Кангрэсе дэмакратычных сіл у канцы траўня.

Зарэгістраваныя ў якасьці прэтэндэнтаў Аляксей Янукевіч, Мікалай Казлоў, Павал Севярынец і Юрый Губарэвіч вылучаліся ад сваіх арганізацый, Вольга Кавалькова — шляхам збору подпісаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта адбудуцца ў 2020 годзе. Калі дакладна, пакуль невядома. Cтаршыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына называла магчымай датай 30 жніўня.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Пяць чалавек удзельнічалі ў праймэрыз для вызначэньня адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазыцыі: Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), ​Мікалай Казлоў (лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі), Павал Севярынец (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі), Аляксей Янукевіч (намесьнік старшыні Партыі БНФ), ​Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі). Ды ўдзел у працэдуры спынілі Севярынец (якога лічылі фаварытам пасьля першых галасаваньняў) і Янукевіч.
  • Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў, падавала заяўку на праймэрыз, але яе не зарэгістравалі.
  • Таксама пра прэзыдэнцкія амбіцыі заяўлялі кіраўнік «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Не зьбіраецца сыходзіць на пэнсію і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG