23 лютага ў цэнтры Берасьця ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, на плошчу прыйшло 120 чалавек. Міліцыя праз мэгафон папярэджвала іх аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі вынікі круглага стала «Аналіз ўзьдзеяньня акумулятарнай вытворчасьці на навакольнае асяродзьдзе і чалавека» з удзелам расейскіх экспэртаў. Мерапрыемства было арганізавана ТАА «АйПаўэр» сумесна з грамадзкай арганізацыяй «Экадом».
У пасяджэньні хацелі ўзяць праціўнікі акумулятарнага завода, аднак запрасілі толькі аднаго чалавека, і ён адмовіўся. У якасьці экспэртаў у круглым стале прынялі ўдзел намесьнік галоўнага лекара Цэнтра гігіены і эпідэміялёгіі ў Санкт-Пецярбургу Кірыл Фрыдман і намесьнік галоўнага інжынэра па экалягічнай бясьпецы акумулятарнага завода ЗАТ «Балтэлектра» (Санкт-Пецярбург).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Суд: кампанія «АйПауэр» павінна вярнуць 5,7 мільёна рублёў Берасьцейскаму аблвыканкамуАктывіст зь Берасьця Алег Вялаў назваў «поўнай лухтой» прапанову Фрыдмана запусьціць завод, каб паглядзець, якія выкіды ад яго будуць. «Завод фактычна запускалі — вяліся пусканаладачныя работы. Выкіды былі настолькі катастрафічнымі, што нам нават ня далі рэальныя дадзеныя. Вядома, што па адным са шкодных рэчываў зафіксаваныя выкіды, якія перавышаюць заплянаваныя ў 178 разоў, па іншым — у 30 разоў», — заявіў Алег Вялаў.
Праціўнікі завода лічаць, што высновы расейскіх экспэртаў неаб’ектыўныя, таму што яны былі запрошаныя на круглы стол кампаніяй «АйПаўэр».
Паводле Алега Вялава, «гэты круглы стол ня больш чым паказуха». «АйПаўэр» сябе цалкам дыскрэдытаваў і такім чынам спрабуе адмыць сваю рэпутацыю», — заявіў актывіст.
Берасьцейка Ніна Бандарэвіч лічыць, што «ніводзін разважны чалавек ня скажа, што спачатку трэба запусьціць завод, а потым праверыць, ці будуць людзі ад яго паміраць».
Па словах актывісткі Тацяны Фесікавай, «гэтыя запрошаныя экспэрты нават не зьвярнулі ўвагу на недакладныя дадзеныя ў праектнай дакумэнтацыі завода».
«Перш чым даваць нам парады, хай бы яны разабраліся спачатку са сваімі праблемамі, — сказаў Раман Кісьляк. — Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёна ня маюць намеру станавіцца паддосьледнымі трусамі. Мы будзем дамагацца канчатковага закрыцьця акумулятарнага завода».
Пасьля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».
Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» берасьцейскай свабоднай эканамічнай зоны. На прадпрыемстве плянуецца наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта.
У чэрвені 2019 году Берасьцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў», а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід шкодных рэчываў у атмасфэру. У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы.