Ва Ўкраіне пакаралі былога беларускага даішніка за стварэньне аварыйных сытуацый

Фота патрульнай паліцыі Роўненскай вобласьці.

Патрульная паліцыя Роўненскай вобласьці затрымала грамадзяніна Беларусі, які кіраваў грузавым аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня і ствараў на дарозе аварыйныя сытуацыі.

Фота патрульнай паліцыі Роўненскай вобласьці

На небясьпечныя паводзіны грузавіка на міжнароднай трасе «Кіеў-Чоп» у паліцыю паскардзіліся некалькі іншых кіроўцаў, а калі паліцэйскія спрабавалі спыніць беларуса на стацыянарным пасту патрульнай службы, той пачаў уцякаць, зрабіўшы манэўр у бок патрульнага — яму ледзь удалося адскочыць, каб ня трапіць пад грузавік.

Паліцэйскія пачалі перасьлед беларускага грузавіка на службовых аўтамабілях з сыгнальнымі знакамі, патрабуючы спыніцца. У адказ кіроўца некалькі разоў ішоў на таран паліцэйскіх аўтамабіляў, каб пазьбегнуць блякаваньня грузавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Лукашэнкі ў адрас ДАІ за «лісты шчасьця» зьніклі мабільныя камэры фіксацыі хуткасьці 

Калі патрульныя машыны змаглі заблякаваць і спыніць грузавік, высьветлілася, што кіроўца — грамадзянін Беларусі, колішні супрацоўнік ДАІ. Як сьцьвярджаюць у патрульнай службе Роўненскай вобласьці, беларус паводзіў сябе нахабна і агрэсіўна, пагражаючы ўкраінскім паліцэйскім і абражаючы Ўкраіну і ўкраінскіх грамадзянаў. Патрульныя вымушаныя былі надзець затрыманаму кайданкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пагарэлі на эўрабляхах. Як ва Ўкраіне караюць беларусаў за ўвоз аўтамабіляў на нумарах краін ЭЗ

У прэсавай службе патрульнай паліцыі Роўненскай вобласьці Свабодзе паведамілі, што ў беларуса былі відавочныя прыкметы алькагольнага ап’яненьня, але той адмовіўся праходзіць адпаведную праверку на месцы здарэньня і ў мэдычнай установе:

«Мы маем адпаведны відэазапіс, які перададзены ў суд. Мы вырашылі яго не публікаваць, бо там усё ператварылася б на суцэльнае „піканьне“ — затрыманы ўвесь час мацюкаўся».

На беларуса склалі тры адміністратыўныя пратаколы — за парушэньне правілаў выкарыстаньня зьнешніх асьвятляльных прыбораў пры пачатку руху і зьмене ягонага кірунку, аб кіраваньні ў стане алькагольнага ап’яненьня і за невыкананьне патрабаваньня паліцэйскіх аб спыненьні транспартнага сродку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус з украінскім грамадзянствам: Ад мяне патрабавалі грошай, пагражаючы экстрадыцыяй

Па выніках вывучэньня матэрыялаў справы, суд пазбавіў беларуса права на кіраваньне транспартнымі сродкамі, забраў пасьведчаньне кіроўцы і прызначыў штраф у памеры 10 200 грыўняў (прыблізна 450 даляраў у эквіваленце).

Фота патрульнай паліцыі Роўненскай вобласьці

У сваю чаргу беларус зьвярнуўся ў паліцыю з заявай аб нанясеньні яму цялесных пашкоджаньняў у часе затрыманьня, што не пацьвердзіла судова-мэдычная экспэртыза. Апроч таго, беларус заявіў, што патрульныя паліцэйскія выкралі ў яго 5 тысяч эўра. Паліцыя зараз правярае гэтую інфармацыю. У выпадку, калі яна не пацьвердзіцца, беларуса пакараюць яшчэ і за ілжывыя сьведчаньні.

Паводле інфармацыі Свабоды, грузавік зь беларускім нумарам рэгістрацыі належаў кампаніі Girteka Logistics, якая пасьля гэтага здарэньня накіравала ва Ўкраіну іншага свайго кіроўцу, які прадоўжыць выкананьне рэйсу.