Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аблава на наркагандляроў. Ва Ўкраіне спынілі дзейнасьць групоўкі, якая пастаўляла наркотыкі ў Беларусь


Фота з сайту Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны

21 чалавек затрыманы, у тым ліку двое грамадзян Беларусі.

Ва Ўкраіне другі дзень працягваецца найбуйнейшая за апошнія гады спэцапэрацыя для ліквідацыі падпольнага наркасындыкату, які вырабляў наркотыкі для рэалізацыі ў Беларусі, Малдове і на ўкраінскай тэрыторыі. Наркабізнэс арганізавалі двое жыхароў Львоўскай вобласьці, адзін зь якіх — дзейны дэпутат мясцовай рады, старшыня камісіі культуры, адукацыі і спорту.

У выніку спэцапэрацыі пры ўдзеле каля 500 паліцыянтаў затрыманыя 19 чалавек, у тым ліку двое арганізатараў. Адначасова праваахоўныя органы Беларусі затрымалі на беларускай тэрыторыі двух беларускіх грамадзян, залучаных у гэтую схему гандлю наркотыкамі.

У часе спэцапэрацыі адначасова адразу ў некалькіх рэгіёнах прайшло 100 ператрусаў, сканфіскавана больш за 46 кіляграмаў наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў, 170 літраў прэкурсораў (рэчывы для вырабу наркотыкаў), грошы ў замежнай валюце, больш за два дзясяткі банкаўскіх картак і мабільных тэлефонаў, зброя, а таксама запісы аб руху наркотыкаў, дылерах, кліентах, даўжніках, 6 аўтамабіляў прэміюм-клясы.

Паводле Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, дзейнасьць злачыннай групоўкі забясьпечвалі 50 чалавек — жыхары Львоўскай, Кіеўскай, Чаркаскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай і Днепрапятроўскай абласьцей ва ўзросьце ад 18 да 39 гадоў. Згодна з папярэднімі падлікамі, толькі праз інтэрнэт наркотыкі і псыхатропныя рэчывы былі прададзеныя на суму 21 мільён грыўняў (больш за 1,5 мільёна беларускіх рублёў).

Сьледчыя сьцьвярджаюць, што сындыкат быў пабудаваны так, каб ягоныя ўдзельнікі з розных рэгіёнаў амаль не кантактавалі і ў выпадку затрыманьня не маглі расказаць аб структуры і дзейнасьці арганізацыі.

Паліцыя вызначыла месца пяці наркалябараторыяў у Львоўскай і Чаркаскай абласьцях, дзе наркотыкі выраблялі ў прамысловых маштабах. Апроч таго, арганізатары наркабізнэсу яшчэ вырошчвалі расьліны — сыравіну для наркотыкаў, каб пашыраць «асартымэнт».

Наркотыкі і псыхатропныя рэчывы прадавалі ў абласных і найбуйнейшых раённых цэнтрах Украіны (больш за 100 паселішчаў), а таксама на тэрыторыі Малдовы і Беларусі, у прыватнасьці ў Гомлі. Забароненыя рэчывы рэалізоўвалі як праз інтэрнэт, так і пры дапамозе так званых «закладак».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG