Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі патрабуюць вярнуць з Украіны беларусаў, якіх падазраюць у крадзяжы 207 тысяч эўра з «Нафтану»


Ілюстрацыйнае фота. Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку

Сьледчы камітэт Беларусі спрабуе вярнуць з Украіны беларускіх бізнэсоўцаў і топ-мэнэджараў, якіх падазраюць у крадзяжы з наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу «Нафтан» больш як 200 тысяч эўра. Гэтую інфармацыю Tut.by пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце Беларусі.

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК расьсьледуе крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў камэрцыйных структур і былых службовых асобаў «Нафтана», якіх падазраюць у крадзяжы 207 тысяч эўра, паведамілі ў ведамстве.

У гэтай справе ва ўкраінскай Адэсе ў канцы лістапада затрымалі трох беларускіх бізнэсоўцаў для выдачы іх Беларусі. Двое цяпер знаходзяцца пад «хатнім» арыштам, трэці ў ізалятары. Нягледзячы на патрабаваньне пракуратуры іх арыштаваць і ўтрымліваць у сьледчым ізалятары, суд ухваліў рашэньне аб «начным хатнім арышце» — яны мусяць насіць электронны бранзалет і не пакідаць месца фактычнага пражываньня без дазволу сьледчага з 22.00 да 7.00.

Такое рашэньне суд патлумачыў тым, што беларусы ня ведалі аб крымінальным перасьледзе на радзіме і на момант выстаўленьня абвінавачаньняў Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь ужо жылі ва Ўкраіне.

Каго затрымалі

Адзін з затрыманых, ураджэнец Барысава, працаваў камэрцыйным дырэктарам ТАА «Ойл Энд Кемікалс», а другі, ураджэнец расейскага Растову-на-Доне, — кіраўніком аддзелу матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня ТАА «Укрнафтохімтрейд». Абедзьве кампаніі гандлююць ва Ўкраіне палівам і хімічнай прадукцыяй. Яны зарэгістраваныя ў Кіеве і маюць зьвязаных заснавальнікаў (так ва Ўкраіне называюць сытуацыю, калі адны і тыя самыя асобы выступаюць бэнэфіцыярамі розных кампаніяў).

Згодна з адкрытымі крыніцамі, сярод заснавальнікаў ТАА «Ойл Энд Кемікалс» ёсьць двое грамадзян Беларусі — Сяргей Талстоў і Ільля Шчарбінін (ён з 2018 году знаходзіцца ў базе вышуку ўпраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму).

Сярод заснавальнікаў ТАА «Укрнафтохімтрейд» — грамадзяне Беларусі Генадзь Шчарбінін (імаверна, бацька аднаго з заснавальнікаў ТАА «Ойл Энд Кемікалс», менавіта ён паходзіць з Барысава) і Ўладзімер Куранкоў, які жыве ў Заслаўі Менскай вобласьці.

Генадзя Шчарбініна з 2018 году таксама шукае ўпраўленьне ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму як асобу, якая хаваецца ад адбываньня пакараньня.

Празь дзень, 22 лістапада, таксама ў Адэсе арыштавалі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі Кірыла Шчарбініна. Ягонае імя таксама ёсьць сярод суўладальнікаў кампаніі ТАА «Укрнафтохімтрейд». Да 30 сьнежня ён будзе ў адэскай установе выкананьня пакараньняў № 21. Але арышт можа быць падоўжаны ў выпадку, калі беларускія праваахоўныя органы не прышлюць ва Ўкраіну запыт на ягоную выдачу.

Ягонае імя таксама сярод асобаў, якія хаваюцца ад сьледчых органаў і якіх шукае Віцебскае абласное УУС. Да пераезду ва Ўкраіну Кірыл Шчарбінін меў сваю кампанію ў Жодзіне — «ПетролСистем», створаную пры ўдзеле замежных інвэстараў. Але сёлета ў лютым кампанія спыніла дзейнасьць, бо была прызнаная банкрутам.

У чым абвінавачваюць

Затрыманых ва Ўкраіне беларусаў падазраюць у тым, што яны ў папярэдняй змове зь яшчэ трыма асобамі незаконна прысвоілі 207 тысяч эўра акцыянэрнага таварыства «Нафтан».

Гаворка пра падзеі 2016 году, калі была падпісаная дамова з замежнай кампаніяй ITP Benelli S.p.A. аб пастаўцы спэцыяльнага абсталяваньня на «Нафтан» вытворчасьці Brownswerk Heat Transfer spol. s.r.o. ды GEA Process Engineering S.p.A. У часе перамоваў бакі нібыта пагадзіліся зьменшыць кошт абсталяваньня, але гэтая дамоўленасьць не была адлюстраваная ў кантракце і завод аплаціў поўную цану. Розьніца была нібыта пералічаная на рахункі кампаніяў Mendeleev Group OU ды Petroleum Service OU і прысвоеная арганізатарамі апэрацыі.

СК Беларусі ў верасьні 2018 году выставіў абодвум абвінавачаньні паводле часткі 4 артыкулу 210 Крымінальнага кодэксу — крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў складзе арганізаванай злачыннай групы, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 20 гадоў са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасьцю.

У кастрычніку 2018 году была падпісаная пастанова аб затрыманьні абодвух абвінавачаных. Пазьней быў абвешчаны міжнародны вышук беларусаў. Ва Ўкраіне іх затрымалі 21 лістапада. У судовых рашэньнях прозьвішчы затрыманых не публікуюцца як канфідэнцыйная інфармацыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG